Навошта ратушы “бабровы хвост”?

№ 31 (849) 02.08.2008 - 08.08.2008 г

У мінулым нумары мы распавялі пра адкрыццё ў Магілёве адноўленага будынка гарадской ратушы, у цырымоніі адкрыцця якой прыняў удзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Айчынны вянок гісторыка-культурнай спадчыны папоўніўся яшчэ адным вернутым нам, сучаснікам, і цяпер ужо нашым нашчадкам архітэктурным помнікам. Пра непасрэдную працу над ўзнаўленнем Магілёўскай ратушы, а таксама пра задачы, якія ставяць сёння перад сабой айчынныя рэстаўратары, распавядае навуковы кіраўнік праекта па аднаўленні ратушы, дырэктар Цэнтра па рэгенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў і тэрыторый Аляксандр КРОПАТАЎ.

 /i/content/pi/cult/170/1610/Ratusha1.jpg
Наша арганізацыяпераемніца "Беларускага рэстаўрацыйна-праектнага інстытута", які, у сваю чаргу, быў наступнікам "Беларускіх спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных праектных майстэрняў".
Менавіта яны на пачатку васьмідзесятых гадоў займаліся пытаннямі рэканструкцыі ратушы. Названыя ўстановы праводзілі грунтоўныя археалагічныя работы, гістарычныя даследаванні ў архівах. Шмат што па праекце Магілёўскай ратушы ўжо тады было зроблена і адкрыта, у прыватнасці, знайшлі рэшткі фундамента. Вынікі даследаванняў зафіксавалі, прааналізавалі і да канца васьмідзесятых — пачатку дзевяностых гадоў быў гатовы сучасны для таго часу будаўнічы праект. Акурат тады была вызначана і будучая музейная функцыя ратушы. Але з недахопам грошай у тыя гады ўсё прыпынілася, хаця быў нават выкладзены фундамент.
У 2004 годзе да нас звярнуўся Магілёўскі гарвыканкам з просьбай выканаць эскізны праект па ўзнаўленні ратушы, што мы і зрабілі, узгадніўшы яго і з Упраўленнем па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, і з Магілёўскім архітэктурным упраўленнем. У сярэдзіне 2006 года выканалі архітэктурны праект па ратушы, аднак у чэрвені 2007 года нам давялося сур’ёзна карэкціраваць яго: былі праведзены археалагічныя вышукі, якія выявілі вялікі слой насыпных грунтоў, так што фундамент ратушы давялося паглыбляць яшчэ да 7 метраў.
Так што стары праект быў перапрацаваны карэнным чынам: зніклі падвалы, у сім-тым змяніліся функцыі, узніклі новыя інжынерныя камунікацыі, сеткі і г. д. Усё названае, па сутнасці, было зроблена наноў.

— Ёсць такое меркаванне, што рэканструкцыя старых будынкаў, помнікаў архітэктуры павінна адбывацца з максімальным улікам тэхналогій, па якіх яны ўзводзіліся, — так, як рабілі нашы продкі. Але ж мы разумеем, што новыя матэрыялы часам нашмат больш трывалыя, практычныя і эканамічна абгрунтаваныя.

— Гэта, канешне, так. І мы прытрымліваемся пэўных тэхналогій, улічваем, што і як было раней. Калі, да прыкладу, раней у ратушы была керамічная дахоўка, дык ніхто і не прапаноўвае замяніць яе на металадахоўку. Мы гэты саамы “бабровы хвост” замовілі ў Германіі.
Сцены таксама можна выкласці з газасілікатных блокаў, але клалі ж з паўнацелай цэглы, бо разумеем, што нават чляненне ўсялякіх рустоў у ратушы адпавядае модулю паўнацелай цэглы. Натуральна, намагаліся прытрымлівацца гэтых важных знешніх момантаў. Але калі ў ратушы, па апісаннях, была земляная падлога, мы, натуральна, не сталі яе ўзнаўляць.

— Наколькі падрабязная дакументацыя захавалася пра тое, што і як было ў ратушы?

— Дастаткова падрабязная. Хаця пры праектаванні ўлічвалі не толькі канкрэтныя дакументальныя звесткі, але і багаты агульнагістарычны досвед. У праектным рашэнні з дапамогай камп’ютэра сумясцілі гістарычную фатаграфію ратушы і сучасны праект, дзякуючы чаму многія нашы задумы і прапановы здзейсніліся. Іх слушнасць мы змаглі ўбачыць амаль што ўвачавідкі і дакладна пралічыць.

— А наколькі важнаю для рэстаўрацыі таго ці іншага гісторыка-культурнага ці архітэктурнага помніка бачыцца задача ўзнаўлення не толькі знешняга выгляду будынка, але і яго функцыянальнасці?

