Каб пабачыць сонца

№ 19 (1406) 11.05.2019 - 19.05.2019 г

На мінулым тыдні ў ТЮГу адбылася прэм’ера спектакля “Я бачу сонца”. На беларускіх падмостках з’явілася грузінскае сяло, якое адчайна працуе для перамогі і чакае салдат з фронту. У галоўнага героя — падлетка Сасо — свая вайна: цяжкая праца ў полі, вучоба, дапамога цётцы Кето і аднакласніцы Хаціі, якая з усяго навакольнага свету бачыць толькі сонца. А калі бачыць сонца, дык мае надзею, што пасля вайны зрок можна вярнуць. Пра надзеі творчыя і грамадскія, пра магчымасць раскрыць сучасныя праблемы праз творы іншай эпохі аглядальнік “К” размаўляла з аўтарам інсцэніроўкі і рэжысёрам-пастаноўшчыкам спектакля, мастацкім кіраўніком Тбіліскага ТЮГа імя Надара Думбадзэ Дзімітрыем ХВЦІСІЯШВІЛІ.

/i/content/pi/cult/744/16154/19.JPG

— Мінская прэм’ера па аповесці грузінскага класіка Надара Думбадзэ стала вынікам супрацоўніцтва двух тэатраў. У рэпертуары Тбіліскага ТЮГа з сакавіка ідзе спектакль “Белая сарока” па Яну Баршчэўскаму, які паставіў беларускі рэжысёр Уладзімір Савіцкі.

— Сапраўды. Першапачаткова Уладзімір Савіцкі збіраўся прапанаваць монаспектакль, каб свае гісторыі дзецям распавядаў толькі шляхціц Завальня. Я параіў насыціць спектакль персанажамі, бо менталітэт грузінскага падлетка крыху адрозніваецца, і можа стацца так, што публіка не будзе слухаць адзінага на сцэне артыста. Уладзімір зрабіў інсцэніроўку на пяцярых акцёраў. Гледачу “Белая сарока” прыйшлася даспадобы: публіку прыцягвае нацыянальны каларыт і містычны сюжэт.

Калі я стаўлю недзе за мяжою, заўсёды імкнуся папулярызаваць грузінскую літаратуру. Для Мінска адразу прапанаваў твор Думбадзэ, бо я прадстаўляю тут тэатр ягонага імя. А так як прэм’ера планавалася напярэдадні святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, то выбралі твор, дзе ваенная тэма праяўляецца найбольш ярка.

— “Я бачу сонца” мае досыць багатую тэатральную біяграфію, існуе адпаведны фільм, аўдыёзапісы. У чым сакрэт папулярнасці?

— Так, першая версія інсцэніроўкі была створана самім Надарам Думбадзэ ў суаўтарстве з вялікім грузінскім рэжысёрам Гігам Лордкіпанідзэ ў 1962 годзе для тбіліскага тэатра імя Катэ Марджанішвілі і з таго часу шмат дзе ставілася. Гэты твор такі запатрабаваны, бо распавядае не толькі пра ваеннае ліхалецце. У ім шмат разваг пра агульначалавечыя каштоўнасці: каханне, шчырасць, клопат пра бліжняга.

Думбадзэ заўсёды імкнуўся раскрыць душэўную прыгажосць свайго героя. Мо таму ў яго кнігах часта сустракаюцца людзі, якіх сёння прынята называць асаблівымі. У “Я бачу сонца” гэта мясцовы блазан Бежана — своеасаблівая візітоўка сяла. Калісьці я задумваў спектакль па аповесці “Дзідро” — у ёй сюжэт закручваецца вакол вар’ята. А яшчэ існуе раман “Закон вечнасці”, у якім з’яўляецца звар’яцелая Марго. Ва ўсіх трох творах гэтыя персанажы — самыя светлыя асобы. На жаль, яны не вытрымліваюць сутыкнення з цынізмам свету і гінуць.

Мне не дае спакою гэтае супадзенне. Нават планую калі-небудзь зрабіць спектакль, у якім звяду іх разам — кожнага са сваёй гісторыяй. Мне падаецца, Думбадзэ надзвычай актуальны, бо праз яго кнігі можна гаварыць пра праблемы аўтызму, сіндрому Дауна і гэтак далей. Пісьменнік настойвае: асаблівыя людзі павінны быць інтэграванымі ў грамадства. І гэта сапраўды магчыма! У майго блізкага сябра нарадзілася дачка з сіндромам Дауна. Вы б ведалі, якая яна чароўная! Побач з такімі людзьмі і мы самі становімся лепшымі.

