Падчас велікодных святаў

№ 17 (1404) 27.04.2019 - 04.05.2019 г

Рэгіянальныя звычаі: суплёт самабытнасцяў
Велікоднае свята пераходу ад няволі смерці да свабоды вечнага жыцця ўключае як набажэнства ў царкве ці касцёле з абавязковым асвячэннем пафарбаваных яек, пірагоў ды іншай ежы, так і разнастайныя традыцыйныя абрады. Многія з іх не толькі дасюль бытуюць у вёсках і мястэчках Беларусі, але і творча пераасэнсоўваюцца ды пераствараюцца работнікамі сферы культуры. Пра некаторыя з такіх сакавітых народных звычаяў мы сёння і нагадаем.

/i/content/pi/cult/742/16121/24.JPGМаляванкі, крашанкі, пісанкі…

Самым папулярным атрыбутам велікодных дзён, як вядома, з’яўляюцца фарбаваныя яйкі. Першапачаткова іх фарбавалі ў чырвоны колер (“крашанкі”), пазней — размалёўвалі рознымі ўзорамі (“пісанкі”). Здавалася б, каго з нас імі здзівіш? Але каб пераканацца ў адваротным, варта завітаць у Музей пісанкі, які створаны на Гродзеншчыне ў мястэчку Сапоцкін на базе мясцовага культурна-турыстычнага цэнтра. Там можна не толькі пабачыць мноства расфарбаваных яек (агулам іх тут сабралі каля 1300), але і самім паспрабаваць засвоіць старадаўнюю тэхналогію пад кіраўніцтвам
мясцовых майстроў.

Кажу гэта не з чужых слоў, а з веданнем справы, бо яшчэ гадоў сем таму разам з іншымі журналістамі “К” спрабаваў сябе ў гэтай нялёгкай справе, калі завітаў у Сапоцкін падчас велападарожжа. Дадам, што ў Музеі пісанкі можна таксама ўбачыць і рарытэтную калекцыю паштовак да галоўнага хрысціянскага свята.

Традыцыя дэкаравання велікодных яек (пісанак, або, як кажуць мясцовыя жыхары, “маляванак” і “рысаванак”) была ўнесеная ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Цяпер умельства захапіла бадай усё паселішча: за роспісам яек у пакоях Музея можна сустрэць як старых жанчын, так і малых дзетак.

Але гэта яшчэ не ўсе цікавосткі Сапоцкіна. У згаданым цэнтры можна таксама пазнаёміцца і з тэхнікай пляцення велікодных вербаў, якая стагоддзямі перадавалася з пакалення ў пакаленне менавіта ў гэтым куточку Беларусі. Гэтай традыцыі таксама нададзены статус НКК. Так што калі вы не бывалі ў Сапоцкіне, дык завітаць туды варта.

Асабліва на наступным тыдні — бо, па словах дырэктара Сапоцкінскага культурна-турыстычнага цэнтра Ганны Галубцовай, 4 мая ў паселішчы адбудзецца “Свята пісанкі”.

/i/content/pi/cult/742/16121/25.JPG— На гэты фэст заўсёды завітваюць не толькі мясцовыя жыхары, але і замежныя турысты, што прыязджаюць на Аўгустоўскі канал, — кажа Ганна Чаславаўна. — Напрыклад, летась у нас было ажно 40 гасцей з Літвы. Колькі будзе сёлета — дакладна не скажу, але, мяркую, не менш, чым год ці два таму.

Падчас святочнага мерапрыемства ўсе ахвотныя змогуць пабываць на майстар-класах рамеснікаў, наведаць выставу, прымеркаваную да Вялікадня, паўдзельнічаць у квэстах, разлічаных як на дарослых, так і на дзяцей, а таксама паслухаць выступленні аматарскіх артыстаў і калектываў з розных устаноў культуры Гродзенскага раёна. Так што, як бачым, спрадвечныя традыцыі і абрады ў Сапоцкіне не толькі жывуць, але і развіваюцца, набываючы новыя адметныя формы.

Валакальнікі, ралешнікі, жачкі…

Яшчэ адна прыкмета Вялікадня ў Беларусі — валачобніцтва. Гуртамі ў восем — дзесяць чалавек вяскоўцы хадзілі па хатах на чале з “пачынальнікам”. Апошні меў самую адказную місію — ён ведаў на памяць валачобную песню, якая магла ўтрымліваць да 150 радкоў. Астатнія — “падхватнічкі” — падхоплівалі агульнавядомы рэфрэн.

У гурце абавязкова былі музыкі. Гаспадары шчодра адорвалі валачобнікаў пачастункамі. Да слова будзе сказаць, што ў сусветнай традыцыйнай культуры валачобныя песні захаваліся і зафіксаваны толькі ў беларусаў.

Дарэчы, як сцвярджае даследчык народнай культуры Гродзеншчыны Ірына Чарнякевіч, на Вялікдзень у некаторых вёсках гурт валачобнікаў (іх маглі называць “валакальнікі”, “галакальнікі”, “ралешнікі”) першапачаткова складаўся толькі з мужчын. Пазней, ужо ў нашы часы, з’явіліся і змяшаныя гурты.