— Мы, канешне ж, не вызначаем пытанняў функцыянальнасці таго ці іншага аб’екта рэстаўрацыі, але да пачатку работ, безумоўна, дакладна ведаем, для чаго ў будучым гэты будынак будзе прыстасаваны — усё гэта высвятляецца, абгаворваецца і дакладна прапісваецца яшчэ на этапе атрымання задання на праектаванне. У выпадку з ратушай удала супала тое, што дзяржаўныя функцыі магістрата, які раней тут месціўся, былі дапоўнены і трансфармаваны ў музейныя.

— Наколькі паўнацэнным можа быць функцыянаванне падобных аб’ектаў пасля іх рэстаўрацыі?

— Вы ведаеце, у савецкі час любы манастыр, любую царкву заўсёды імкнуліся прыстасаваць пад планетарый, музей, канцэртную залу — пад што заўгодна, толькі не пад культавую ўстанову. Зараз мы падыходзім да гэтага пытання больш рацыянальна, імкнёмся максімальна ўлічваць першапачатковыя функцыянальныя задачы таго ці
 /i/content/pi/cult/170/1610/Ratusha2.jpg

Гістарычны фотаздымак ратушы, сумешчаны
з сучасным праектам.

іншага будынка.
Магілёўская ратуша — гэта тыпова адміністратыўны будынак, і сёння тут можа размяшчацца дзяржаўная ўстанова. Мы імкнёмся захоўваць функцыянальнасць будынкаў таму, што яна вельмі часта вызначае нават архітэктурна-планіровачныя асаблівасці.Да прыкладу, анфіладная сістэма пакояў наўрад ці можа быць уласціва жылым памяшканням — гэткая прадуманая планіроўка, калі ты паступова пераходзіш з аднаго пакоя ў другі, відавочна разлічана на музей.

— Такім чынам, адна з задач рэстаўратараў — максімальна раскрыць тыя функцыянальныя магчымасці і перспектывы, якія адкрывае будынак пасля свайго аднаўлення?

— Менавіта так. Дарэчы, каб доўга не расказваць пра ўсё, што мы зрабілі, я запрашаю ўсіх паглядзець абноўленую ратушу. Яна ўжо адкрыта і прымае наведвальнікаў, прычым цяпер абсалютна бясплатна яе можа наведаць кожны ахвотны.
Канешне, было б добра, маючы адноўленую ратушу, узнавіць і іншыя страчаныя будынкі — так званы Дом губернатара, дзе ў перыяд Першай сусветнай вайны была стаўка імператара Мікалая ІІ, правесці рэканструкцыю фасада будынка, што з’явіўся на плошчы ўжо ў 60-ыя гады — мы б атрымалі цудоўны завершаны ансамбль канца ХІХ— пачатку ХХ стагоддзяў.

— Зразумела, што рэстаўрацыя Магілёўскай ратушы — не адзіны праект Цэнтра. Над якімі яшчэ аб’ектамі давядзецца працаваць?

— Займаемся рэстаўрацыяй замка ў Гальшанах, сядзібы ў вёсцы Чырвоны Бераг, што пад Гомелем, мінскага Петрапаўлаўскага сабора… Калі гаварыць пра Мінск, то ў межах урадавай праграмы па ўзнаўленні Верхняга горада, якая разлічана да 2010 года, наш Цэнтр працуе над шэрагам дамоў па вуліцах Рэвалюцыйная, Кірыла-Мяфодзіеўская…

— Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра работу ў Верхнім горадзе.

— Генеральная арганізацыя-праекціроўшчык, якая выйграла конкурс па распрацоўцы генплана ўзнаўлення — гэта “Мінскпраект”. І мы шчыльна супрацоўнічаем з ім, як і з дзяржаўным заказчыкам КУП “Мінская спадчына”, на балансе ў якога знаходзяцца ўсе гістарычныя будынкі горада.
Калі гаварыць пра непасрэднае прыстасаванне кожнага канкрэтнага будынка, дык тут, натуральна, ёсць некалькі шляхоў. Да таго ж, варта ўлічваць, што да гэтых работ прыцягваюцца і сродкі прыватных інвестараў, таму ў пэўнай ступені яны таксама дыктуюць свае пажаданні. Да таго, зноў жа, варта памятаць і ўлічваць новыя функцыянальныя задачы рэстаўраваных аб’ектаў. Напрыклад, некалькі будынкаў па Ракаўскайі Рэвалюцыйнай вуліцах раней былі жылымі пабудовамі, цяпер жа яны ператворацца ў кавярні, офісы… Новыя задачы вызначаць і канчатковыя рашэнні, тым больш што наш абавязак — даваць гісторыка-культурным і архітэктурным помнікам новае, паўнавартаснае жыццё.

Гутарыла Таццяна КОМАНАВА