Уласны погляд на агульную гісторыю

№ 19 (1406) 11.05.2019 - 19.05.2019 г

У красавіку у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прайшла VI Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Вызваленне Беларусі. Памяць скрозь гады”, якую разам з музеем ладзілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і расійскі фонд “Гістарычная памяць”. “К” друкуе сціслы пераказ таго, што ўдалося абмеркаваць даследчыкам.

/i/content/pi/cult/744/16151/13.JPGКанферэнцыя была прымеркаваная да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў. Вітаючы яе ўдзельнікаў, намесніца дырэктара музея па навуковай рабоце Ганна Галінская перадусім адзначыла, што ў Беларусі акупанты з першых дзён вайны сутыкнуліся з супрацівам не толькі з боку арміі — супраць іх выступіў увесь народ, пачынаючы ад апалчэнцаў Магілёва ды Гомеля і іншых гарадоў. Мірнае насельніцтва змагалася супраць ворага не толькі са зброяй у руках, але і аказваючы дапамогу арміі. А ўжо пазней бесчалавечны акупацыйны рэжым і нацысцкая палітыка знішчэння ў дачыненні да жыхароў Беларусі выклікалі магутны супраціў і прывялі да ўзнікнення шматтысячнага партызанскага руху, які зрабіў вялікі ўнёсак у справу перамогі над захопнікамі.

госці запрашаюць да супрацоўніцтва

Прадстаўнік расійскага Федэральнага агенцтва па справах Садружнасці Незалежных Дзяржаў, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве (“Россотрудничество”) Леанід Макураў у сваім прывітальным слове падкрэсліў, што падчас Вялікай Айчыннай народы савецкіх рэспублік адстаялі сваю незалежнасць у “мясарубцы, у якой зламаліся амаль усе краіны Еўропы”. Ён згадаў, што памяць аб вайне на постсавецкай прасторы застаецца надзвычай актуальнай — не ў апошнюю чаргу таму, што тыя падзеі так ці іначай закранулі амаль кожную сям’ю.

Леанід Макураў выказаў меркаванне, што ў Вялікай Айчыннай вайне перамаглі не Расія ці Беларусь, а шматнацыянальны савецкі народ, які ў той час складаўся з прадстаўнікоў сённяшніх суверэнных дзяржаў. Ён таксама адзначыў, што трэба змагацца супраць спробаў перапісвання гісторыі, і нагадаў пра рашэнні ў кірунку супрацоўніцтва ў справе ўшанавання ахвяр і герояў вайны, прынятыя нядаўна ў Маскве падчас сумеснага пасяджэння калегій міністэрстваў культуры
Расіі і Беларусі.

Выканаўчы сакратар расійска-беларускай асацыяцыі гісторыкаў “Саюзная ініцыятыва памяці і згоды” Дзмітрый Суржык прадставіў увазе аўдыторыі першы нумар часопіса “Белорусское историческое обозрение”. Другі яго нумар, які мае выйсці ў чэрвені, будзе прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення Беларусі. Дзмітрый Суржык заклікаў гісторыкаў да супрацоўніцтва з выданнем і наогул да ўсталявання трывалых сувязяў для далейшых супольных даследаванняў гісторыі Беларусі і Расіі.

Дырэктар расійскага фонду “Гістарычная памяць” і адзін з арганізатараў канферэнцыі Аляксандр Дзюкаў звярнуў увагу, што погляды на падзеі вызвалення Беларусі ў 1944 годзе з расійскага і беларускага пункту гледжання істотна адрозніваюцца. З пункту гледжання расійскіх гісторыкаў вызваленне Беларусі бачыцца толькі адным з этапаў вайны і крокаў да поўнага вызвалення Усходняй Еўропы, у той час як беларусы ацэньваюць падзеі лета 1944 года як больш істотную з’яву — як пазбаўленне ад бесчалавечнага рэжыму акупацыі, які ставіў сваёй задачай знішчэнне народа. Аляксандр Дзюкаў выказаў шкадаванне, што ў Расіі мала згадваюць пра тую велізарную цану, якую давялося заплаціць беларусам за перамогу ў вайне.

/i/content/pi/cult/744/16151/14.JPGЗа два гады да “Баграціёна”

Падчас пленарнага пасяджэння прагучалі даклады беларускіх гісторыкаў, якія падкрэслілі і развілі выказаную Аляксандрам Дзюкавым думку аб тым, што беларускі погляд на падзеі вайны і вызвалення мае сваю спецыфіку ў параўнанні з расійскім.

Загадчык аддзела вайсковай гісторыі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Аляксей Літвін выступіў з дакладам, прысвечаным узаемадзеянню партызан Беларусі з Чырвонай арміяй падчас аперацыі “Баграціён”. Перадусім ён звярнуў увагу на паняткавы апарат, то бок, на тэрміналогію, якую ўжываюць гісторыкі, гаворачы пра падзеі лета 1944 года. Навуковец прапанаваў выкарыстоўваць у дачыненні да гэтага перыяду больш дакладны тэрмін “поўнае вызваленне тэрыторыі Беларусі”, каб падкрэсліць, што асобныя — і даволі вялікія — тэрыторыі БССР былі вызваленыя ад захопнікаў сіламі партызан яшчэ ў 1942 годзе, і нацысцкі акупацыйны рэжым там больш ніколі не аднавіўся. Так, за два гады да аперацыі “Баграціён” былі ачышчаныя ад гітлераўцаў 14 сельсаветаў Віцебскай вобласці, а пазней — раённыя цэнтры Клічаў і Бягомль. Ствараліся іншыя партызанскія зоны, свабодныя ад захопнікаў.

