Веды і досвед на варце спадчыны

№ 20 (1407) 18.05.2019 - 25.05.2019 г

29 — 30 красавіка на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў прайшоў рэспубліканскі семінар “Ахова гісторыка-культурнай спадчыны ў Рэспубліцы Беларусь”, зладжаны Міністэрствам культуры краіны. У падзеі ўзялі ўдзел каля 100 кіраўнікоў і спецыялістаў упраўленняў культуры абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, а таксама ўстановаў культуры. Першы дзень семінара быў прысвечаны пытанням аховы нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў. На адкрыцці з прывітальным словам выступіў намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Сяргей Шарамецьеў. Ён звярнуў увагу на неабходнасць прыняцця рэгіянальнымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ўзважаных рашэнняў у галіне аховы культурнай спадчыны, а таксама на патрэбу ўважлівага стаўлення да далейшага лёсу, развіцця і выкарыстання аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны.

/i/content/pi/cult/745/16165/4.JPGЯк прымусіць закон працаваць?

Семінар распачаўся выступам начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем прыродаахоўнага і зямельнага заканадаўства Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Васілевіча. Ён звярнуў увагу ўдзельнікаў на цікавыя выпадкі з практыкі ажыццяўлення нагляду органамі пракуратуры за выкананнем заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Як яскравы прыклад збегу розных галін заканадаўства была згаданая нядаўняя сітуацыя вакол Вайсковых могілак у Мінску, калі па выніках суда арганізацыя, якая займалася ўпарадкаваннем могілак, была абавязаная выплаціць штраф за неналежнае абыходжанне з надмагіллямі. Таксама была згаданая сітуацыя ў Валожыне, дзе грамадзяне звярнуліся да органаў улады з прапановай адкрыць доступ да будынкаў палацавага-паркавага комплексу Тышкевічаў, у якіх размяшчаюцца сілавыя структуры — але атрымалі адмову. Як падкрэсліў дакладчык, кожная праблемная сітуацыя, у якой закранаюцца пытанні аховы гісторыка-культурнай спадчыны, павінна аналізавацца з улікам канкрэтных абставінаў і мэтазгоднасці меркаваных рашэнняў для захавання помнікаў.

Прадстаўнік пракуратуры заклікаў удзельнікаў семінара да наладжвання больш шчыльнага супрацоўніцтва з праваахоўнымі структурамі.

Выступ Дзмітрыя Васілевіча выклікаў дыскусію па пытаннях прымянення заканадаўства ў галіне аховы спадчыны і яго выканання. Удзельнікі семінара задаваліся пытаннем, як прымусіць закон працаваць і не дазволіць парушальнікам сыходзіць ад адказнасці. Асабліва гэта тычыцца “чорных капальнікаў” — часта органы ўнутраных спраў адмаўляюцца складаць пратаколы аб такіх парушэннях на падставе адсутнасці экспертызы выяўленых археалагічных артэфактаў. Змяніць сітуацыю можа толькі плённае супрацоўніцтва паміж органамі дзяржаўнага кіравання і нагляду.

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Хвір выказала меркаванне, што ў адпаведную частку Кодэкса аб культуры неабходна ўнесці змяненні, бо яна мае пэўныя недахопы ў параўнанні з Законам аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, які дзейнічаў да 2017 года. Напрыклад, Закон даваў Міністэрству культуры магчымасць рабіць прадпісанні аб прыпыненні дзейнасці, якую ўстановы праводзілі на аб’ектах са спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў з парушэннямі.

Раней такія прадпісанні выдаваліся, гэта дысцыплінавала адпаведныя ўстановы і яны больш пільна сачылі за выкананнем заканадаўства. Актыўна складаліся пратаколы аб парушэннях, што таксама мела свой вынік. Сёння з прычыны зменаў у заканадаўстве іх з’яўляецца ўсё менш, але гэта не азначае, што зменшыўся лік парушэнняў. Таксама ў Законе ішла гаворка аб тым, што мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы адказныя за кантроль над утрыманнем аб’ектаў гісторыка-культурнай каштоўнасці — а ў сучасным Кодэксе такая фармуліроўка адсутнічае.

Ізноў пра рэкламу

Затым Наталля Хвір закранула яшчэ адну немалаважную тэму: прынцыпы размяшчэння сродкаў рэкламы і нестацыянарных аб’ектаў на тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцяў і ў зонах іх аховы. Перадусім яна звярнула ўвагу на тое, што любая рэклама, якая знаходзіцца на тэрыторыі гістарычных цэнтраў гарадоў, патрабуе ўзгаднення з Міністэрствам культуры. Таксама недапушчальна размяшчаць рэкламу ў такім выглядзе і форме, якія закрываюць ці ўскладняюць агляд архітэктурных асаблівасцяў будынкаў, унесеных у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. З увагі на тыя самыя акалічнасці, пры выбары канструкцыі нестацыянарных аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання пажадана аддаваць перавагу лёгкім формам — кшталту асобных столікаў і парасонаў, а не сцен і навесаў, якія закрываюць агляд. На жаль, гэтыя патрабаванні часта ігнаруюцца нават на тэрыторыі гістарычных цэнтраў гарадоў, што і было прадэманстравана на многіх прыкладах.

Намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Лапаціна звярнула асаблівую ўвагу на тыя санкцыі, якія могуць прымяняцца да парушальнікаў заканадаўства ў гэтай галіне, і падкрэсліла, што адказнасць за парушэнні нясуць не арэндадаўцы-гаспадары, а тыя асобы ці арганізацыі, якія непасрэдна ажыццяўляюць дзейнасць на аб’ектах спадчыны.

Намеснік начальніка аддзела па арганізацыі навукова-праектнага і метадычнага забеспячэння Міністэрства культуры Святлана Краюшкіна ў сваім дакладзе распавяла аб парадку выканання рамонтна-рэстаўрацыйных i iншых работ на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны. Дакладчыца адзначыла, што часам гістарычную цікавасць уяўляюць нават знаходкі, зробленыя падчас звычайных капітальных рамонтаў. У якасці прыкладу было згаданае раскрыццё насценнага жывапісу на першых паверхах дамоў у Брэсце — захаваліся надпісы, што захоўваюць памяць аб крамах і ўстановах, якія знаходзіліся ў гэтых будынках у міжваенны перыяд. У выніку ў праект былі ўнесеныя змены, тыя надпісы цяпер адкрытыя для агляду і выклікаюць немалую зацікаўленасць у турыстаў.

Святлана Краюшкіна таксама адзначыла перспектыўнасць такога віду работ, як кансервацыя, і раіла спецыялістам звярнуць увагу на аб’екты ў сваіх мясцовасцях, якія патрабуюць неадкладных мер па іх захаванні. Аб прынцыпах ажыццяўлення работ на фасадах аб’ектаў гісторыка-культурнай каштоўнасці распавёў дырэктар навукова-праектнага цэнтра “Рэстабіліс” Вадзім Гліннік. Ён таксама падкрэсліў, што многія аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны вымагаюць першачарговых захадаў па кансервацыі, якія дазволяць ім ператрываць час да пачатку рэстаўрацыйных работ.

Археалогія для ўсіх ахвотных

Асвятляючы актуальныя пытанні аховы археалагічнай спадчыны, намеснік дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза звярнуў увагу на праблему чорнага капальніцтва і продажу гістарычных артэфактаў на інтэрнэт-аўкцыёнах. Прагучала заўвага, што змаганне супраць такіх інтэрнэт-сайтаў шляхам іх закрыцця малаэфектыўнае — гэта не вырашае праблему, а стварае новыя цяжкасці, бо парушальнкі ствараюць новыя старонкі, якія цяжэй адсачыць. Больш мэтазгодна не ліквідаваць падобныя рэсурсы, а старанна адсочваць на іх інфармацыю аб археалагічных артэфактах з мэтай прадухіліць парушэнні.

Як прыклад плённага супрацоўніцтва прафесіяналаў і валанцёраў-аматараў у галіне археалогіі Вадзім Лакіза згадаў працы на Жаберскім замку ў Драгічынскім раёне, у якіх разам з археолагамі Інстытута гісторыі НАН удзельнічалі дайверы з клуба “Марскі пегас”. Як адзначыў дакладчык, рэалізаваць сваю зацікаўленасць археалогіяй грамадзяне нашай краіны могуць не толькі атрымаўшы належную адукацыю і стаўшы прафесіяналам, але і ў якасці валанцёраў падчас раскопак. Прычым гэты цікавы занятак прываблівае не толькі дарослых, але нават і школьнікаў.

Кансультант аддзела арганізацыі аховы і ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцяў Міністэрства культуры Генадзь Ходар узняў у сваім дакладзе пытанні аб цяжкасцях лакалізацыі і ўліку аб’ектаў матэрыяльных нерухомых каштоўнасцяў у сувязі са змяненнем іх адрасоў. Асабліва гэта тычыцца помнікаў археалогіі, якія часцяком уяўляюць з сябе зарослыя пагоркі недзе пасярод лесу. Адзначалася патрэба пашпартызацыі такіх аб’ектаў з указаннем іх дакладных геаграфічных каардынат. Бо сёння, на жаль, у Дзяржспісе пазначаны толькі прыблізныя геаграфічныя каардынаты многіх такіх помнікаў — з прывязкай, напрыклад, да межаў бліжэйшых населеных пунктаў. А такія каардынаты страчваюць актуальнасць, скажам, у выпадку росту паселішчаў.

З вуснаў розных дакладчыкаў лейтматывам гучала думка, якую можна было б палічыць даволі банальнай — але, відаць, у нашых варунках яна ўсё яшчэ захоўвае сваю актуальнасць: можна паважаць чужую спадчыну і захапляцца ёю, але пры гэтым нельга забываць і пра сваю ўласную.

Няхай некаторым можа падавацца, што мы не маем столькі выбітных помнікаў, як іншыя краіны Еўропы, але наш абавязак — захаваць хаця б тое, што мы маем. У Беларусі, якая стагоддзямі страчвала сваю спадчыну, гэтая задача актуальная, як нідзе больш.