Унутраная сіла піяніста

№ 18 (1405) 04.05.2019 - 10.05.2019 г

У Мінску выступіў народны артыст Расійскай Федэрацыі Дзяніс Мацуеў. Яркі прадстаўнік легендарнай рускай фартэпіяннай школы, якая вылучаецца глыбінёй мастацкіх інтэрпрэтацый і багаццем эмацыйнай палітры. Яго выканальніцкая манера ўражвае не толькі абсалютнай тэхнічнай свабодай, але найперш тым, як гэтая тэхніка і бездакорнае валоданне фартэпіяна накіроўваюцца на раскрыццё зместу музычных твораў.

/i/content/pi/cult/743/16133/681481-S.jpgДзівіць унутраная сіла артыста, які здатны ўтрымліваць увагу публікі з самага пачатку канцэрта і да фінальных акордаў. І дзякуючы гэтай харызме Мацуеву ўдаецца выклікаць цікавасць да фартэпіяннай музыкі нават сярод тых людзей, якіх не назавеш аматарамі класікі. Многія прыходзяць найперш на самога Мацуева — незалежна ад таго, якія творы ён выконвае ў канцэрце.

Хаця працуючы над кожным з іх, ён даследуе гісторыю яго стварэння і кампазітарскай ідэі, а затым бліскуча перадае ўсё гэта ў сваёй ігры. Колькі драматызму, адчаю і, у той жа час, жадання жыць мы чуем у яго інтэрпрэтацыі Санаты № 17 Людвіга ван Бетховена! Там лунае вобраз каханай кампазітара Джульеты Гвічардзі, раскрываюцца драматычныя падзеі яго асабістага жыцця, усведамленне невылечнасці глухаты. Выканаўца здолеў усё гэта раскрыць, напаўняючы санату гранічным напружаннем эмоцый.

Ёсць нешта сімвалічнае ў тым, што першае аддзяленне завяршылі “Варыяцыі на тэму Карэлі” Сяргея Рахманінава, напісаныя кампазітарам у 1931 годзе, хутчэй за ўсё, на віле Сенар. Бо менавіта Мацуеў як арт-дырэктар фонду імя Сяргея Рахманінава зрабіў усё магчымае і немагчымае, каб гэтая віла ў Швейцарыi, пасля смерці ўнука і правапераемніка Аляксандра Рахманінава перайшла ва ўласнасць Расіі. І не віна піяніста, што тая здзелка сарвалася.

Тое, як Мацуеў iграе музыку Рахманінава, захапляе нават дасведчаных крытыкаў. Вось словы знакамітага музыказнаўцы Нормана Лебрехта: “Дзяніс — першы выканаўца, хто здолеў максімальна наблізіцца да задумы кампазітара”.

Вытанчана прагучала ў пачатку другога аддзялення канцэрта Балада № 4 Фрэдэрыка Шапэна. Піяніст дакладна адчувае і перадае пяшчотную паэзію прыроды, водгукі лесу, вады, пастаральныя вобразы. Ён ювелірна і лёгка выконвае празрыстыя пасажы. Але светлая, напоеная жыццёвай сілай і лірычным цяплом музыка завяршаецца сапраўднай лавінай змрочнага пасляслоўя, поўнага пакуты і трагізму, звязанага з
паўстаннем 1830 года. Такое поўнае кантрасту і найтанчэйшых нюансаў выкананне Балады папраўдзе ўзрушвае публіку.

Мацуеў нездарма ўключыў у праграму канцэрта “Разважанне” Пятра Чайкоўскага. У 1998 годзе, навучаючыся на апошнім курсе Маскоўскай кансерваторыі, ён выйграў XI міжнародны конкурс імя праслаўленага кампазітара — што паклала пачатак яго папулярнасці. Гэтую перамогу Дзяніс лічыць самым значным дасягненнем у жыцці.

Кульмінацыяй канцэрта стала Сёмая саната Сяргея Пракоф’ева — грандыёзнае палатно, у якім адбіліся веліч і трагедыя першых гадоў Вялікай Айчыннай вайны. Піяністычная фактура першай часткі твора набывае ў Мацуева магутнае аркестрава-сімфанічнае гучанне. У другой, павольнай частцы ён “прапявае” гукі вольна і прыгожа. У трэцяй, такатнай, — велізарны напор і магутная энергія.

Выканаўца цягам аднаго канцэрта праявіў сваю разнастайнасць — і ўзрушвальную пераканаўчасць. А выходзячы на біс, ён прадэманстраваў і майстэрскае выкананне мініяцюр. Было прыкметна, што не толькі публіка, але і сам артыст атрымлівае задавальненне ад ігры.

А ўпрыгожылі вечара 150 музычна адораных дзяцей з усёй Беларусі, якія па ініцыятыве Дзяніса Мацуева і арганізатара канцэрта Максіма Берына былі запрошаны бясплатна яго наведаць. Думаецца, гэтая падзея запомніцца ім на ўсё жыццё.

Немагчыма не пагадзіцца са словамі Берына: класічная музыка ўзбагачае і аб’ядноўвае людзей, робіць іх шчаслівымі. А чалавек, які хоць раз чуў яе ў добрым выкананні, захоча слухаць зноў і зноў. Удзячная арганізатару канцэрта за такую магчымасць! І з нецярпеннем чакаю новых канцэртаў Дзяніса Мацуева ў Мінску.

Элеанора СКУРАТАВА