З палону штодзённасці — да святла і любові

№ 19 (1406) 11.05.2019 - 19.05.2019 г

На сцэне Белдзяржфілармоніі 26 красавіка Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы прадставіла сваю новую праграму “Вайна і мір”. У ёй прагучалі творы амаль невядомых у Беларусі кампазітараў, але праект унікальны не толькі з гэтай прычыны. Публіцы быў прапанаваны не проста канцэрт, а музычна-харэаграфічны спектакль-прытча з лейтматывам “Мір — сляпы, але вайна бачыць шмат”.

/i/content/pi/cult/744/16156/21.JPG“Вайна і мір” — аўтарскі праект галоўнага дырыжора капэлы Вольгі Янум пры ўдзеле тэатра танца “Альтана” і рэжысёра Алены Медзяковай. Дырыжор яшчэ падчас падрыхтоўкі праекта акцэнтавала ўвагу на тым, што гэта праграма ў новым жанры, дзе спалучаецца музыка, пластыка і тэатральная рэжысура.

Аматары харавой музыкі ўжо прызвычаіліся да таго, што хор на сцэне статычны, але “Вайна і мір” разбурае гэты “канон”. Артысты вымушаны ўвесь час рухацца, узаемадзейнічаць з танцорамі. Яны раскрываюць ідэю не толькі праз спевы, але і праз пластыку. Вольга Янум наўмысна хацела падарыць слухачу незвычайны вопыт, парушыўшы пэўныя стэрэатыпы пра харавую музыку. Па словах дырыжора капэлы, гэтая дзея — разважанне пра жыццёвыя перыпетыі чалавечага быцця і яго скіраванасць да святла і любові.

На тое, каб вырваць чалавека, які прыйшоў у глядзельную залу, з сучаснага інфармацыйнага шуму, што не дазваляе застацца сам-насам з уласнымі думкамі, працуе і музычная аснова праекта “Вайна і мір”. Праграма складаецца ў асноўным з твораў замежных аўтараў, пра якіх калі і чулі ў Беларусі, то хіба апантаныя аматары сучаснай музыкі: Эрык Эшэнвалдс, Пэтэрыс Васкс, Арва Пярт, Джон Тавенер, Кнут Нюстэд, Герберт Хаўэлс. Для Вольгі Янум было вельмі важна, каб капэла працавала менавіта з сучаснымі творамі. Амаль усе яны гучалі ў Беларусі ўпершыню.

Адбылася ў гэты вечар і сусветная прэм’ера — упершыню прагучаў твор Вольгі Падгайскай We Are Still Alive, напісаны спецыяльна для праекта “Вайна і мір”.

— Гэтае сачыненне па-майстэрску выкарыстоўвае ўсе сучасныя сродкі харавога пісьма, — распавяла Вольга Янум. — Вельмі глыбокая і страшная тэма Халакосту тут раскрываецца пры дапамозе разнастайных і незвычайных сугуччаў і рытмаў.

/i/content/pi/cult/744/16156/22.JPGДзякуючы нязвыклай для падобных канцэртаў форме, “Вайна і мір” узбуджае эмоцыі ў слухача, прымушае яго паразважаць не толькі над тымі тэмамі, што заяўлены ў назве, але і над вечнымі філасофскімі пытаннямі жыцця і смерці, дабра і зла. Хочацца верыць, што Вольга Янум і далей будзе развіваць капэлу, ствараць разам з ёй такія ж складаныя і эксперыментальныя праекты.

Цімур ВЫЧУЖАНІН