Высокі бал па прадмеце “Творчасць”

№ 33 (851) 16.08.2008 - 22.08.2008 г

У жнівеньскую спёку ў міністэрскіх кабінетах, нагрэтых бязлітасным сонцам, не ратуюць нават вентылятары. І справа не толькі ў надвор’і. Не менш гарачыя і пытанні, аналізам, абагульненнем і вырашэннем якіх штодня заняты супрацоўнікі Міністэрства. Ім і слова.

Студэнтамі сталі не ўсе...
Начальнік упраўлення навучальных устаноў і кадраў Наталля ШМАКАВА:
— Сёлетняя ўступная кампанія ў ВНУ галіны культуры не надта адрознівалася ад леташняй, хоць конкурсная сітуацыя была больш спакойнай. На дзённае аддзяленне прыняты 691 (бюджэтнікі) і 384 (платнікі) чалавекі.
Летась было 687 і 337 чалавек адпаведна. Завочнікамі сталі 424 бюджэтнікі і 445 платнікаў (298 і 337 чалавек — у 2007 годзе). Агульны конкурс склаў 2,4 чалавека на месца (летась — 2,5).
 /i/content/pi/cult/171/1614/Ministerstva1.jpg
Самы высокі конкурс (3,7 чалавека на месца) — у Акадэміі мастацтваў (летась — 5,1). У Белдзяржуніверсітэце культуры і мастацтваў гэты паказчык склаў 2,5 чалавека на месца, у Акадэміі музыкі — 1,5.
У Акадэміі мастацтваў самыя запатрабаваныя спецыяльнасці — акцёрскае майстэрства тэатра і кіно, дызайн інтэр’ераў, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, дызайн віртуальнага асяроддзя, рэжысура кіно і тэлебачання; у БДУКіМ — менеджмент сацыяльнай і культурнай сферы, менеджмент міжнародных культурных сувязей, інструментальная духавая музыка, эстрадныя спевы, камп’ютэрная музыка; у Акадэміі музыкі — спевы, домра, фартэпіяна, кларнет, саксафон, валторна, туба, ударныя інструменты.
Як вядома, сёлета Акадэмія мастацтваў адкрыла новыя спецыялізацыі: на тэатральным факультэце — рэжысура кіно і тэлебачання (анімацыя), на мастацкім — манументальна-дэкаратыўнае мастацтва (рэстаўрацыя), манументальна-дэкаратыўнае мастацтва (роспіс); у БДУ-КіМ — рэстаўрацыя вырабаў, народныя спевы, народная інструментальная музыка, народныя духавыя інструменты, акадэмічная харавая музыка, музеезнаўства, бібліятэказнаўства і бібліяграфія; у Акадэміі музыкі — фагот, трамбон, балалайка, кантрабас, кампазіцыя.
Ва ўсіх ВНУ абітурыенты, што здалі ўступныя іспыты, але не прайшлі па конкурсе на дзённую і завочную формы навучання за кошт сродкаў бюджэту, залічваліся ў якасці платнікаў. Але былі выпадкі, калі ў ВНУ культуры не трапілі таленавітыя абітурыенты: хоць яны і атрымалі па творчым экзамене максімальна высокія балы, ды не дасягнулі прахаднога ўзроўню з-за вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання. З гэтай нагоды старшыні камісій па кантролі прапанавалі дапоўніць правілы прыёму ў ВНУ нормай, згодна з якой перавагу пры паступленні ва ўстановы культуры мелі б тыя абітурыенты, якія атрымалі больш высокі бал па прадмеце “Творчасць”. 