— Галоўная гераіня вашай мінскай прэм’еры таксама асаблівая. Па сюжэце Хація — невідучая.

— І яе любяць і паважаюць усе ў сяле! Сасо дапамагае ёй хадзіць у звычайную школу і нават настаўнікі не адразу разумеюць, што гэтая разумная дзяўчынка мае сур’ёзны фізічны недахоп. Думбадзэ распавядаў, што інваліды з’яўляюцца такімі ж членамі грамадства, як і ўсе іншыя. Перанясіце сітуацыю ў наш час — ці не пра гэта сёння гавораць у краінах СНД, Еўропе?

— У пастаноўках на ваенную тэматыку заўсёды ёсць небяспека шаблонна падзяліць усіх герояў на добрых і дрэнных.

— Ад такіх штампаў нас абараняе першакрыніца, бо ў Думбадзэ няма падзелу на “белых” і “чорных”. Пісьменнік прытрымліваецца думкі, што чалавечая існасць ад пачатку добрая, а вось жыццёвыя абставіны ці няверна абраныя арыенціры могуць гэта змяніць.

Сярод дзеючых асоб “Я бачу сонца” ёсць брыгадзір Даціко. У яго не было бацькоў, выключна сваімі сіламі ён дасягнуў пасады брыгадзіра саўгаса, займеў дом. Ён закахаўся ў жанчыну, у якой таксама шмат жыццёвых праблем: яе брата забілі ў 1937 годзе, нявестку выслалі на катаргу, а ёй даводзіцца расціць свайго пляменніка. Мужчына марыць стварыць сям’ю — і тут пачынаецца вайна. Чалавек раптам адчувае, што ўсё, дзеля чаго жыў 38 гадоў, у адзін дзень сарвецца, а ён сам стане проста гарматным мясам. Даціко па-чалавечы спужаўся памерці. Менавіта таму і зрабіў няправільны крок — дэзерціраваў.

/i/content/pi/cult/744/16154/18.JPG— Наколькі вам блізкая філасофія Думбадзэ?

— Для мяне таксама не існуе дрэнных людзей. Мне важна зразумець, чаму чалавек паступіў так, а не інакш. Нават за вядомага ўсім “Атэла” нельга брацца, пакуль рэжысёр не знойдзе для сябе тлумачэнне ўчынкаў Яга. Людзі — не шахматныя фігуры. У кожнага ёсць як светлы, так і цёмны бок. Куды важней зразумець, у які пераломны момант тая ці іншая чаша ўнутраных шаляў перавесіла, бо ў адных і тых жа абставінах хтосьці зможа пераадолець сваю слабасць, а іншы паддасца разбуральным эмоцыям. Няверны ўнутраны выбар прыводзіць Даціко да дрэнных учынкаў. Але гэта не значыць, што акцёр, якому дасталася гэтая роля, павінен граць дурнога чалавека. У артыста больш складаная задача: раскрыць логіку персанажа, каб паказаць шлях, які прыводзіць да краю прорвы.

— Яшчэ адзін штамп, якога вам удалося пазбегнуць — празмерны акцэнт на нацыянальнай тэматыцы. У сцэнічным і музычным афармленні спектакля яна пазначаецца хутчэй пункцірна.

— Мне важней заявіць праблематыку твора. Вось я ставіў у Тбілісі “Шчасце Ірынэ” — твор яшчэ аднаго грузінскага класіка Давіда Клдыяшвілі. Дамовіўся з мастаком, што дэкарацыя будзе абсалютна нейтральная, і толькі па нейкіх дэталях накшталт плота асаблівай канструкцыі, можна было здагадацца, што дзеянне адбываецца ў Імярэціі — рэгіёне Заходняй Грузіі. На першы план мне хацелася вывесці не візуальна пазнавальныя элементы, а актуальную сёння тэму сямейнага гвалту, калі мужчына адчувае сябе гаспадаром над жанчынай і дазваляе сабе біць яе, а грамадства не адважваецца хоць штосьці сказаць у абарону яго ахвяры.

