Ці ўзляціць мышаня, або згрызуць яго коткі?

№ 17 (1404) 27.04.2019 - 04.05.2019 г

Пытальнік у назве — усяго толькі няспраўджаная інтрыга. У тым, што новы спектакль Вялікага тэатра “узляціць” на хвалі глядацкага попыту, няма ніякіх сумневаў. На ўсе тры прэм’ерныя паказы, што ішлі запар у будзённыя вечары 16 — 18 красавіка, квіткі былі распрададзены цалкам. Упэўнена, тое ж будзе і надалей, бо на публіку дзейнічае найперш магія назвы і імя кампазітара — класіка не толькі вальсаў і венскай аперэты, але і навагодне-святочнага настрою незалежна ад надвор’я.

/i/content/pi/cult/742/16114/13.jpgНу а згаданая ў назве котка — гэта я. Не белая і не пухнатая. Дарэчы, цэлая каціная зграя ёсць і ў спектаклі. Чорныя, гнуткія (як-ніяк балетныя), з чырвонымі вушкамі і таго ж колеру доўгімі хвастамі, яны спрытна скачуць на бале ў князя Арлоўскага (дакладней, рускай княгіні, пераапранутай дзеля маскараду ў мужчынскае адзенне). Ёсць і некалькі мышэй. Вялізная, у выглядзе роставай лялькі з двума схаванымі ўнутры артыстамі, прымроіцца п’янаму турэмшчыку Фрошу ў трэцяй дзеі. Толькі хіба ж гэта мышка — хаця і смешна-вясёлая? Хутчэй, адзін з тых пацукоў, што прысніліся гараднічаму ў “Рэвізоры”.

Лятучая мыш (па-нашаму, кажан) у выглядзе Бэтмана ўзнікне ў балетным пралогу на музыку ўверцюры і ў фінале добра пастаўленых паклонаў, гойсаючы пад каласнікамі і тым самым дадаткова даказваючы: узлёт адбыўся! Ды з галавы не ідуць тыя коткі фантазійна-інфернальнай масці. Можа, іх чырвань усё ж ад крыві?

Увогуле ж, гэты твор Штрауса ў залежнасці ад прачытання можа быць розным. Лёгкім, гуллівым, венска-вальсавым — аперэтачна традыцыйным. Можа быць канцэптуальным — як колішні спектакль Васіля Бархатава ў Вялікім тэатры Расіі з затанулым лайнерам Strauss і сінхронным плаваннем на балі ў сапраўдным фантане (сцэнаграфію, дарэчы, прыдумляў беларускі мастак Зіновій Марголін, а Разалінду спявала наша Настасся Масквіна, задзейнічаная ў той жа партыі і ў цяперашняй прэм’еры).

Нарэшце, “Лятучая мыш” можа быць жорсткай, з прынцыповым драматургічным кантрапунктам паміж чароўнай музыкай і зусім не смешнай гісторыяй пра здрады, падманы, злыя жарты-“прыколы”. Падставай таму — першы варыянт лібрэта, дзе рухавіком дзеяння становіцца помста: Фальк не можа дараваць Генрыху, што той калісьці кінуў яго пасярод вуліцы ў карнавальным строі кажана, бо гэта выклікала кпіны гараджан і сапсавала яго прафесійную кар’еру. Калі разабрацца, дык Генрых ужо сам сябе пакараў. Маючы сябра-адваката, ён звяртаецца да іншага юрыста — і той прайграе працэс: Генрых павінен сесці ў турму.

Якую ж “Лятучую мыш” мы атрымалі? Па-першае, сумную. Запрошаны венгерскі рэжысёр Міклаш Габар Керэньі сумясціў некалькі рэдакцый аперэты і дадаў туды ўласныя тэксты — здавалася б, напоўненыя жартамі. Але гумар — рэч вельмі тонкая, нацыянальна афарбаваная. Дый нават самыя смешныя анекдоты трэба ўмець расказваць. А оперныя спевакі — гэта вам не акцёрскі падкаваныя комікі, здольныя выклікаць рогат адным сваім з’яўленнем. У спектаклі ж акцэнт зроблены не на музыцы, а на размоўных дыялогах, з-за чаго агульны тэмпарытм рэгулярна “завісае”, бы праблемны камп’ютар. Так што для падтрымання добрага настрою, на які разлічвае глядач, тэатру, можа, варта выдаваць запрашальнікі тым, хто паабяцае заразліва смяяцца? Ці ўключаць, як гэта робяць у сіткомах, смех на фанаграме.

