“Жужа” не толькі вясёлы, але і якасны!

№ 16 (1403) 20.04.2019 - 28.04.2019 г

Хачу пагаварыць пра якасць. Наспела і карціць. Я вельмі любіў калісьці мінскія тралейбусы, дзе працавалі кіроўцамі класныя спецыялісты з высокім пачуццём прафесійнай годнасці. Яны ніколі не забываліся на тое, што займаюцца перавозкай людзей: транспарт рухаўся плаўна, без рыўкоў, пасажыры пачувалі сябе камфортна. А фірмовай пазнакай сталічнасці нашых тралейбуснікаў было тое, што яны самі абвяшчалі назвы прыпынкаў — і, як правіла, на роднай мове. Усё гэта стварала нейкую сямейную даверлівую атмасферу на маршруце. Госці сталіцы здзіўляліся і зайздросцілі. Памятаеце? Прайшлі тыя часы. Пры кожным павышэнні кошту праязнога дакумента мы справядліва чакаем павышэння якасці абслугоўвання. Чакаем, іншым разам, дарэмна. Сышлі на пенсію прафесіяналы. За стырно тралейбусаў селі маладзёны, якія так і не здолелі зразумець, што рух без рыўкоў — норма, а не выключэнне. Сітуацыю не ратуюць і прыватныя маршруткі, дзе не пра пасажырскі камфорт дбаюць, а пра грашовы прыбытак. Я раблю праекцыю на беларускую рэгіянальную культуру — і з радасцю бачу адваротную карціну.

/i/content/pi/cult/741/16097/18.JPGКошт канцэртных білетаў не павялічваецца, а якасць нашага самадзейнага мастацтва няўхільна расце. Залы ў раённых цэнтрах цяпер збіраюць не сталічныя зоркі другога эстраднага эшалона, а мясцовыя “аматаршчыкі”. Замежнікі пытаюцца: “Навошта гэта вам?” “Трэба!” — рашуча адказваем мы і прысвойваем чарговаму калектыву чарговае званне “народны”. І ладзім чарговы семінар ці фестываль “самадзельшчыкаў” — каб тыя, не дай Божа, не знізілі градус напалу сваёй творчасці…

Як распавядае загадчык аддзела культурна-дасугавай дзейнасці Уздзенскага раённага дома культуры Людміла Цвірка, чарговы такі семінар правялі ўдзельнікі першага раённага фестывалю творчасці самадзейных паэтаў-песеннікаў і кампазітараў “Вянок”: “Фестываль прысвячаўся 525-годдзю Узды, — піша аўтар. — Вельмі прыемна адзначыць, што адзін з удзельнікаў мерапрыемства Юрый Рослік летась быў прыняты ў сябры Беларускага саюза музычных дзеячаў. Гэтай падзеі папярэднічала карпатлівая работа — канцэртная дзейнасць гурта “Кандраты” Азерскага СДК. Калектыў выступаў у Віцебску, Мядзелі, Беразіне, Клецку, Салігорску, Гродне. У творчым тандэме з Рослікам працуе і аўтар тэкстаў, вакаліст Сяргей Казлоў”. Наколькі ведаю, прататыпам назвы гурта стаў знакамты байкапісец Кандрат Крапіва.

Наш пастаянны аўтар — мастацкі кіраўнік Палаца мастацтваў Бабруйска Наталля Шулікава — распавядае, што “лаўрэатам другой ступені абласнога агляду-конкурсу аматарскіх тэатральных калектываў “У далонях маёй Беларусі” стаў узорны музычны тэатр “Слугі трох муз”. У конкурсе бралі ўдзел 23 аматарскія тэатральныя калектывы, студыі і гурткі Магілёўшчыны.

Удзельнікі абласнога фестывалю ўзорных тэатральных калектываў “Слонімскія цудадзействы” стварылі свята для аматараў сцэны. На мерапрыемстве, якое традыцыйна ладзіцца раз на два гады на дзвюх гарадскіх пляцоўках — драмтэатра і цэнтра культуры і адпачынку — выступілі дзіцячыя тэатры са Слоніма, Мастоў, Ліды, Гродна, Бераставіцы, Шчучына, Дзятлава, Іўя. Першае месца заняў узорны тэатральны калектыў Іўеўскай дзіцячай школы мастацтваў (мастацкі кіраўнік Наталля Афоніна). Распавяла пра гэта метадыст Гродзенскага абласнога цэнтра народнай творчасці Аліцыя Рабцава.

