У цэнтры — флейта

№ 19 (1406) 11.05.2019 - 19.05.2019 г

У панядзелак у Мінску адкрыецца Флейтавы цэнтр. А літаральна тыднем пазней, 23 — 26 мая, пройдзе ўжо другі фестываль “Беларускія флейтавыя дні”.

— Гэтая ідэя лунала ў паветры, — расказала кіраўнік установы, знаны майстра па рамонце інструментаў Святлана Піліпенка. — Падобныя цэнтры ёсць ці не ў кожнай еўрапейскай краіне, ці не ў кожным буйным горадзе. Іх галоўная мэта — з’яднаць намаганні як прафесійных музыкантаў, так і аматараў. У Цэнтры плануюцца самыя разнастайныя формы работы: правядзенне майстар-класаў, камерных канцэртаў, майстэрня па рамонце інструментаў, нарэшце, шоу-рум, дзе можна будзе пазнаёміцца з інструментамі розных канструкцый, апрабаваць іх, каб канчаткова вызначыцца з выбарам. Галоўнае — гэта будзе цэнтр для стасункаў між усімі прыхільнікамі флейтавага мастацтва. І не толькі!

Свет музыкі неабсяжны і кожны зможа там знайсці штосьці для сябе цікавае, пашырыць далягляд, кола зносін. Для Цэнтра абрана вельмі ўдалае месцазнаходжанне — непадалёк ад Ратушы, на вуліцы Кірылы і Мяфодзія. Атрымліваецца, побач знаходзяцца і Вялікі тэатр, і цэнтральны корпус Акадэміі музыкі, і Рэспубліканская гімназія-каледж пры ёй, і Беларускі саюз кампазітараў. Цэнтр пачне працаваць акурат у дні фестывалю, у праграме якога прадугледжаны шэраг канцэртаў на розных пляцоўках, пачынаючы з філарманічнай, і майстар-класаў. Фестываль прысвечаны 225-годдзю нямецкага майстра, флейтыста, кампазітара Тэабальда Бёма. Таму сапраўднай падзеяй стане тое, што да нас завітае яго прамы нашчадак — лінгвіст і гісторык Людвіг Бём, які жыве ў Германіі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"