/i/content/pi/cult/742/16114/14.jpgПа-другое, спектакль атрымаўся неверагодна грувасткім. Сцэнаграфію і касцюмы, пры ўсёй маштабнасці працы венгерскіх мастакоў, не назавеш удалымі. Пастаноўшчыкі быццам баяцца памераў нашай сцэны, імкнуцца максімальна зменшыць яе глыбіню, пакінуўшы артыстам выцягнуты астравок перад аркестравай ямай. Вялізнае збудаванне не дае разгарнуцца балету. Функцыянальнасць гэтай канструкцыі ды іншых дэталяў кшталту чатырох вялізных масак, расстаўленых і падвешаных па баках, набліжаецца да нулявой адмеціны. Паваротнае кола стварае хіба ілюзію руху, бо кожнае новае месца дзеяння становіцца па сваім антуражы амаль працягам ранейшага: што бальная зала, што турма — усё адно, хіба святла крыху меней. Кантрастуе толькі ванна з сухой пенай, куды трапляе спачатку закаханы ў Разалінду Альфрэд, а потым дырэктар турмы Фальк.

У колеравай палітры шмат напружана-зялёнага непрыемна цёмных, атрутных адценняў — у спалучэнні са з’едліва-аранжавым, пунсовым, бардо. Багацце залатых аздабленняў абарочваецца бляклай бронзай. Пастаноўшчыкі свядома здымаюць глянец і бляск з элітнай тусоўкі, набліжаюць яе да таннага, безгустоўнага, схільнага да пошласцяў кабарэ. Нават не кабарэ, а “карпаратыву” 1990-х з выбрыкамі “новых рускіх”. Але што наўзамен — якія адкрыцці? На жаль, іх няма.

Перад намі разварочваецца чарада няспраўджаных надзей. Ідэя з гульнёй у кошкі-мышкі, заяўленая ў спектаклі пункцірам (і, здаецца, выпадкова), губляецца. Кінутыя, пазбаўленыя лагічнага развіцця і іншыя магчымыя “ключы” да інтэрпрэтацыі хрэстаматыйна вядомага твора. Новыя сюжэтныя адгалінаванні не выратоўваюць, бо скіраваны ў розныя бакі, а не б’юць у вызначаную мэту. Тое ж поле ілюзій тычыцца і герояў. Правёўшы мужа, Разалінда расхінае перад Альфрэдам накінуты на плечы халат, але “каханак” абірае бутэльку, напіваючыся “ў зюзю”. Не паспеўшы насалодзіцца вечарынай, Альфрэд апынаецца ў турме. Выпраўляючыся на баль, Генрых хоча “адцягнуцца”, ды таямнічая незнаёмка (насамрэч, пераапранутая жонка), на якую ён заключае пары, падманам завалодвае яго талісманам-гадзіннікам. Пакрыўджаная гераіня гатовая на адзюльтэр з Фалькам, але таго ангажыруе гаспадарыня балю. Фальк вымушаны скарыцца прыхамацям апошняй, хаця хоча адпомсціць Генрыху яшчэ і ў шлюбным ложку. Пакаёўка Адэль і яе сястра Іда разлічваюць на ўдалае замужжа, ды атрымліваюць прапанову стаць усяго толькі актрысамі. Рэнамэ строгага “ахоўніка парадку” губляе Франк: яго “ва ўсёй красе” бачыць на балі Генрых, які павінен быць вязнем. Але мы не спачуваем нікому: у прапанаванай нам гісторыі няма станоўчых персанажаў. Абурэннем выбухнуць таксама немагчыма: перашкаджае стома ад убачанага.

/i/content/pi/cult/742/16114/15.JPGСярод балетных сцэн, пастаўленых Вольгай Костэль, вылучаюцца ўстаўныя нумары, здольныя ў якасці жартоўнай інтэрмедыі ўпрыгожыць канцэртныя праграмы: мініяцюрны дуэт розных па росце паліцэйскіх у канцы першай дзеі, танец арыштантаў у пачатку трэцяй. Але харэаграфія не заўсёды адпавядае музыцы, часам яны разгортваюцца паасобку, без неабходнага “партнёрства”.

На жаль, не зусім радуе і ўласна музычны складнік. Аркестр на чале з запрошаным італьянскім дырыжорам Джанлука Марчана часам глушыць салістаў. Не хапае адточанасці штрыхоў, адчування свежасці, зграбнасці, далікатнай прыгажосці. Камічныя мізансцэны лепей за ўсіх удаюцца Янашу Нялепе (адвакат Блінд). Арганічна пачувае сябе і ў вакале, і ў размовах статны Дзяніс Янцэвіч (Фальк). Добра спраўляецца з каларатурай і дробнай тэхнікай Алена Сіняўская (Адэль). Новыя рысы адкрывае ў сабе Аляксандр Гелах, які заўважна “расце” з кожнай партыяй.

Ці варта ўвогуле опернаму тэатру “зніжацца” да аперэты? У яго і без таго, мяркуючы па суквецці нацыянальных прэмій, “палёт нармальны”. Варта! Новы для спевакоў вопыт здольны не толькі ўзбагаціць іх (а
разам з імі і нас), але і адчыніць перад тэатрам дзверы да разнастайных жанравых мікстаў ХХ і ХХІ стагоддзяў. І, хацелася б верыць, да папраўдзе цікавых, высокамастацкіх, адшліфаваных добрым густам пастановак, годных сусветнага прызнання.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"