Агінты, што спарадзілі Агінскіх

№ 16 (1403) 20.04.2019 - 28.04.2019 г

Памятаю, яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў даследчыкі біяграфіі Міхала Клеафаса Агінскага з Беларусі і Украіны зацята спрачаліся наконт таго, дзе ж знаходзіцца тое паселішча Агінты, якое дало імя знакамітаму княжацкаму роду. Вакол назвы панаваў арэол рамантычнасці і таямніцы — як, зрэшты, і вакол усяго, што звязана з жыццём кампазітара і палітыка. Тады мы яшчэ не ведалі пра яго бадай нічога і нястомна шукалі хаця б некалькі слоў у бібліятэках ці гістарычных часопісах. Але ў наш час любыя адлегласці пераадольваюцца даволі лёгка, а невядомае хутка становіцца вядомым і імгненна разносіцца па свеце. Вось і мне давялося пабываць у тых мясцінах, адкуль бяруць вытокі Агінскія.

/i/content/pi/cult/741/16099/20.JPGЗруйнаванае котлішча

У манаграфіі маскоўскага музыказнаўцы Ігара Бэлзы “Михал Клеофас Огиньский” (1974) у свой час мне сустрэліся такія радкі: “Агінскія паходзяць з Агінтаў у Жыжмарскім павеце…” Але дзе знаходзіцца той павет, не ўдакладнялася. Таму беларускія даследчыкі падазравалі, што гэта недзе ва Украіне, а ўкраінскія — што недзе ў Беларусі. Хаця ў той самы час гісторыкі-краязнаўцы суседняй, тады яшчэ савецкай Літвы не толькі добра ведалі, дзе месцяцца Жыжмары (па-літоўску Жыжмарай), але нават рабілі экспедыцыі ў самі Агінты. Ды, відаць, час пісаць пра арыстакратыю тады яшчэ не прыйшоў.

Сёння кожны, хто цікавіцца гісторыяй гэтага роду, можа даведацца, што Агінты разам з гмінным цэнтрам Жыжмарай і павятовым горадам Кайшадорыс знаходзяцца за нейкіх 60 кіламетраў ад Вільнюса, па дарозе на Каўнас. Даволі блізка ад нас — фактычна гэта паўночна-заходнія ваколіцы былой сталіцы ВКЛ! Да таго ж, Кайшадорскі павет у мінулым уваходзіў у склад Віленскага ваяводства — гэтак жа, як і Ашмянскі, куды, у сваю чаргу, уваходзіла родная для мяне Смаргонь!

А памяць пра Агінты да нас вярнулася наступным чынам. У літоўскім гарадку Рэтавас — месцы, звязаным з біяграфіяй сына Міхала Клеафаса Агінскага Ірэнэўша (1809 — 1864), непадалёк ад усім вядомай Палангі — жыла не так даўно руплівая і цікаўная настаўніца Элеанора Равіцкене, даследчыца гісторыі сваёй мясцовасці. Яна вельмі шанавала постаць стваральніка паланеза “Развітанне з Радзімай” і арганізавала экспедыцыю па мясцінах, звязаных з князямі Агінскімі.

У адным з яе лістоў я прачытала ўражанні ад наведвання Агінтаў: “…С большим трудом я нашла Уогинтай (уога — значит “ягода”). Музей в Плунге дал машину. Мы, группа людей, едем. Я знала, где искать — в районе Kajsziadoris... Нам помогала одна женщина из музея, но и она ничего не знала. Мы нашли деревню Uogintai, в ней осталось несколько домов. Я знала, что последним хозяином был Антоний Качинский… Вид очень печальный, в 1944 г. всё погибло в пожаре. Мусор, крапива… Сохранилась только часть липовой аллеи — и всё… Мы стояли и молчали. Это — гнездо известной фамилии Огинских, прославившей себя в войне, искусстве, и сегодня здесь — только руины! Жители рассказали, что ещё в начале ХХ века имение было в прекрасном состоянии: аллеи, цветы, хорошие постройки. Советская власть вывезла А. Качинского и его семью в Сибирь. Он не доехал до Сибири, умер в Минске, в вагоне…”

