“Дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць”

№ 17 (1404) 27.04.2019 - 04.05.2019 г

Веснавы перыяд у традыцыйнай культуры беларусаў звязаны з услаўленнем сонечнага свяціла, ад якога залежаў будучы ўраджай і ў выніку само жыццё чалавека. Сонца — галоўнае боства многіх народаў Зямлі, а на нашых землях яго шанаванне вядомае яшчэ з перыяду неаліту. Сучасная дамавая разьба Гомельшчыны ды і іншых рэгіёнаў Беларусі дагэтуль утрымлівае салярныя знакі, а таксама знакі маланкі або перуновых стрэл, якія служылі абярэгамі. Багата сонечных знакаў у арнаментах тканых вырабаў, карунках і вышыўцы. Некалі такія сімвалы складалі аснову светаўяўлення чалавека, якое адлюстроўвалася ў абрадах. Найбольш — у веснавой карагоднай традыцыі.

/i/content/pi/cult/742/16122/26.JPGУ памяць пра тура

За словам “карагод” замацаваўся дзеяслоў “вадзіць”. Адбылося гэта, пэўна, ужо тады, калі забылася яго паходжанне — бо яно само змяшчае ў сабе гэты дзеяслоў. Абрад у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна, які называецца “Карагод” і адбываецца 6 мая, выразна выяўляе этымалогію гэтага слова. Яно складаецца з дзвюх асноў: “карв” (бык) і “вадзіць” (адзін з дыялектных варыянтаў так і гучыць — “каравод”).

Прычым тут бык? Справа ў тым, што жыхары Тураўшчыны некалі асабліва шанавалі тура — ён фігуруе ў многіх народных паданнях. Дарэчы, ад гэтай жывёлы — праўда, ужо прыручанай — паходзяць усе еўрапейскія каровы.

Хутчэй за ўсё, менавіта прыручанага тура ўрачыста выводзілі на Юр’я падчас першага выгану кароў. А самі рагулькі станавіліся ўдзельніцамі розных абярэгавых дзеянняў: іх выганялі з хлява асвечанай вербачкай праз яйка на парозе або цэп з замком, клалі на парог ніты ад кроснаў і іншыя рэчы, кармілі хрэшчыкам (выпечаным на Серадапосце печывам у выглядзе крыжа), прамаўлялі малітвы і замовы.

Культ тура быў замацаваны на Тураўшчыне і ў “рагатых” галаўных уборах жанчын (іх апісала мастацтвазнаўца Марыя Віннікава), і ў аздабленні абрадавага абшчыннага хлеба, з якім некалі жыхары гэтай
мясцовасці выходзілі ў поле, дзе пасеяныя азімае жыта ці пшаніца, і вадзілі там карагоды. А па вяртанні абыходзілі ўсё сваё сяло і каля кожнага падворка ладзілі кругавыя карагоды — бо “дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць”.

Абрадавы бохан хлеба ўпрыгожваецца ў Пагосце трыма галінкамі пладовага дрэва, якое расцвіло ў гэтую пару, і кожная мае па тры адгалінаванні (ралцэ), усяго іх дзевяць. Яны сімвалізуюць дзевяць месяцаў цельнасці каровы і цяжарнасці жанчыны.

Карагод водзяць для ўраджаю ў полі, плоднасці свойскай жывёлы і чалавека. Раней дзяўчаты, якія дасягнулі палавой спеласці, далучаліся ў гэты дзень да жаночай супольнасці, каб навучыцца ўсяму, што неабходна да самастойнага жыцця. І менавіта з гэтага дня пачыналі насіць фартухі — сімвал жанчыны.

У гэтым абрадзе хлопцы на граблях нясуць у поле зялёны фартух, а з поля чырвоны. Граблі замянілі крыжавіну, бо ўлады ў час ваяўнічага атэізму заадно забаранялі і народныя абрады, нават арыштоўвалі і адпраўлялі ў Сібір жанчын, якія вадзілі дзяўчат у поле. Пра гэта яшчэ памятаюць на Тураўшчыне.

