18 ігравых і дакументальных стужак, дзіцячыя майстар-класы, сустрэчы індустрыяльнай платформы, рэтраспектыва Лайлы Пакальніня, анімацыйны блок, дыскусіі, канцэрты... Праграма “Паўночнага ззяння” прапаноўвае цэлы спектр мерапрыемстваў, разлічаных на самую розную аўдыторыю.
Ігравое і дакументальнае
Распачнецца фестывальны тыдзень з прэм’еры ў Беларусі фільма “Аноры” — кіно з самой Грэнландыі. Прадставіць карціну ў Мінску актрыса стужкі, кампазітарка і спявачка Нукака Костар-Вальдаў — жонка акцёра Нікалая Костэра-Вальдаў, што сыграў у “Гульні тронаў”. У праграме “Ззяння” запланавана і асобная сустрэча з Нукакай, на якой яна распавядзе пра кінематограф такой унікальнай зямлі, як Грэнландыя.
Інтрыгуе ў падборцы ігравых фільмаў і ісландска-ўкраінская стужка “Жанчына абвяшчае вайну” Бенедыкта Эрлінгсана, аўтара нашумелай карціны “Пра коней і людзей”. Яна ўдзельнічала ў “Тыдні крытыкі” на леташнім Канскім кінафестывалі, а гэтаксама распачынала Адэскі кінафестываль — 2018.
Эстонская карціна “Бяры і бяжы” Лійны Трышкінай-Ванхатала можа стаць для пэўнага гледача адкрыццём. Гэтая праца ўжо звярнула на сябе ўвагу на шматлікіх фестывалях — у прыватнасці, на Котбускім быў адзначаны выканаўца галоўнай ролі Рэймо Сагор. Фільм вылучаўся Эстоніяй на кінапрэмію “Оскар”. Менавіта тонкасцям “оскараўскай” кампаніі і будзе прысвечаны майстар-клас прадзюсара стужкі Іво Фэльта.
Ад ігравой праграмы — да дакументальнай. Несумненнай падзеяй тут можна лічыць прыезд у Мінск знанай латвійскай дакументалісткі Лайлы Пакальніня, вядомай публіцы па фільмах “Туфля”, “Вада”, “Пітон”. Лаўрэатка Берлінале ды іншых міжнародных кінафестываляў не толькі прадставіць свае карціны, але і дасць варкшоп для зацікаўленых кінематаграфістаў.
Чакаецца на “Ззянні” паказ шведскай дакументальнай стужкі “Добры тыдзень для дэмакратыі”, сусветная прэм’ера якой адбылася на фестывалі ў Гётэборгу. Карціну прэзентуюць рэжысёрка Сесілія Б’ёрк і прадзюсар Максімільян ван Аертрук. Таксама шведскія кінематаграфісты распавядуць пра прынцыпы працы іх калектыўнай платформы-кампаніі Plattform Production, сузанавальнікам якой з’яўляецца і рэжысёр тытулаванай стужкі “Квадрат” Рубэн Эстлунд.
Несумненнай цікавосткай у падборцы дакументальнага кіно стане фільм непасрэдна беларускага аўтара Аляксандра Міхалковіча “Мая бабуля з Марса”. За этапамі стварэння гэтай працы знаўцы маглі сачыць на працягу апошніх гадоў — і вось, нарэшце карціну пра бабулю, якая аднойчы адчула сабе на “іншай планеце”, здолее ўбачыць мінскі глядач. Сусветная прэм’ера фільма адбылася на кінафестывалі ў Іглаве (Чэхія).
Анімацыя і сферычнае кіно
Сёлетняя праграма фестывалю дае магчымасць пазнаёміцца і з анімацыйным кіно Паўночных і Балтыйскіх краін. Так, маленькія гледачы і іх бацькі могуць убачыць стужку слыннага латышскага аніматара Эдмундаса Янсанса “Якаб, Мімі і сабакі, якія размаўляюць”, а таксама нарвежскую паўнаметражную анімацыю “Вясёлая ферма” Лізэ І. Усвол. Дапаўняюць паказы адмысловыя майстар-класы для дзетак (вядомы праект Вольгі Мжэльскай, які ўжо заваяваў добрую рэпутацыю ў творчых колах).
Незабыўнае відовішча сапраўднага Паўночнага ззяння як прыроднай з’явы абяцаюць паказы сферычнага кіно ў Мінскім планетарыі. Плануецца некалькі фільмаў розных аўтараў, што прапануюць свой погляд на ўражвальную з’яву прыроды.
Будзе на фестывалі і музыка. Паслухаць творы паўночных кампазітараў усе ахвотныя змогуць на адмысловым канцэрце ў зале Дома Масквы. Творы Яна Сібеліуса, Тойва Куула, Селіма Пальмгрэна і Хейна Каскі выканае вядомы піяніст Аляксандр Музыкантаў разам з калектывам Bon Voyage.
Дадам, што асноўнай пляцоўкай кінафестывалю застаецца кінатэатр “Мір”, але далучацца таксама кінастудыя “Беларусьфільм”, галерэя “Арт-Беларусь”, Silver Screen Cinemas і Мінскі планетарый.
Варта падкрэсліць важную адметнасць форуму: усе фільмы дэманструюцца на мове арыгінала толькі з беларускімі субтытрамі.
Галоўны партнёр “Паўночнага ззяння” — Офіс Савета Міністраў Паўночнаеўрапейскіх краін у Літве.