Гульні ў бібліятэцы

№ 18 (1405) 04.05.2019 - 10.05.2019 г

30 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы краіны прайшла прэзентацыя выставачнага праекта “Беларусь спартыўная”, прымеркаванага да II Еўрапейскіх гульняў, што адбудуцца ў Мінску 21 — 30 чэрвеня.

/i/content/pi/cult/743/16125/pages-2-3-copy-555-S.jpgЯк падкрэсліў у сваім вітальным слове дырэктар галоўнай “кніжніцы” краіны Раман Матульскі, Нацыяналка — гэта адзін з найбольш вядомых турыстычных цэнтраў краіны, што рыхтуецца прыняць замежных гасцей, якія прыедуць на міжнародныя спаборніцтвы. Над праектам “Беларусь спартыўная” супрацоўнікі бібліятэкі працавалі каля года. Экспазіцыя сабраная з некалькіх крыніц — музеяў Нацыянальнага алімпійскага камітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізкультуры, прыватных калекцый, фондаў бібліятэкі.

— Нашай галоўнай задачай было прадставіць дасягненні беларускіх спартсменаў праз розныя экспанаты, — адзначыў Раман Матульскі. — Мы паспрабавалі стварыць у бібліятэцы такую атмасферу напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў, каб кожны наведвальнік адчуваў дух спорту.

Падчас прэзентацыі з прывітальным словам да прысутных таксама звярнуліся дырэктар фонду “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў”, генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь Георгій Катулін, першы намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Дурноў, першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Сяргей Шаўрук, а таксама майстар спорту па каратэ, васьміразовы чэмпіён Рэспублікі Беларусь, прызёр маладзёжных спаборніцтваў свету і Еўропы, адзін з лідараў нацыянальнай каманды Андрэй Грыневіч.

/i/content/pi/cult/743/16125/pages-2-3-copy-44-S.jpgВыставачны праект размясціўся на другім паверсе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і прадставіў наведвальнікам сувеніры са спартыўнай сімволікай усесаюзных і рэспубліканскіх спаборніцтваў, савецкіх спартакіяд, чэмпіянатаў свету і Еўропы, кубкі, медалі, дыпломы, экіпіроўку такіх вядомых беларускіх спартсменаў як Аляксандра Герасіменя, Віктар Угрумаў, Наталля Цылінская ды многіх іншых.

Рэтраспектыўная фотавыстава “Дадатковы час”, што таксама з’яўляецца часткай праекта, дае магчымасць кожнаму пабачыць рэдкія і малавядомыя фотаздымкі беларускіх спартсменаў. Здымкі дапаўняюць карціны беларускіх мастакоў і спартыўныя плакаты з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі. А персанальная фотавыстава Віктара Суглобы знаёміць гасцей Нацыяналкі са здымкамі майстра, аб’яднанымі тэмай беларускага спорту.

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"