У падмацаванне такога меркавання Аляксей Літвін прыгадаў словы свайго ўніверсітэцкага выкладчыка, доктара філасофскіх навук і былога партызана брыгады Заслонава Мікалая Крукоўскага: “Мяне ніхто не вызваляў — я ваяваў, я ні дня не быў у палоне, я заўжды быў са зброяй у руках”. Дакладчык адзначыў, што падчас аперацыі “Баграціён” узаемадзеянне паміж партызанамі і арміяй было ўсталяванае на такім высокім узроўні, які не быў дасягнуты падчас ніводнай вайсковай кампаніі на іншых франтах. Прычым партызаны вызвалілі многія мястэчкі і стратэгічна важныя транспартныя вузлы яшчэ да падыходу частак Чырвонай арміі. Падводзячы вынікі, Аляксей Літвін заявіў аб неабходнасці стварэння грунтоўнай навуковай працы аб узаемадзеянні партызанскага руху з Чырвонай арміяй.

/i/content/pi/cult/744/16151/15.jpgЗагадчык кафедры гісторыі Беларусі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аляксандра Пушкіна прафесар Уладзімір Здановіч падчас свайго даклада, прысвечанага агляду гістарыяграфіі па тэме акупацыйнага рэжыму, звярнуў увагу на тое, што доўгі час у айчыннай гістарыяграфіі падкрэсліваўся толькі гераізм воінаў і партызан, а трагічным старонкам выжывання пад акупацыяй надавалася значна менш увагі. На сучасным этапе развіцця беларускай гістарычнай навукі гэтая сітуацыя выпраўляецца: увага даследчыкаў усё часцей засяроджваецца на праблемах гісторыі акупацыі, штодзённасці на акупаваных тэрыторыях, структуры нямецкай адміністрацыі — акурат такой тэматыцы прысвечаная большасць дысертацый, датычных гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, абароненых у незалежнай Беларусі.

Зразумела, даследаванне трагедыі мірнага насельніцтва пад акупацыяй не адмаўляе гераізму тых, хто змагаўся са зброяй у руках — наадварот, яго толькі падкрэслівае і дазваляе стварыць больш поўнае ўяўленне аб гісторыі вайны ў Беларусі.

Уладзімір Здановіч звярнуў таксама ўвагу на тое, што ўсё большую зацікаўленасць у даследчыкаў выклікае тэма калабарацыі, якая ў савецкі перыяд не магла быць даследаванай у поўнай меры з-за абмежаванага доступу да крыніц і ідэалагічных установак, якія дыктавалі выразна негатыўнае стаўленне да гэтай з’явы. Дакладчык адзначыў, што сёння варта размяжоўваць добраахвотную і вымушаную калабарацыю — то бок, усведамляць розніцу паміж супрацоўніцтвам з ворагам па сваёй волі (у сферы палітыкі, ідэалогіі, ва ўзброеных фарміраваннях і гэтак далей) — і вымушанай працай пад нямецкім кантролем (напрыклад — у сферы адукацыі, сацыяльнага забеспячэння і гэтак далей).

Адзначыўшы поспехі айчыннай навукі ў даследаванні гісторыі акупацыі і публікацыі крыніц па гэтай тэме, Уладзімір Здановіч падкрэсліў, што сёння перад беларускімі гісторыкамі стаіць задача стварыць таксама грунтоўную працу і па акупацыйным рэжыме, акрэсліўшы асаблівасці яго палітыкі ў розных адміністрацыйных адзінках, якія былі створаны нацыстамі на тэрыторыі Беларусі. Варта надаць увагу таксама асвятленню ідэалагічнага супрацьстаяння розных бакоў канфлікту падчас акупацыі

Загадчык аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Міхаіл Скамарошчанка выступіў з дакладам, у якім прадставіў канцэпцыю стварэння і напаўнення віртуальнай энцыклапедыі “Партызаны Беларусі”, якая дазволіць стварыць уяўленне аб асабовым складзе партызанскіх фарміраванняў, што дзейнічалі на акупаванай тэрыторыі БССР. Акрамя базы звестак аб партызанах, віртуальная энцыклапедыя мусіць змяшчаць копіі дакументаў па гэтай тэме.

Памятаць усіх, хто змагаўся поплеч

На секцыях канферэнцыі выступілі яшчэ каля трох дзясяткаў даследчыкаў з Беларусі і Расіі. Многія даклады раскрывалі тэмы лакальнай гісторыі перыяду акупацыі, розныя аспекты акупацыйнага рэжыму, гісторыю пасляваеннага аднаўлення і пераадолення наступстваў акупацыі, а таксама праблемы мемарыялізацыі і захавання памяці аб героях і ахвярах вайны. Шэраг прадстаўленых дакладаў быў прысвечаны баявым дзеянням розных родаў войск падчас аперацыі “Баграціён”, удзелу прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў у барацьбе супраць нацызму, ролі спецслужб ваюючых бакоў у супрацьстаянні на тэрыторыі Беларусі, удзелу медыкаў у ваенных дзеяннях і гэтак далей.

Сярод асноўных тэм, якія былі ўзнятыя на канферэнцыі, можна назваць спецыфіку вайсковай аперацыі па вызваленні Беларусі, якая заключалася ў актыўным узаемадзеянні Чырвонай арміі з партызанскім рухам, які набыў у Беларусі надзвычайны маштаб. Лейтматывам таксама гучала думка аб важнасці ўласнага беларускага погляду на падзеі вайны і акупацыі, а таксама падкрэслівалася і неабходнасць захавання памяці аб міжнацыянальным характары антыгітлераўскага супраціўлення ў Беларусі. Была адзначаная і асаблівая важнасць высвятлення імён тых, хто загінуў альбо прапаў без звестак на вайне, вызначэння месцаў іх пахавання. Працягваць гэтую працу давядзецца і наступным пакаленням.