Вас чакае тры адметныя вечары. Заўтра, 28 красавіка, у сталічным кінатэатры “Цэнтральны” можна паглядзець адразу тры аднаактовыя балеты Маскоўскага акадэмічнага музычнага тэатра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі: “Цюль” Аляксандра Экмана (Швецыя), “Адзінокі Джордж” Марка Гёке (Германія) і “Мінус 16” Ахада Нахарына (Ізраіль). Менавіта апошні, дарэчы, перамог як найлепшы ў катэгорыі сучаснага танца. Але ўсе тры харэографы — знакавыя імёны ў сучасным мастацтве, кожны знайшоў свой адметны стыль, у тым ліку на мяжы з іншымі відамі мастацтваў, як гэта ўласціва таму ж Экману.
21 мая ў тым жа кінатэатры, а праз некалькі дзён і ў двух іншых, уключаючы “Радзіму” ў Гарадку, пакажуць “Вішнёвы сад” Тэатра Еўропы з Санкт-Пецярбургу, пастаўлены славутым Львом Додзіным на такіх артыстаў, як Лізавета Баярская, Ксенія Рапапорт, Даніла Казлоўскі. Спектакль па праве можа лічыцца класікай “Залатой маскі”, бо атрымаў яе ў намінацыі “Драма (вялікая форма)” яшчэ ў 2015 годзе і за гэты час ніколькі не страціў сваёй прыцягальнасці.
Нарэшце, у чэрвені адразу ў двух сталічных кінатэатрах пройдзе “Гамлет | Калаж”, пастаўлены ў Тэатры нацый знакамітым Рабэрам Лепажам, творчасць якога мы пакуль лепей ведаем па яго кінастужках.