Глядзеў у неба, а не пад ногі

№ 16 (1403) 20.04.2019 - 28.04.2019 г

У Нацыянальным мастацкім музеі прайшла выстава Юрыя Герасіменкі-Жызнеўскага, прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння мастака. Зрэшты, нарадзіўся ён у лістападзе 1948-га, так што лагічней было б ладзіць яго персаналку напрыканцы года мінулага. Але атрымалася так як атрымалася: пагатоў, мастакоў шмат, а музей адзін. Усё жадаюць адзначаць юбілейныя даты на гэтай ганаровай прасторы, ды не ва ўсіх атрымліваецца ўплішчыцца ў шчыльны графік выстаў Нацыянальнага мастацкага. Дарэчы, сёлета галоўная мастацкая скарбніца Беларусі адзначае ўласнае 80-годдзе. І тое, што ў кантэксце свята, калі адбор імён на афішах і работ у зменных экспазіцыях стаў яшчэ больш жорсткім, у сценах музея засвяціліся творы менавіта гэтага маладзечанскага графіка, чыё імя, на жаль, вядомае не кожнаму, сведчыць пра выключную каштоўнасць ягонай творчай спадчыны.

/i/content/pi/cult/741/16094/14.jpgСпадар Юрый пражыў няпоўныя 50 гадоў, пайшоўшы з жыцця ў 1997-м. Ён не паспеў атрымаць ганаровых званняў, не было ў ягоным актыве і дзяржаўнай прэміі. Але, нягледзячы на адсутнасць гэтых знакаў пашаны, Герасіменка-Жызнеўскі стаў нашым класікам, адным з найвыдатных прадстаўнікоў беларускай школы графікі.

Мне давялося сустракацца з мастаком у 1980-я. Прыязжаў да яго ў Маладзечна па інтэрв’ю. Ад той сустрэчы засталіся прыемныя ўспаміны. Болей за тое, калі цікавасць да работ мастака спалучылася з непасрэднымі ўражаннямі ад гэтай багата адоранай асобы, я, можна сказаць, стаў фанатам ягонай творчасці. Мне падабаецца літаральна ўсё, што ён зрабіў. Таму, скажу шчыра, мая ацэнка яго спадчыны вельмі асабістая і па вызначэнні суб’ектыўная.

Гэта быў чалавек, які не цураўся ніякай работы, калі ў ёй было хоць каліва творчасці. Ён віртуозна маляваў у манахроме і працаваў з колерам, ілюстраваў кнігі, рабіў эстампы. Надзвычай сур’ёзна ставіўся да працы выкладчыка дзіцячай мастацкай школы. Не дзіва, што многія ягоныя выхаванцы сталі мастакамі. Прычым ніводны з іх не зрабіўся клонам настаўніка. Гэта, скажу я вам, вышэйшы пілатаж — раскрыць чужы талент і не навязаць свайго светапогляду; навучыць, вывесці на святло, а самому застацца нібыта ў ценю.

Да ўсяго, Герасіменка-Жызнеўскі рабіў дэкаратыўныя кампазіцыі для аздобы гарадскіх святаў. І менавіта яму належыць ідэя скульптурнага сімвала фестывалю беларускай песні і паэзіі.

Калі не ведаць, што выстава персанальная, можна падумаць, нібы гэта экспазіцыя цэлай мастацкай суполкі, дзе ёсць паслядоўнікі і прыхільнікі самых розных напрамкаў — традыцыйнага рэалізму, сімвалізму, нацыянальнага рамантызму, абстрактнага мастацтва… І кожны з гэтых мастакоў мае акрэсленую творчую канцэпцыю і ўпэўненую руку.

А справа ў тым, што спадар Юрый з тых людзей, якім было нецікава паўтарацца. Гэта як у Алеся Разанава: “У двух часах з сумненнем і надзеяй, у двух часах спыняюся, бягу… Але заўжды па-новаму не ўмею, а па-старому ўмею — не магу”. Калі нейкая рэч пераставала быць для яго таямніцай, ён браўся за іншую, недаследаваную. Логіка творчасці, як мне падаецца, мусіла прывесці яго да мастацтва, дзе няма нават намёку на фігуратыўнасць, дзе на падставе выявы проста немагчыма пабудаваць асацыятыўны шэраг. Так магчыма, і сталася б, каб Юрый Герасіменка-Жызнеўскі пажыў болей…

Сёння ж можна канстатаваць, што ў гісторыі нашага мастацтва ён застанецца найперш сваімі ілюстрацыямі да кніг. Такіх, як “Выбранае” Якуба Коласа, “Маўчанне травы” Васіля Зуёнка, “Знак бяды” Васіля Быкава. Гэта, уласна кажучы, ужо і не ілюстрацыі, а самастойныя мастацкія творы на аснове літаратурных крыніц.

А калі паспрабаваць агледзіць творчасць Юрыя Герасіменкі-Жызнеўскагаnпанарамна і храналагічна, дык можна заўважыць, што эвалюцыя, якую ён прайшоў як мастак — гэта ўвасоблены шлях ад этнаграфічных каранёў да ўсведамлення роднага краю як чынніка Сусвету. Зямляк і сябра спадара Юрыя скульптар Уладзімір Слабодчыкаў, згадваў, што той быў вельмі непрактычным чалавекам: усё жыццё часцей глядзеў у неба чым пад ногі (і праз гэта меў шмат праблем) і калі-нікалі распавядаў, што “адтуль мы прыйшлі, туды ж і вернемся”. Гэта і ёсць самая сціслая формула творчасці спадара Юрыя.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"