Яны праектавалі дызайн

№ 16 (1403) 20.04.2019 - 28.04.2019 г

Сёлетняй вясною сваё 80-годдзе адзначаюць адразу два мэтры, якія стаялі каля вытокаў сучаснай беларускай школы дызайну, — Ігар Герасіменка і Алег Чарнышоў.

/i/content/pi/cult/741/16100/21.JPGНастаўнік, маладзейшы за вучня

У 1967 годзе ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце была створана кафедра прамысловага мастацтва. Яе загадчыкам прызначаны малады (тады яму было толькі 28!) архітэктар Ігар Герасіменка. Нягледзячы на сваю адукацыю, ён адным з першых у Беларусі пачаў працаваць у галіне дызайну. Таму невыпадкова, што менавіта яго кандыдатура была абрана на адказную пасаду кіраўніка новастворанай кафедры.

Мне пашчасціла быць у ліку яе першых студэнтаў. Ігара Герасіменку я ўпершыню ўбачыў падчас уступных іспытаў — ён прымаў экзамен па кампазіцыі. Мы, абітурыенты, спачатку нават не зразумелі, што гэты сціплы малады чалавек невысокага росту і ёсць наш будучы загадчык кафедры. Гаварыў ён нягучна, рухаўся асцярожна — нібы баючыся каго-небудзь патурбаваць.

Бліжэй пазнаёміліся мы з ім пазней, калі ўжо пачалася вучоба на першым курсе аддзялення прамысловага мастацтва. Менавіта так — або яшчэ “мастацкае канструяванне” — менавалася тады наша прафесія. Замежнага слова “дызайн” у той час у Савецкім Саюзе пазбягалі. Яно ўжывалася толькі ў прафесійнай літаратуры.

А неўзабаве пазнаёміліся мы і з тым чалавекам, які пазней змяніў Герасіменку на пасадзе загадчыка кафедры — Алегам Чарнышовым. Ён быў на які месяц старэйшы за свайго калегу, але на той час яшчэ вучыўся на пятым курсе аддзялення інтэр’ера і абсталявання. Абраўшы тэмай дыпломнай работы праект глядзельнай залы кінатэатра на 1000 месцаў, студэнт імкнуўся выкарыстаць прыёмы сучаснага дызайну, таму кіраўніком праекта абраў менавіта Ігара Герасіменку. І не раз наведваўся на заняткі нашага курса па кампазіцыі, якія вёў яго дыпломны кіраўнік.

/i/content/pi/cult/741/16100/22.JPGАкрамя кампазіцыі, Герасіменка вёў у нас праектаванне, архітэктоніку, гісторыю дызайну. Тады методыка выкладання дызайнерскіх дысцыплін яшчэ не была распрацавана — яна нараджалася літаральна ў ходзе вучэбнага працэсу. Што такое дызайн, мы даведваліся, па сутнасці, разам з нашымі выкладчыкамі. Першую скрыпку тут, канечне, граў Герасіменка.

Агульны накірунак адукацыі даваў будучым дызайнерам навыкі ў рашэнні надзённых практычных задач. На Першай рэспубліканскай навукова-метадычнай канферэнцыі па праблемах дызайну і мастацка-канструктарскай адукацыі, якую правяла кафедра, Герасіменка так фармуляваў яе задачы: “Ад таго, наколькі поўна дадзім мы будучаму спецыялісту ўяўленне пра сферу прыкладання яго працы, наколькі ўзброім яго метадамі і сродкамі дзейнасці, зададзім перспектыву яе развіцця, залежыць умацаванне прафесіі, пашырэнне сфер яе ўплыву, рэальны ўнёсак у эканоміку і культуру краіны”.

Пасля таго як Чарнышоў абараніў дыпломную работу, ён стаў і сам выкладаць на нашай кафедры. Калі раней мы яго ведалі як студэнта, які сядзеў поруч з намі на лекцыях, то цяпер ён сам пачаў чытаць нам лекцыі. Прычым маладому выкладчыку даверылі весці такую складаную дысцыпліну, як “Функцыянальны аналіз” — яна і сапраўды патрабуе аналітычнага складу розуму. І тут Чарнышоў стаў выяўляць свае схільнасці тэарэтыка, якія яскрава праявіліся пазней.

А ўжо неўзабаве былы вучань стаў даганяць настаўніка. Кандыдацкія дысертацыі яны абаранілі амаль адначасова (Герасіменка — у 1982 годзе, Чарнышоў — у 1983), толькі першы — у галіне мастацтвазнаўства, а другі — філасофскіх навук. Тэмай дысертацыі Герасіменкі была “Тэхналогія вытворчасці і праблемы мастацка-канструктарскага формаўтварэння”. Чарнышоў назваў сваю дысертацыю “Канцэпцыя ўзаемадзеяння і метадычныя праблемы дызайну”.

