Светлыя людзі Цёмнага Лесу

№ 17 (1404) 27.04.2019 - 04.05.2019 г

Аграгарадок Цёмны Лес не першы год з’яўляецца аб’ектам пільнай увагі журналістаў. Але пішуць матэрыялы і здымаюць рэпартажы яны не толькі пра тое, як мясцовыя прадпрыемствы выконваюць і перавыконваюць вытворчы план. Прадстаўнікі СМІ ўжо даўно праклалі сцежку да тамтэйшага музея, прысвечанага паэтцы Ніне Кавалёвай. Зрэшты, не забывае прэса наведвацца і ў сельскі клуб. Давайце і мы з вамі адправімся ў гэты населены пункт — з “інспекцыяй” яго ўстаноў культуры. Наперад і з песняй! Памятаеце, як у фільме “Афоня”: “В темном лесе, за лесью”?

/i/content/pi/cult/742/16118/19.JPGПаэзія як лекі ад болю

Праект “Край мой сэрцу дарагі” — гэта асноўная краязнаўчая праграма, па якой працуе Цёмналеская бібліятэка-філіял Дрыбінскай бібліятэчнай сеткі. У сферы яе інтарэсаў — гісторыя аграгарадка і яшчэ 12 вёсак (раз на месяц у самыя аддаленыя з іх прыязджае бібліёбус). А сабраныя матэрыялы — у нагу з прагрэсам — алічбоўваюцца, архіў пастаянна папаўняецца, асабліва літаратурнымі дакументамі. І нарэшце іх сабралася настолькі шмат, што пяць гадоў таму пры ўстанове было вырашана адкрыць літаратурна-краязнаўчы музейны пакой Ніны Кавалёвай.

Гэтая ўраджэнка вёскі Еськаўка Дрыбінскага раёна цяпер жыве ў горадзе Горкі. Калі будучай паэтцы споўнілася 18 гадоў, яна атрымала траўму спіны. Праз тры гады пачалі імкліва выяўляцца яе наступствы — перасоўвацца дзяўчыне станавілася ўсё цяжэй. І аднойчы яна апынулася практычна прыкаванай да ложка. Ужо больш за дзесяць гадоў Ніна Дзмітрыеўна з яго зусім не ўстае. Гэтым летам яна справіць 70-годдзе!

Паэтычныя творы спадарыня Кавалёва пачала пісаць незадоўга да свайго 30-годдзя, а да таго яна зацікавілася народным мастацтвам і стала збіраць у роднай вёсцы розныя абрады. У яе творчым багажы — некалькі кніг, за 40 песень, напісаных на яе вершы (музыка некаторых з іх — таксама яе аўтарства). Увагай людской яна не абдзеленая — ёсць тыя, хто аказвае ёй штодзённую дапамогу, ды яна і сама дапамагае парадамі літаратарам-пачаткоўцам.

У экспазіцыі “Паэтычная зорка маленькай радзімы” прадстаўлена больш за тысячу матэрыялаў пра жыццё і творчасць Ніны Дзмітрыеўны — асабістыя рэчы (у тым ліку вышыўка, якой яна займалася), кнігі і рукапісы, выданні, якія распавядаюць пра яе, арыгінальныя фотаздымкі і дакументы, аўдыяматэрыялы, партрэты паэткі...

/i/content/pi/cult/742/16118/20.JPGАдным са стваральнікаў гэтага кутка чалавечага лёсу з’яўляецца бібліятэкар Алена Шавардова.

— Сярод тых, хто стаяў ля яго вытокаў, — клуб для дзяцей і падлеткаў “Спадчына”, — інфармуе яна. — Аб’яднанне цалкам адпавядае сваёй назве — з яго членамі мы праводзім краязнаўчыя працы, ладзім розныя мерапрыемствы. Ёсць у мяне і дарослы актыў, што таксама па-рознаму праяўляе сябе ў жыцці бібліятэкі — ад задумкі якіх-небудзь акцый і ўдзелу ў іх да ўборкі навакольнай тэрыторыі.

У мерапрыемствах ухіл робіцца на краязнаўства. Амаль кожны месяц праходзяць iмпрэзы, якія папулярызуюць творчасць Ніны Кавалёвай. Эксклюзівам стаў у 2016 годзе бібліямарафон. Дзейнасць бібліятэкі папулярызуецца, напрыклад, праз інтэрнэт. Кажучы пра наведванне, “цяжкай групай” Алена Міхайлаўна называе падлеткаў:

— Пакуль дзеці маленькія, яны з задавальненнем чытаюць папяровыя кнігі. Але як толькі пачынаюць засваенне камп’ютара — не на ўзроўні адных толькі гульняў, то цікавасць да чытання падае. Людзі зусім ужо старэйшага пакалення таксама не такія частыя нашы наведвальнікі, але гэта і зразумела.

Бібліятэчны фонд філіяла складае каля сямі тысяч найменняў.

— Вядома, хацелася б, каб беларускую літаратуру чыталі больш, — кажа спадарыня Шавардова. — Але і сёння не скажаш, што на яе зусім няма попыту.

Дарэчы, акцыі, якія прапагандуюць беларускую мову і творы айчынных аўтараў, а таксама сустрэчы з пісьменнікамі-землякамі, ладзяцца ва ўстанове на пастаяннай аснове. І ўсе-ўсе мерапрыемствы ў бібліятэцы праходзяць толькі на беларускай!

