Як распавяла “К” адзін з арганізатараў аўтапрабегу і дырэктар дабрачыннага фонду “Як будуецца манастыр” Галіна Храмцова, галоўная мэта экспедыцыі — зразумець гісторыю не як нешта далёкае, а як блізкае, вядомае, значнае для сучаснікаў.
— Напрыклад, мне хочацца знайсці фатаграфію свайго дзеда, прачытаць яго ліст, напоўнены любоўю і клопатам пра дзяцей, даведацца пра баявы шлях таго атрада, дзе ён служыў, пабываць на месцы яго гібелі, — кажа Галіна Храмцова. — І тады гісторыя тых далёкіх ваенных ліхалеццяў для мяне будзе выглядаць не глянцавай, карціннай, а жывой, сапраўднай і рэальнай.
Пачалася экспедыцыя “Імя воіна” ў Спаса-Багародзіцкім Адзігітрыеўскім жаночым манастыры пад Вязьмай, які будуецца на месцы баёў 1941 года. Там, у “Вяземскім катле”, узніклым у кастрычніку 1941 года падчас нямецкай аперацыі “Тайфун”, загінулі і былі ўзятыя ў палон каля мільёна чалавек.
Да слова, адна з галоўных задач сясцёр манастыра — вядзенне сінодзіку (гэта значыць, спіса памерлых) воінаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, іх штодзённае памінанне ў малітвах да Бога. На сёння там ужо больш за 18 тысяч імёнаў. Пошук новых працягваецца, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі.
Наша краіна сустрэла падарожнікаў сонечным надвор’ем. Раніцай 19 красавіка госці ўсклалі кветкі да мемарыяла “Курган Славы”, насыпанага ў памяць аб завяршэнні аперацыі “Баграціён” і вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А потым доўга слухалі званы Хатыні, якія нагадвалі пра жахлівыя дні вайны.
У Мінску расіяне наведалі Храм-помнік у гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны. У гэтым храме, як вядома, пахаваныя тры невядомыя воіны. Адзін з іх загінуў падчас ваенных дзеянняў 1812 года, другі — падчас Першай сусветнай вайны, трэці — у гады Вялікай Айчыннай.
А завяршыўся гэты насычаны падзеямі дзень у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Па словах Галіны Харламавай, экспазіцыя музея ўразіла багаццем экспанатаў. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў з Расіі выклікала тая зала, дзе расказваецца аб лагеры Шталаг-352, праз які калісьці пераганяліся ў Польшчу і Германію ваеннапалонныя, захопленыя пад Вязьмай.
На наступны дзень госці наведалі Брэсцкую крэпасць-герой, а таксама пабывалі ў Свята-Мікалаеўскім храме, размешчаным на тэрыторыі мемарыяла.