Адно з пытанняў калегіі
Начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Васіль ЧЭРНІК:
— 27 жніўня адбудзецца пасяджэнне чарговай калегіі Міністэрства культуры. Адно з пытанняў, што выносіцца на парадак дня, — “Аб выкананні рашэння калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 23 жніўня 2007 года”, калі мы аналізавалі дзейнасць упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама па выкананні Закона Рэспублікі Беларусь аб бібліятэчнай справе. На той калегіі было вырашана праз год зноў вярнуцца да названага пытання. Мы павінны адсачыць, як выконвалася леташняе рашэнне калегіі, ці ёсць станоўчыя вынікі, ці засталіся праблемы. На пасяджэнне запрашаем начальнікаў упраўленняў культуры аблвыканкамаў і Мінскага
 /i/content/pi/cult/171/1614/Ministerstva2.jpg
гарвыканкама, якім таксама даваліся даручэнні ў адпаведнасці з рашэннем леташняй калегіі.
Зазначу, што станоўчага па рэспубліцы шмат. Па камплектаванні кніжных фондаў, напрыклад. Сёлета паступленні новых выданняў значна пераважаюць над спісаннем літаратуры. Але і пытанняў хапае. Першае — камп’ютэрызацыя бібліятэк, далучэнне іх да Інтэрнета. Другое — стварэнне публічных цэнтраў прававой інфармацыі, не “папяровых”, а рэальных, дзейсных і эфектыўных, каб любы чытач мог атрымаць ад бібліятэкара поўную інфармацыю пра нарматыўныя прававыя дакументы, у тым ліку і ў сферы беларускай культуры, адукацыі, навукі... Трэцяе — кадры ды іх падрыхтоўка. Пасля сёлетняга размеркавання маладых спецыялістаў-бібліятэкараў мы павінны вызначыць, ці ёсць у бібліятэках рэспублікі вакансіі, і на наступны год ліквідаваць кадравы недахоп. Чацвёртае — заработная плата бібліятэчных работнікаў, якая — адна з самых нізкіх у нашай сферы.
Будзе, неаспрэчна, прааналізаваны і ход выканання планаў па прадастаўленні бібліятэкамі платных паслуг. Тут ёсць істотныя зрухі. Да прыкладу, толькі па Гродзеншчыне за паўгоддзе атрымана з гэтай крыніцы амаль 250 мільёнаў рублёў. 

Работы вядуцца без парушэння графіка
Начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Віктар РЫМАШЭЎСКІ:
— Згодна з планам вядзецца ўвод у эксплуатацыю опернага тэатра. Ідзе мантаж тэхналагічнага абсталявання, працягваецца афармленне інтэр’ераў. Маю на ўвазе гранітную абліцоўку, ляпніну, пазалоту глядзельнай залы. Дарэчы, крэслы для яе пастаўляюць Пружаны.Рыхтуемся да здачы пускавога аб’екта па Мірскім замку. Ён уключае падземны ўзровень, гасцінічны комплекс, добраўпарадкаванне, сеткі камунікацый... Натуральна, не спыняюцца рамонтна-будаўнічыя работы на палацава-паркавым ансамблі ў Нясвіжы. 

Каб раслі заробкі
Начальнік эканамічнага ўпраўлення Вольга КАНАНЮК:
Эканамічнае ўпраўленне займаецца аналізам і ўнясеннем прапаноў па заработнай плаце ў 2008 годзе. Плануецца павелічэнне ў кастрычніку стаўкі першага разраду для бюджэтных арганізацый. Гэта папярэдняя інфармацыя міністэрстваў працы і фінансаў. Акрамя гэтага пераглядаем парадак фінансавання тэатральна-відовішчных арганізацый. Адпаведныя прапановы ў Міністэрства фінансаў сёння рыхтуюцца.
Вялікая работа ажыццяўляецца і па падрыхтоўцы фінансавання праекта бюджэту на 2009 год, бо сёння нашы заяўкі, перададзеныя ў Міністэрства фінансаў, не задаволены на сто працэнтаў, і мы працягваем кантакты для павелічэння абёму фінансавання на наступны год...Уся бягучая дзейнасць упраўлення звязана з эканамічнымі пытаннямі музеяў, тэатраў і навучальных устаноў Міністэрства культуры краіны.
Шмат пытанняў вырашаецца па тэатры оперы і балета. У сувязі з тым, што ў наступным годзе плануецца ўвод новага рэканструяванага будынка, а оперны і балетны калектывы стануць адзінай юрыдычнай асобай, трэба рыхтаваць новы штатны расклад і ўлічыць усе прапановы па павелічэнні заработнай платы... 

Хутка — у Афрыку
Начальнік аддзела міжнародных сувязей Міхаіл КАЖУРА:
— Рыхтуемся да правядзення Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Мяркуецца, што ў мерапрыемствах будзе браць удзел трупа артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь.
Выступленні плануюцца ў горадзе Прэторыя. Разглядаем дадзеную акцыю як адказ на ўдзел творчай дэлегацыі ПАР у XVII Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, візіт міністра мастацтваў і культуры Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі Пало Джордана і як вынік дамоўленасці, дасягнутай у ходзе перамоў беларускага і паўднёва-афрыканскага міністраў культуры ў Мінску.
 

Міністэрскія кабінеты наведаў Яўген РАГІН
Фота аўтара