Па словах Алены Міхайлаўны, нейкіх цяжкавырашальных, а то і зусім невырашальных праблем у дзейнасці ўстановы няма. Адно што, за дзесяць гадоў працы бібліятэкарам ёй паднадакучыла “паператворчасць”: на думку маёй суразмоўніцы, ад некаторых справаздач можна было б і адмовіцца.

Як сабраць залу

У Цёмналескім сельскім клубе “ладзяць баль” пяць фарміраванняў — народны ансамбль “Журавінка”, аматарскае аб’яднанне “Залаты ўзрост”, клуб аматараў народнай песні “Весялуха”, дыска-клуб “Фантазія” і дзіцячы клуб гульні і забаў “Адпачывай-ка”. На “культурным полі” аграгарадка сеюць добрае і вечнае людзі розных узростаў — ад самых маленькіх да тых, каму за 80. А “пажынаюць” іх плады насельнікі не толькі Цёмнага Лесу, але і яшчэ 12 вёсак, размешчаных у зоне распаўсюджвання культурнай дзейнасці ўстановы. У іх з бясплатнымі выступамі перыядычна выязджае канцэртная брыгада з пяці чалавек, рэпертуар якой складаюць народныя песні. Вуліца, альтанкі, дамы — гэта тыя пляцоўкі, на якіх яны дораць сваё мастацтва мясцовым жыхарам. А, напрыклад, вялікія праграмы “Журавінкі”, якія праходзяць і за межамі раёна, — білетныя.

— Практычна кожны год мы дабіраем людзей у нашыя склады, а то і наогул збіраем новыя, — распавядае загадчыца сельскага клуба Валянціна Гоманава (каля 40 гадоў яна працуе ў культуры, болей за 20 — на чале СК). — Хтосьці сыходзіць па ўзросце, хтосьці — па іншых прычынах. Выпускнікі школы з’язджаюць паступаць у навучальныя ўстановы, і мы выпраўляемся ў класы заклікаць у калектывы клуба маладзейшую дзятву. І задача гэта нялёгкая — каго-небудзь угаварыць.

Як вынік, публіка на імпрэзах у СК, у асноўным, складаецца з гледачоў пажылых і зусім юных. Тая самая сітуацыя і з наведваннем бібліятэкі: немалая частка “прамежкавага пакалення” да культуры далучаецца “праз не хачу”.

— Але 30 — 40 чалавек у зале, разлічанай на 50 пасадачных месцаў, на iмпрэзы збіраюцца. Аднак адной аб’явы ля клуба недастаткова для такой яўкі: трэба абысці людзей, патэлефанаваць ім, запрасіць, — дзеліцца Валянціна Фёдараўна сакрэтам запаўняльнасці.

Нічога вам не нагадвае сказанае? Некаторыя з айчынных “зорак” пры арганізацыі ўласных канцэртаў прыблізна падобны падыход і выкарыстоўваюць (маштабы, праўда, іншыя). А што рабіць? Згодна з планам платных паслуг, СК павінен зарабляць у месяц 80 рублёў. І, як кажа спадарыня Гоманава, кожны год план узрастае на пяць працэнтаў...

І такое жыццё

— Гэта вышывала мая мама, — паказвае мне ручнік Ніна Скокава. — І перадала яго мне са словамі: “Беражы, дачушка, будзе памяць пра мяне”. А вось і мая вышыўка, 1957-га года.

Цікава, што мама вышыўцы дачку не навучала — шасцёра дзяцей было ў яе, тут бы за імі ды гаспадаркай усачыць. І маленькая Ніна асвойвала асновы рукадзелля сама — дзесьці падглядваючы, у кагосьці просячы даць урок.

Працавала Ніна Кірылаўна касірам, бухгалтарам. Агульны працоўны стаж у яе — амаль 40 гадоў. Нядаўна ёй споўнілася 83. Век самавіты, але на здароўе яна асабліва не скардзіцца — хіба, кажа, ціск часам “скача”.

— Няма калі хварэць, калі ў цябе парася ёсць і куры, — жартуе яна. — Я калі працую, дык мне лепш становіцца. Двойчы была замужам, абодвух мужоў пахавала. Ёсць сын і дачка, яны тут жывуць.

— А як тутэйшая культура, на ваш погляд? Не хварэе? — цікаўлюся я

Каментарый Ніны СКОКАВАЙ:

— У Цёмным Лесе жыве шмат людзей перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту. На імпрэзы ў клуб ходзяць далёка не ўсе з іх. Моладзь таксама не асабліва бяжыць. Іншы раз трэба для абраду ўзяць каго-небудзь на ролі нявесты і жаніха, каб маладзейшыя былі, дык няма каго. Але ёсць мы — і самі спяваем, і на канцэрты ходзім! І з канцэртамі ездзім — у Дрыбін, Слаўгарад, Чэрыкаў, Магілёў…

Цяпер ужо не чытаю — зрок дрэнны. Ды і, шчыра кажучы, жыццё ў мяне такое было, што на чытанне часу не заставалася. А калі я пайшла на пенсію, дык, ведаючы мае спеўныя здольнасці, сталі клікаць адпяваць нябожчыкаў і весці памінкі. Болей за 230 чалавек я ў апошні шлях праводзіла...

Вос які ён — Цёмны Лес. Калі трагічнае і высокае, жыццё і смерць, светлае і змрочнае — усё побач. Так яно часта бывае і ў жыцці, і ў культуры ды мастацтве. Якія ў аграгарадку калі і не працвiтаюць ў цэлым, то ў нейкіх сваіх праявах дакладна квітнеюць.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"