А ў некаторых мясцовасцях Брэстчыны і той жа Гродзеншчыны на Вялікдзень двары абыходзяць дзеці. Іх завуць “жакамі” ці “жачкамі”. У адных вёсках яны спяваюць, у іншых — дэкламуюць вершы. За гэта дзяцей частуюць салодкімі прысмакамі.

“Каменная дзяўчынка” і “Стрылка”

Яшчэ адна апрычоная велікодная традыцыя захоўваецца ў вёсцы Данілевічы, што на самым ускрайку Беларусі — у Лельчыцкім раёне. Яе жыхары — а іх тут сёння ўжо меней за сотню — называюць каменны крыж, які знаходзіцца на краі вёскі, абярэгам ад усіх бед і няшчасцяў. І лічаць сваім абавязкам задобрыць “каменную дзяўчынку”: даглядаюць за каменем, прыносяць да яго ежу, моляцца побач.

Штогод напярэдадні Вялікадня мясцовыя жыхары збіраюцца каля каменя, здымаюць з яго леташняе “ўбранне” і спальваюць яго за агароджай. А ўжо ў дзень свята да крыжа прыходзяць усе жыхары Данілавічаў, прыбіраюць “каменную дзяўчынку” ў фартушкі, прыносяць фарбаваныя яйкі, кулічы. Абрад суправаджаецца велікоднымі спевамі і карагодамі мясцовых захавальніц традыцый.

— Так запланавана зрабіць і сёлета, — распавяла “К” загадчыца аддзела культурна-дасугавай дзейнасці Лельчыцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Святлана Біркоўская. — Ужо сёння, 27 красавіка, калектыў вясковых жанчын на чале з былой загадчыцай Данілевіцкага клуба Аленай Міронаўнай Карась пойдуць спальваць тыя старыя рушнікі і хустачкі, якімі была абгорнута “каменная дзяўчынка”. А ў нядзелю яны зноў скіруюцца да каменнага крыжа, каб прынесці туды пасхальную ежу і па-святочнаму яго ўпрыгожыць.

Па словах Святланы Біркоўскай, падчас велікодных святаў у Данілевічы завітвае мноства гасцей з усіх куточкаў Беларусі і нават замежжа. Так што гэты старадаўні абрад і сёння выклікае цікавасць турыстаў, ператвараючы на некалькі дзён ціхую палескую вёску ў ажыўленае — як быццам у былыя часы — паселішча. Да таго ж, як кажа суразмоўца, вельмі часта ў Данілевічы прыязджаюць не толькі ў святочныя, але і ў будзённыя дні — каб папрасіць “каменную дзевачку” выканаць іхнія просьбы.

А яшчэ ў адным месцы на Палессі — у вёсцы Бездзеж Драгічынскага раёна — здаўна ладзяць велікодны абрад пад назвай “Стрылка”. Як кажа дырэктар музея “Бездзежскі фартушок” Марыя Астаповіч, існуе ён як мінімум з 1784 года — з часу пабудовы мясцовай царквы ў імя Святой Тройцы.

Менавіта каля царквы, на вясковай плошчы — або, як кажуць палешукі, “місты”, — пасля “Нэшпора” (так па-мясцоваму называюць царкоўнае богаслужэнне а 3-й гадзіне дня) і хрэснага ходу да новай царквы Нараджэння Хрыстовага, распачынаецца “Стрылка”.

“Завадатар”, функцыю якога некалькі гадоў запар выконвае адзін і той жа чалавек, або самыя старэйшыя і паважаныя жыхаркі вёскі, пачынае заводзіць карагод. Удзельнічаюць у ім дзяўчаты і жанчыны, а маленькія дзяўчаткі выконваюць ролю “зярнятак”. Менавіта так называюць тры групкі дзяцей, якія сімвалізуюць будучы ўраджай.

Групак тры, бо яны ў нейкім сэнсе атаясамляюцца з трыма порамі года — вясной, летам і восенню, з тым працяглым часам, які неабходны, каб зярняткі, кінутыя ў зямлю, выраслі і ператварыліся ва ўраджай. Нібыта абаронцамі таго “кволага” насення выступаюць старэйшыя ўдзельнікі, якія, злучыўшы рукі, рухаюцца за “завадатарам” вакол купак дзяцей, утвараючы своеасаблівы знак бясконцасці і адначасова спяваючы адмысловую песню.

— Нібыта стрэлка гадзінніка, што няспынна адмервае час, сімвалізуючы ход жыцця, імкліва бяжыць карагод, — кажа Марыя Астаповіч. — Напэўна, адсюль і такая назва абраду, якая сведчыць пра існаванне нябачнай сувязі з продкамі.

Самабытная “Стрылка” яшчэ ў 2013 годзе была ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Так што ў Бездзежы да сёння беражліва захоўваюць абрад, аналагаў якому няма ў Беларусі. Паназіраць за ім збіраюцца на Вялікдзень не толькі мясцовыя жыхары, але і госці з суседніх вёсак і нават іншых рэгіёнаў. Летась, па словах Марыі Астаповіч, да іх у Бездзеж прыехала каля 500 чалавек. Цікава, колькі гасцей завітае на “Стрылку” сёлета?

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"