У рамантычнай смузе

І вось, 29 сакавіка гэтага года мы, васьмёра прадстаўнікоў Маладзечанскага дабрачыннага фонду “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага”, вырушылі ў легендарныя Агінты. Настрой у нас быў ужо не такі змрочны, як у светлай памяці Элеаноры Равіцкене. Мы ведалі, што ў Літве нас чакае выдатны праваднік — дырэктар Кайшадорскага краязнаўчага музея Аліярдас Лукашавічус, з якім мы пазнаёміліся мінулым летам падчас прыезду ў Беларусь музейных працаўнікоў Літвы. І дзякуючы яго спрыянню нам не давядзецца блукаць у пошуках былых маёнткаў продкаў Міхала Клеафаса.

Такі гід быў для нас вельмі важны, бо знайсці тыя ж Агінты старонняму чалавеку бадай немагчыма: сёння там нават і руінаў не засталося. Прамінаем балоцісты ручай, за ім хмызняк, а за хмызняком — дубы, прыкмета сухой зямлі. Там і знаходзілася першая сядзіба князёў Агінскіх. Нага часам натыркаецца на цагляныя і каменныя фундаменты нейкіх пабудоў, а суседняе поле само выкідвае на паверхню абломкі глінянага посуду і старадаўняй кафлі.

Менавіта сюды ў 1486 годзе прыбыў князь Дзмітрый Глушонак, атрымаўшы ад вялікага князя Аляксандра маёнтак Агінты.

Кожны землеўладальнік у тыя часы імкнуўся служыць на дзяржаўных пасадах, уносячы ўклад у вырашэнне важных пытанняў і зарабляючы новыя ўзнагароды ад вялікага князя літоўскага ці караля. Агінскія — служылы род, прадстаўнікі якога паказалі сябе як добрасумленныя вайскоўцы і адміністратары. Сваё паходжанне яны выводзілі з Рурыкавічаў, князёў Кіеўскіх, і ў прыватнасці з нашчадкаў Яраслава Мудрага.

Продкі Міхала Клеафаса ў XVI — XVII стагоддзях увесь час імкнуліся пашыраць свае ўладанні ў ВКЛ, набываючы суседнія з
Агінтамі землі. У непасрэдным суседстве з іх маёнткамі пад Кайшадорысам апынуліся ўладанні іншых магнатаў — Тышкевічаў, і мяжой іх уладанняў стала рака Нёман.

Агінты ў той дзень былі ахутаныя рамантычнай веснавой смугой, праз якую траплялі проблескі сонца. Бадай што, гэтая іх безабаронная закінутасць уразіла нас больш, чым сустрэча з наступнымі, поўнасцю ацалелымі пабудовамі роду князёў Агінскіх, якія паказаў нам нястомны гід Аліярдас Лукашавічус.

Мармуровыя барэльефы

Другім значным уладаннем Агінскіх, якое яны ўтрымлівалі з 1570 года і ажно да сярэдзіны ХІХ стагоддзя, было мястэчка Кроні (па літоўску Круоніс). Сёння там можна ўбачыць руіны палацу, збудаванага Багданам Тэадорам Агінскім (1568 — 1625), і касцёл Святой Дзевы Марыі Каралевы Анёлаў. Храм гэты першапачаткова быў праваслаўнай царквой, бо і ўвесь род Агінскіх быў праваслаўным, перабраўшыся сюды з тэрыторыі былой Кіеўскай Русі. Але з часам ён перайшоў ва ўніяцтва, а пасля і ў рыма-каталіцтва. Багдан Тэадор, апрача царквы, пабудаваў тут яшчэ і кляштар, які да нашых дзён не дайшоў. Сам ён быў пахаваны ў сутарэннях храма разам са сваім сынам Львом Самуэлем. Пахаванні не ацалелі, да нас дайшлі толькі пасмяротныя барэльефы з чырвонага мармуру. Яны ўражваюць сваімі мастацкімі якасцямі і наводзяць на роздум пра тое, наколькі вялікімі былі матэрыяльныя магчымасці роду Агінскіх ужо ў той час.