Для “Я бачу сонца” мастак-пастаноўшчык Ломгул Мурусідзэ прапанаваў досыць умоўную сцэнаграфію. Ён размясціў на сцэне 17 пнёў, што сімвалізуюць перасечаныя вайной жыцці. Унутры, як свечкі, пастаўлены пражэктары. У некаторых мізансцэнах з пнёў паўстаюць слупы святла — бы ўздымаюцца душы загінулых. Дарэчы, дакладна вядома, што ў тым сяле, пра якое піша Думбадзэ, падчас вайны загінула 17 маладых хлопцаў.

У музычным афармленні толькі аднойчы з’яўляюцца грузінскія матывы — Бежана спявае народную песню. Акцёр вымаўляе грузінскі тэкст часцяком памылкова, аднак я не выпраўляю, бо не гэта важна. Галоўнае, каб гледачы задумаліся над пастаўленымі ў спектаклі пытаннямі.

— Вам было лёгка знайсці агульную мову з беларускімі акцёрамі?

— У мяне самыя высокія адзнакі для ацэнкі прафесіяналізму тутэйшых артыстаў. Кажу не толькі як рэжысёр, але і як
педагог. У мінскім спектаклі задзейнічаны ўсе пакаленні тэатра, таму дакладна магу сказаць, што тюгаўцы — шыкоўныя акцёры!

Складана было па іншай прычыне. Я вельмі люблю характарны тэкст Думбадзэ, і слухаць пра грузінскія пачуцці на іншай мове мне складана. А з творам “Я бачу сонца” ў мяне склаліся асаблівыя стасункі: менавіта гэтую п’есу я ўзяў да пастаноўкі, калі мяне прызначылі мастацкім кіраўніком у Тбіліскі ТЮГ. Тады мне было важна задзейнічаць у спектаклі ўсю трупу, таму рыхтавалі адразу два склады. Да мяне на рэпетыцыі штодня хадзіла 68 чалавек! Гэта было пяць гадоў таму, а не так даўно мы адыгралі ў Тбілісі ўжо 100-ты спектакль.

— Аднак размова ж не ідзе пра перанос грузінскай версіі на беларускія падмосткі?

— У Беларусі я выкарыстаў тую ж інсцэніроўку, але гэта нельга назваць копіяй папярэдняга спектакля. Да мінскага гледача выходзяць 17 персанажаў замест 34, для дадзенай пастаноўкі стваралася адмысловая музычная партытура, касцюмы рабіла ваша мастачка Дар’я Волкава. Дарэчы, ужо ідуць перамовы з Тбіліскім тэатральным фестывалем, каб паказаць мінскую версію “Я бачу сонца” ў межах міжнароднай праграмы. Фестываль існуе ў Грузіі тузін гадоў і ўжо займеў высокі статус. Туды прывозілі свае спектаклі ўсе зоркі сучаснага тэатральнага працэсу: Эймунтас Някрошус, Оскар Каршуновас, Рымас Тумінас, Роберт Стуруа і іншыя. Калі ў яго афішу трапіць наш спектакль — будзе сапраўды класна!

Ёсць толькі мае асабістыя хваляванні наконт таго, наколькі грузінская публіка адкрыта да ўспрыняцця тэксту Надара Думбадзэ па-руску. Таму мы паспрабуем увесці ў беларускі спектакль для фестывальнага паказу Сасо і Хацію з Тбіліскага ТЮГа. Яны будуць гаварыць па-грузінску, а мінскія акцёры адказваць па-свойму. Калі нам удасца зрабіць усё, як задумана, можна будзе працягнуць эксперымент і запрасіць ужо беларускіх акцёраў у аналагічны тбіліскі спектакль. На пераезды вынайсці тэатрам сродкі не такая ўжо і праблема. Некалькі білетаў для выканаўцаў — гэта ж не заказаць трэйлер для дэкарацый і распрацаваць лагістычную схему, як іх перавезці. А для акцёра вельмі карысна трапіць на некаторы час у чужы калектыў, дзе ўжо склаліся традыцыі, а навічку трэба даводзіць, што ён нешта з сябе ўяўляе. Тым больш, калі за плячыма адказнасць за сваю культуру — годна паказаць нацыянальныя здабыткі ў іншай краіне.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"