І яшчэ адзін, незвычайны фестываль, які пройдзе 20 мая ў Слонімскім раёне. Гаворка пра “Жыровіцкі фэст”, які традыцыйна ладзіцца ў гонар святкавання з’яўлення цудатворнай іконы Божай Маці. Як паведамляе Слонімскі раённы цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў, да ўдзелу ў фестывалі запрашаюцца хары, аркестры, вакальныя і вакальна-інструментальныя ансамблі, трыа, дуэты і салісты, а таксама — аўтары-выканаўцы, кампазітары-выканаўцы і паэты. Будзе дзейнічаць выстава-продаж вырабаў народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

А вось — фестываль з фестываляў! На ўвазе маецца конкурс для зусім маленькіх (ад трох да дзесяці гадкоў!) творцаў “Вясёлы Жужа”. Доказ яго запатрабаванасці (а значыць — і якасці) хаця б у тым, што ладзіцца фэст ужо ў чацвёрты раз. Як паведамляе супрацоўніца аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры Кацярына Рудзік, едуць сюды дзеткі з усіх абласцей Беларусі. Гэтым разам іх было 630. Плюс педагогі і бацькі. Юныя артысты гралі і спявалі, выяўлялі сваё валоданне мастацкім словам, танцам, выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам.

Не абысціся і без Велікоднай тэматыкі. У Гродне днямі прайшло рэгіянальнае свята-кірмаш рамесніцкіх вырабаў “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня”. Сувеніры з лазы, саломы, дрэва, бісеру, яечнага шкарлупіння, плеценыя кошыкі, карціна з атласных стужак, тканыя палавікі — кожны ахвотны знайшоў тавар па кішэні. Пра фэст паведаміла загадчык аддзела традыцыйнай культуры Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Вольга Шлавянец.

А вось пра што распавядае вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Лялькіна: “У выставачнай зале нашай установы працуе выстава майстроў мастацкіх рамёстваў Смаленшчыны “Майстэрства на ўсе часіны”. Такія абменныя мерапрыемствы сталі цягам апошніх гадоў традыцыйнымі. Наведвальнікі могуць пазнаёміцца з творчасцю дзевяці майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, з этнаграфічнымі калекцыямі Смаленскага абласнога цэнтра народнай творчасці і дзвюма калекцыямі турысцка-краязнаўчага клуба “Гамаюн”.

Карэліцкая раённая бібліятэка стала месцам правядзення першага міжрэгіянальнага фестывалю “Прасоўванне кнігі. Бібліятэчныя ступені”. Раённыя ўстановы Гродзеншчыны: Дзятлаўская, Воранаўская Ваўкавыская, Навагрудская а таксама суседзі — Стаўбцоўская, Баранавіцкая бібліятэкі — прывезлі цікавыя матэрыялы для выстаў, прапанавалі змястоўныя прэзентацыі і тэатралізацыі, галоўным героем якіх стала кніга. Беларускія выдавецтвы “Звязда”, “Рэгістр”, “Мастацкая літаратура” паказалі свае навінкі. Пра гэта распавяла метадыст Карэліцкай раённай бібліятэкі Наталля Казарэз.

А Вікторыя Касцюк з аддзела метадычнай работы Карэліцкага цэнтра культуры і народнай творчасці абвяшчае пра пачатак мотасезона. Байкеры з бліжніх раёнаў сабраліся ў Карэлічах. Акцыя называлася “Я абіраю жыццё”.

Загадчык сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Карына Ошва піша, што ў вёсцы Новая Руда работнікі аўтабібліятэкі сумесна з Парэцкім цэнтрам культуры правялі канцэрт калектываў аматарскай творчасці “З юбілеем, Гродзеншчына!” Гэтае мерапрыемства — адзін са складнікаў канцэртнага марафону “Майстры творчасці з паклонам Гродзенскай зямлі”. Былі наладжаны таксама выстава жывапісу мясцовага мастака Уладзіміра Пакумейкі і кніжная экспазіцыя, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі і заснавання Гродзенскай вобласці. Паралельна з канцэртам ішла выдача кніг.

Міжнародны конкурсны праект “Славянская крыніца” зарадзіўся ў Клайпедзе ў 2003 годзе, у дні памяці святых Кірыла і Мяфодзія — нябесных ахоўнікаў конкурсу юных мастакоў. Адбываецца ён у 15 раз. Сёлета на разгляд журы паступіла чатыры з паловай тысячы малюнкаў з 19 краін. Днямі ў карціннай галерэі Клайпеды адбылося ўзнагароджанне пераможцаў. Выхаванка настаўніка Ніны Захзарэўскай Лізавета Пацеміна аддзячана дыпломам удзельніка выставы. Работа васьмігадовай мастачкі з Барані ўпрыгожвае цяпер экспазіцыю ў карціннай галерэі імя Пранаса Дамшайціса. Пра поспехі зямлячкі напісала настаўніца Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў № 3 Наталля Латышава.

Кіраўнік клуба “Згода” Андрэй Струнчанка паведамляе, што аграгарадок Мазалава стаў цэнтрам правядзення чарговага свята нацыянальных культур. Мерапрыемства аб’яднала грамадзян з Кітая, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Шры-Ланкі, Туркменістана і Узбекістана. Свята адбылося ў пяты раз у межах праекта “Дыялог народаў і культур”. У праграме былі канцэрт, выстава нацыянальнага адзення і літаратуры, а на Алеі сяброўства з’явіліся новыя дрэўцы.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"