Герасіменка кіраваў кафедрай прамысловага мастацтва на працягу 17 гадоў, але ў 1984 годзе ён пакінуў сваю пасаду і перайшоў на праектную працу, стаўшы кіраўніком дызайн-цэнтра інстытута “Мінскграмадзянпраект”. Загадваць жа кафедрай дызайну ў БДТМІ пачаў Алег Чарнышоў. У той час бурлівага індустрыяльнага росту новыя абставіны ў эканоміцы і культуры краіны запатрабавалі падрыхтоўкі спецыялістаў шырокага профілю, здатных мэтанакіравана арганізоўваць і свядома кіраваць сваёй даследчай, праектнай і мастацкай дзейнасцю. Гэта патрабавала для свайго паспяховага рашэння іншых навукова-тэарэтчыных асноў, канцэптуальных установак, педагагічных прынцыпаў, метадаў і сродкаў.

У сваіх артыкулах Чарнышоў даваў “вызначэнне дызайну як асобнага сінтэтычнага віду праектнай і мастацка-практычнай дзейнасці, канчатковая мэта якой складаецца ў фарміраванні, развіцці і практычнай актуалізацыі сацыяльна значных уласцівасцяў і якасцяў чалавека ў працэсе яго актыўна-дзейнаснага ўзаемадзеяння з матэрыяльным дызайн-прадуктам”. І такі падыход на той момант быў папраўдзе наватарскім: дызайн заваёўваў сваё пачэснае месца пад сонцам.

Дэпутат апошняга склікання

Загадчыкам кафедры дызайну БДТМІ Чарнышоў з’яўляўся да 1989 года. А далей у яго кар’еры адбыўся імклівы скачок. Ён быў абраны народным дэпутатам СССР, неўзабаве стаў намеснікам старшыні камісіі Вярхоўнага савета па культуры, а пазней — намеснікам старшыні камітэта ВС СССР па міжнародных справах. Але хто тады ведаў, што той склад савецкага парламента — ужо апошні?

Пасля таго, як Савецкі Саюз распаўся, Чарнышоў вярнуўся ў Мінск, на сваю родную кафедру — цяпер ужо Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Пэўны час працаваў там дацэнтам. Пазней узначаліў кафедру дызайну Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Тут ён ізноў сустрэўся са сваім калегам Ігарам Герасіменкам.

У свой час Чарнышоў змяніў Герасіменку на пасадзе загадчыка кафедры, а цяпер усё здарылася наадварот — праз некалькі гадоў Герасіменка стаў загадчыкам кафедры замест Чарнышова. Але з часам лёс ізноў развёў лёсы гэтых мэтраў беларускага дызайну.

/i/content/pi/cult/741/16100/23.JPGАд тэорыі да “Ё-мабілю”

Чарнышоў праявіў сябе найперш як тэарэтык. Ён даволі доўга загадваў кафедрай дызайну на гуманітарным факультэце БДУ, потым заняў аналагічную пасаду ў Мінскім інавацыйным універсітэце. І адначасова з выкладчыцкай дзейнасцю несупынна займаўся навуковай працай. Яго пяру належаць такія кнігі, як “Кампазіцыя: тэарэтычны практыкум”, “Канцэптуальны дызайн”, “Дызайн-адукацыя. Новая мадэль прафесійнай падрыхтоўкі дызайнераў”. Яны сталі ўжо класікай беларускай навуковай думкі ў галіне дызайну.

Герасіменка таксама працягваў выкладанне — спярша на кафедры мастацтваў Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ, а потым на кафедры дызайну Інстытута сучасных ведаў імя Аляксандра Шырокава. Але пры гэтым ён несупынна праяўляў сябе як практык — аўтар смелых ідэй, некаторыя з якіх яўна апярэдзілі свой час.

Асобая сфера яго інтарэсаў — аўтамабілі. У гэтай галіне ён мае некалькі пасведчанняў на вынаходніцтва. Так, дызайнер прапанаваў арыгінальную канструкцыю адчынення салона машыны — паваротам са зрухам шклянога каўпака. І менавіта Герасіменку належыць першапачатковая ідэя знакамітага “Ё-мабіля”.

Зрэшты, гэта нават не самая арыгінальная яго распрацоўка. Як вам, напрыклад, канцэпцыя мабільнага трактара па матывах страусавага яйка? Думаецца, паўнавартасна ацаніць яе здолеюць толькі нашы нашчадкі.

А вось сучаснікі ўжо годна ацанілі практычныя ўзоры прымянення яго таленту. Напрыклад, у сферы экспазіцыйнага дызайну, якім Герасіменка актыўна займаўся ў апошнія дзесяцігоддзі. Менавіта ён праектаваў такія знакавыя аб’екты, як беларускія павільёны на ЭКСПА ў Шанхаі і Астане.

Сёння ў Беларусі некалькі соцень дызайнераў лічаць сябе вучнямі Герасіменкі і Чарнышова. Яны памятаюць тыя ўрокі, што некалі далі ім іх настаўнікі. Пажаданне ж, якое некалі выказаў Алег Чарнышоў маладым, застаецца актуальным і сёння: “Калі дызайнер сапраўды імкнецца стаць класным спецыялістам у сваёй справе, то ён сам як творчая асоба павінен сумець “спраектаваць”, спрагназаваць шляхі, метады і сродкі ўдасканалення свайго прафесійнага майстэрства”. Менавіта так у свой час зрабілі і самі Герасіменка і Чарнышоў. І толькі дзякуючы гэтаму яны сталі выдатнымі майстрамі.

Якаў ЛЕНСУ,
кандыдат 
мастацтвазнаўства