/i/content/pi/cult/742/16122/27.JPGЦяпер у карагод становяцца нават маленькія дзяўчынкі, бо вёска абязлюдзела, і дзяцей з кожным годам становіцца ўсё меней. Удзячныя гаспадары выносяць удзельнікам абраду пачастункі, сярод якіх асноўны — гэта пірог і яйкі парным лікам, каб дзяўчынкі знайшлі сабе пару і прадоўжылі род. Завяршаецца абрад у цэнтры сяла ваджэннем гульнёвых карагодаў “Бабуся”, “Дрэма”, “Камарык”, “Проса”, “Рэпка”, “Селязень” і іншых.

Раней такі абрад спраўлялі на Юр’я ў кожнай вёсцы вакол Турава, цяпер жа ў жывой традыцыі ён захаваўся толькі ў Пагосце. “Карагод” першым у нашай краіне атрымаў статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці, а летась быў пададзены на разгляд Міжурадавага камітэта UNESCO на ўключэнне ў спіс сусветнай спадчыны — як элемент, які патрабуе тэрміновай аховы. Магчыма, у лістападзе беларускі сегмент прэстыжнага спісу паболее на адну пазіцыю.

“Як пушчу стралу…”

Карагоды або танкі могуць мець лінейную форму (калі ўдзельніцы выстройваюцца ў адну лінію), кругавую (калі рухаюцца то ў адзін бок — “па сонцы”, то ў другі, што можа азначаць “гульню” сонца), у выглядзе змейкі (што імітуе маланку), “сценка на сценку” (як у агульнавядомым карагодзе “Проса”, дзе такі рух азначае старажытныя спосабы апрацоўкі поля).

У Веткаўскім і Чачэрскім раёнах, дзе на Ушэсце бытуе абрад Ваджэнне і пахаванне стралы, жанчыны бяруцца пад рукі і, перагарадзіўшы вуліцу ўпоперак, ідуць ды спяваюць “Як пушчу стралу дай уздоўж сяла…” Паколькі з гэтай песні пачынаюць, то і ўвесь абрад называецца “Страла”. На раскрэсах (перакрыжаваннях дарог) яны водзяць карагоды (танкі на мясцовай гаворцы), і такім чынам рухаюцца шэрагамі да цэнтра сяла, дзе зліваюцца ў вялікія танкі — кругавыя і змейкай, з удзелам дзяцей, якія сімвалізуюць зерне, пасаджанае ўвосень у полі.

У нейкі момант спявачкі змаўкаюць, спыняюцца, і раптам нехта крычыць: “Чыя каша падгарэла?” Бягуць да кучак дзяцей, вакол якіх толькі што вадзілі танок, і падкідаюць іх угару: каб такім жа высокім вырасла жыта. Пасля гэтага крочаць у поле, дзе зноў водзяць танкі, а затым бягуць у жыта і качаюцца там, зрываюць па дзевяць каласкоў. Магічная лічба, ізноў жа, звязаная з плоднасцю.

Гэта варыянт абраду ў вёсцы Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна, які мае статус элемента нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці. З-за чарнобыльскай аварыі насельніцтва гэтай вёскі катастрафічна зменшылася. Цяпер жывую традыцыю падтрымліваюць жыхары вёскі Стаўбун, якія рыхтуюць дакументы на наданне статусу каштоўнасці іх абраду.

Існуюць у Веткаўскім раёне і іншыя варыянты абраду — “Колік віць” у вёсцы Прысно, страла ў выглядзе ўпрыгожанага дрэўца пад назвай “ёлка” ў Шарсціне. А ў Валосавічах Чачэрскага раёна захавалася архаічнае дзеянне каля поля: распальваецца вогнішча, і вакол яго жанчыны качаюцца па зямлі, імітуючы промні сонца.

На Пасожжы здаўна існуе былічка: з Вялікадня да Ушэсця Бог ходзіць па зямлі, а на Ушэсце адпраўляецца на неба. Нават кажуць: “Мы Бога ў лапці абуваем і на неба адпраўляем. Пяком на Ушэсце “богавы анучы” — блінчыкі з крухмалу”.

