У пагоні за ружовым сланом

№ 17 (1404) 27.04.2019 - 04.05.2019 г

Чалавеку ўласціва планаваць свае мары далёка наперад. Самая тыповая — сям’я, дамок ля мора і бязмежнае шчасце, што накрывае з галавой. Візуалізацыя мэты — справа з пункту гледжання псіхалогіі нават карысная. Але толькі калі гэта не паветраныя замкі з пароў алкаголю. Пра замкнёнасць ва ўласных памкненнях, ад якой балюча ўсім навокал, разважае тэатральны праект HomoCosmos у прэм’еры “Убачыць ружовага слана”.

/i/content/pi/cult/742/16115/16.JPGСуаўтар і прадзюсар HomoCosmos Кацярына Саладуха ад пачатку пазіцыянуе яго як спробу адрэфлексаваць мастацкімі сродкамі складаныя, часцяком табуяваныя тэмы суаднясення чалавека з самім сабой і соцыумам. Прадказальна, што пошукі ідуць не заўсёды роўна. І ўсё ж наяўнасць такой пляцоўкі на сталічнай тэатральнай карце важная ўжо сама па сабе. Яна дапамагае нам судакранацца з такім матэрыялам, на які нашы рэпертуарныя тэатры, на жаль, не звяртаюць увагі.

Гэтым разам HomoCosmos прэзентаваў не толькі свой пяты паўнавартасны спектакль, але і новае сцэнічнае памяшканне. Творчая каманда абжывае пляцоўку Hide на сталічнай тусовачнай вуліцы Кастрычніцкай. Мяркую, ад такіх пярэбараў праект толькі выйграе. Гледачу зараз не прыйдзецца кожны раз перапытваць, куды рушыць на чарговую пастаноўку, а рэжысёрам і акцёрам будзе прасцей выйсці з публікай на адну эмацыйную хвалю — усё ж, тэмы, якія ўзнімае HomoCosmos, куды лепш рэзануюць у камернай прасторы. Адсутнасць класічнай сцэны і магчымасць праграмаваць наяўныя квадратныя метры пад патрэбы рэжысёра дапамагаюць пастановачнай камандзе падабраць неабходны для кожнага паказу фармат, які мусіць сканцэнтраваць гледача на сацыяльных падтэкстах п’ес.

Камернасць пляцоўкі зусім не вызначае мізэрнасць візуальных сродкаў для мастака-пастаноўшчыка. Над сцэнаграфіяй і касцюмамі спектакля “Убачыць ружовага слана” працавала Кацярына Шымановіч. Запатрабаваная мастачка зноў уразіла сваім пачуццём густу і ўменнем знайсці дакладны вобраз для рэжысёрскай задумы.

У п’есе эстонскага драматурга Пірэт Яакс распавядаецца пра надзвычайнага педанта Леві, якому вельмі карціць раскласці па палічках не толькі сваё атачэнне, але і будучыню. Ён пераязджае ў ідэальны па ўласных мерках дом, які называе “ружовым сланом”, і падбірае пад інтэр’ер жонку, каб рэалізаваць такія ж — амаль вымераныя пад лінейку — мары пра сям’ю і дзіця.

Спадарыня Шымановіч у сцэнаграфіі задае жорстка вывераны геаметрычны рытм, які раз’ядае чорную плоскасць “карцінкі” стэрыльна белымі кубамі рознай даўжыні. Гэтая роўнядзь кантрасных колераў заліваецца атрутна-ружовымі відэапраекцыямі-сненнямі, якія не даюць магчымасці Леві і яго каханкам Катрын (Настасся Баброва) і Сімоне (Кацярына Бондарава) выглянуць з-за высачэннага плоту самападману.

Скрупулёзнасць галоўнага героя мастачка выяўляе ў дробязях: ружовых шнурках мужчынскіх чаравікоў, афарбаваных у тон пазногцяў на жаночых ножках, нават у зарумяненых колцах перасоўных кубоў ці ў адпаведнай акантоўцы падкладкі пінжака (якую змогуць прыкмеціць толькі самыя ўважлівыя). Кацярына Шымановіч элегантна скоўвае прастору цьмяным ружовым, каб ілюзіі не дазволілі дзейным асобам вынырнуць у рэальнасць. Пра раздвоенасць успрымання героямі рэчаіснасці гавораць і дзве (ізноў сіметрычныя) безгаловыя фігуры на заднім плане: тым, хто замкнёны ў капсуле гэтай кватэры, больш важная форма, чым змест.

Эстонскі рэжысёр Калеў Куду, запрошаны на пастаноўку камандай HomoCosmos, у цэнтр увагі выносіць праблему распаду асобы. Яго Леві ў выкананні Івана Труса гатовы прабіць галавой сцяну, каб толькі дасягнуць запатрабаванага. Нават не звяртаючы ўвагі, чыю галаву для гэтага выкарыстаць — сваю ці жаночую… Зыходзячы з фрагментарнасці тэксту, рэжысёр будуе дзеянне на такой жа цыклічнасці бытавых сямейных спрэчак. Сужэнцы сварацца, высоўваюць адзін аднаму відавочна заезджаныя прэтэнзіі, перыядычна адсылаюць да трэцяй асобы, што дадае болю і без таго нялёгкім адносінам. У нейкі момант такі колазварот адных і тых жа эмоцый і дарэмных размоў нават пачынае дакучаць. Ад жадання сысці з залы ўтрымлівае памкненне ўсё ж раскрыць сюжэтны падвох.

А застацца варта. Ходзячы па коле, Іван Трус, Настасся Баброва і Кацярына Бондарава паступова разгортваюць перад публікай пастку чалавечага адчаю, у якую можна трапіць, калі пачынаеш мэтай апраўдваць сродкі. Ці можна шчыра распавядаць, як ты будзеш у будучым насіць каханую на руках, калі цяпер планамерна топчаш пачуцці роднага чалавека? У пагоні за ружовым сланом вельмі лёгка згубіць сябе, бо шчасце ўсё ж хаваецца не ў ілюзорнай мары, а ў размераным шляху да яе.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"