Побач з Кайшадорысам знаходзіцца шмат мясцін, якія належалі Агінскім: сённяшнія мястэчкі Дарсунішкі (Дарсунішкіс), Румшышкі, Еўе (Вевіс). Ды, на жаль, з пабудоў часоў Агінскіх там не ацалела амаль нічога. Знішчыў іх не столькі час, колькі “рэвалюцыйны” імпэт і недальнабачнасць жыхароў гэтых мясцін.

Між тым, Еўе ўвайшло ва ўсе беларускія гістарычныя энцыклапедыі як месца, дзе знаходзілася друкарня Віленскага праваслаўнага брацтва пад кіраўніцтвам Лявонція Карповіча, якая выпусціла вялікую філалагічную працу аўтарства Мялеція Сматрыцкага — “Славенскую граматыку”, а таксама і першы беларускі буквар.

У ХІХ стагоддзі Еўе належала пляменніку Міхала Клеафаса Габрыэлю Агінскаму, які пабудаваў там велічны касцёл. На шчасце, ён захаваўся, і мы змаглі яго наведаць. Дарэчы, сама фігура таго князя выклікае немалую ўвагу. Габрыэль Юзаф Анджэй Aгінскі (1784 — 1842) — кавалер Ганаровага Легіёну, начальнік асабістай аховы Напалеона ў кампаніі 1812 года, вайсковы дарадца i віцэ-прэзідэнт Часовага Ураду Літвы ў паўстанні 1830 — 1831 гадоў. Пасля паўстання эміграваў з жонкай у Францыю, а падчас вяртання на радзіму быў арыштаваны і кінуты ў віленскую турму. Там ён і памёр 26 снежня 1842 года.

У першай палове ХІХ стагоддзя Габрыэль Агінскі сканцэнтраваў у сваіх руках усе вышэйназваныя маёнткі роду (як найстарэйшы спадчыннік рана памерлага бацькі Ігнація Агінскага і маці Юзэфы Агінскай, роднай сястры Міхала Клеафаса) і прыклаў намаганні, каб перавесці сваю гаспадарку на капіталістычныя рэйкі. У рэзідэнцыйным маёнтку Мураваныя Стравенікі (Муру Стрэвінінкай) ён пабудаваў двухпавярховую ткацкую фабрыку, дзе апрацоўвалася воўна сіламі прыгонных жанчын, што давала нядрэнны прыбытак, а таксама двухпавярховы палац у класічным стылі, які ў добрым стане захаваўся да нашых дзён. Сёння тут знаходзіцца дзяржаўная медыцынская ўстанова для інвалідаў.

У гэтай мясцовасці ёсць маляўнічыя куткі, якімі можна падоўгу песціць вока. Мы прагульваліся паміж высокіх соснаў паблізу палацу апошняга з князёў Агінскіх на іх гістарычнай зямлі і спрабавалі адчуць усю веліч здзяйсненняў вялікага роду вайскоўцаў і саноўнікаў, патрыётаў і музыкантаў, пра які ў нашай Беларусі пакуль усё яшчэ мала звестак. Мала сістэматызаваных звестак і пра беларускія ўладанні роду Агінскіх.

Расставаліся мы з нашымі літоўскімі праваднікамі з планамі на новыя сустрэчы і сумесныя справы, якія будуць прысвечаны блізкай ужо 255-й гадавіне з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага.

Таццяна КЛЯШЧОНАК