“Як ішла сула дай уздоўж сяла…”

Традыцыя вадзіць стралу пачынаючы ажно з Вялікадня ў Веткаўскім раёне знікла. Але ў 2007 годзе ў вёсках Гадзічава і Маркавічы Гомельскага раёна мясцовы жыхар Рыгор Басаў аднавіў стрэльны абрад, які ў гэтым рэгіёне мае рэгіянальную назву “Сула”, і спраўляюць яго на другі дзень Вялікадня. Тэкст песні, з якой ён пачынаецца, аналагічны “Страле”, але сюжэт яе больш разгорнуты: “Як ішла сула дай уздоўж сяла, Ой, і я велю, дай уздоўж сяла. І ўстрэла яна добра моладца”. На скрыжаваннях дарог водзяць гульнёвыя крывыя танкі: “Чарнабрывы каралёк, пажалуйце ў гарадок…” Сёлета абрад атрымаў статус НКК. І што важна, захоўваюць яго пераважна вучні мясцовай школы і моладзь пад кіраўніцтвам некалькіх носьбітаў традыцыі.

“Ты лыты, лыты, стрылка…”

У аграгарадку Бездзеж Драгічынскага раёна, які славіцца сваімі фартухамі, пашытымі з тонкага, бы марля, палатна, захаваўся абрад “Стрылка”, які спраўляюць на першы дзень Вялікадня. Людзі водзяць карагод у выглядзе змейкі, які на
мясцовай гаворцы называецца “стрылка”. Спявачкі рухаюцца вельмі павольна: “Ты лыты, лыты, стрылка, по горам, по долынам, да нысы, нысы, стрылка, да дывоцкую красу…” Пасля гэтага пачынаюцца гульні з велікоднымі яйкамі пад веснавыя песні.

Песенна-харэграфічны комплекс “Праводны тыдзень” (на мясцовай гаворцы — “Проводна нэділя”) раней святкавалася ў многіх вёсках заходняга Палесся, аднак у жывой традыцыі абрад захаваўся толькі ў Пінкавічах Пінскага раёна. Танкі пачынаюць вадзіць у першы дзень Вялікадня, затым такая ж дзея паўтараецца праз тыдзень у форме ваджэння на скрыжаваннях гульнёвых карагодаў. А ўвечары ў панядзелак традыцыя завяршаецца абрадам Праводзін зімы: да Вялікадня веснавыя песні там не спяваюць і не водзяць танкі. Паколькі на мясцовай гаворцы назва тыдня і сёмага дня тыдня абазначаецца адным словам “нэділя”, то і нядзеля праз тыдзень пасля Вялікадня, і ўвесь тыдзень, на працягу якога раней адбывалася ваджэнне танкоў, называецца “Проводна нэділя”.

Танкоў тут шмат, і яны разнастайныя: “Траўка-мураўка” водзяць у два кругі — дарослы і дзіцячы ў сярэдзіне. “Скачэ горобэйко дай по юлоньцы” — гульнёвы карагод з “верабейкам” у крузе, “Тарасова жона” — своеасаблівая жартоўная замалёўка сялянскага побыту, дзе круг выконвае ролю сцэны. Нават старажытны кананічна-дыялогавы карагод “Проса”, які ў асноўным вядомы сваёй харэаграфічнай формай “сценка на сценку”, у Пінкавічах таксама мае кругавую форму. Танок-гульня “Пойдэмо в ляс” дэманструе дзяленне аднаго круга на два — яўная імітацыя гульні сонца, якую звычайна назіраюць у Пінкавічах і паўсюдна ў Беларусі на Вялікдзень.

Павадзіўшы карагоды, людзі бягуць да ракі, рвучы па дарозе сімвалы “путаў зімы” (ніткі, вяроўкі, дрот і іншыя перашкоды). Прагнаўшы зіму за раку, вяртаюцца ў вёску, спяваючы траецкія куставыя песні. І спяваюць іх да Тройцы — а гэта ўжо лета.

Абрад у Пінкавічах прэтэндуе на наданне яму статусу НКК. Што яшчэ каштоўна, кожная яго ўдзельніца мае старажытны галаўны ўбор з тонкага, як марля, льнянога палатна — наметку. З такога ж палатна і бездзежскія фартушкі. Лічыцца, што ткаць такое палатно мясцовых майстрых навучылі італьянскія ткачы, прывезеныя ў XVI стагоддзі каралевай Бонай, якая валодала гэтымі землямі.

Рэгіна ГАМЗОВІЧ,
грамадскі эксперт
у галіне нематэрыяльнай культурнай спадчыны.