Дэсантнік у дзіцячай піжаме

№ 16 (1403) 20.04.2019 - 28.04.2019 г

Ці здольныя драматычныя акцёры ўвасобіць мюзікл? Тэатры ўжо неаднойчы давалі станоўчы адказ на гэтае пытанне. Праўда, названыя так спектаклі атрымліваліся па-рознаму. Чарговую прыступку ў скарэнні жанру ўзяў Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр, дзе быў пастаўлены мюзікл “Пра Фядота-стральца” маладога беларускага музыканта Ільі Палякова паводле знакамітай вершаванай казкі Леаніда Філатава.

/i/content/pi/cult/741/16092/12.jpgУ пастановачную каманду, якая ўвасобіла новы мюзікл, уваходзяць зусім не навічкі ў гэтай сферы. Рэжысёр Настасся Грыненка і харэограф Дзмітрый Якубовіч могуць увогуле лічыцца заканадаўцамі мод у нашай краіне. За іх плячыма — цэлы шэраг вельмі ўдалых спектакляў у Беларускім дзяржаўным музычным тэатры, буйных прыватных праектаў, цяперашняе кіраўніцтва сталічным тэатрам “Тэрыторыя мюзікла”, дзе ідуць выключна пастаноўкі тандэма. Шматгадовае сяброўства звязвае гэту сямейную пару і з мастаком-сцэнографам Андрэем Меранковым, які працаваў над большасцю яе спектакляў.

Не першы гэта мюзікл і ў Ільі Палякова: дагэтуль у яго быў “Воўк і сямёра казлянят” у Тэатры юнага гледача, “справакаваны” і пастаўлены Ганнай Маторнай на яе ўласнае лібрэта, дзе вядомы сюжэт атрымаў зусім іншае развіццё. Прыблізна гэтак жа з’явіўся і “Фядот”. Ініцыятыва сыходзіла ад Настассі: тэатр запрасіў яе як рэжысёра, яна, у сваю чаргу, прапанавала менавіта гэты матэрыял. І праца “закруцілася”: музыка была створана вельмі хутка, прыблізна за месяц.

Здзіўляцца тут няма чаму: Ілья — сапраўдны прафесіянал, лаўрэат фартэпіянных конкурсаў, выпускнік нашай Акадэміі музыкі па класе цудоўнага піяніста Сяргея Мікуліка. Яшчэ ў гады вучобы захапіўшыся кампазіцыяй і аранжыроўкай, пазней вырашыў зрабіць сваё “хобі” прафесіяй. Некалькі дапісаных ім старонак можна было пачуць ужо ў рок-мюзікле “Страсці па Цілю”, што ствараўся “Тэрыторыяй мюзікла” паводле музыкі Генадзя Гладкова да колішняга драматычнага спектакля Марка Захарава ў Ленкоме. Нарэшце, Палякоў напісаў два ўласныя мюзіклы — дзіцячы (дакладней, сямейны) і цяперашні “дарослы”. Зрэшты, ён пазначаны 12+, а таму таксама можа лічыцца сямейным, толькі для сямей з больш старэйшымі дзецьмі.

Музыка маладога аўтара — адзін з самых моцных і ўражвальных складнікаў “Фядота”. Яна багатая на ўнутраную энергетыку, запамінальныя інтанацыйныя хады, тэмбрава адметныя, расквечаныя электронікай інструментальныя рэплікі, якія часцяком “рэагуюць” на фразы герояў і сцэнічныя падзеі. Нарэшце, у ёй шмат асацыятыўных шэрагаў і пераасэнсаваных цытат-спасылак — у адпаведнасці з агульнай іранічна-постмадэрнісцкай канцэпцыяй і самой літаратурнай першаасновы, і ўсяго спектакля. Царскае войска маршыруе пад хітовую ў моладзі “Незабудку” Цімы Беларускіх, у пераломныя моманты лёс па-бетховенску “грукае ў дзверы”, а Яга спявае “цыганшчыну”. Ёсць нават цэлы рэп-батл, праслізгвае мелодыя французскай народнай калыханкі (беларускі кампазітар Віктар Капыцько калісьці выкарыстаў яе ў сваёй інтэрнацыянальнай “Калыханцы”, але для шырокай публікі яна больш вядомая як песенька са стужкі “Кін-дза-дза”). Дый сама музычная драматургія выбудавана як нельга лепей — у ёй відаць абазнанасць аўтара ў сучасных тэндэнцыях развіцця жанру ў Амерыцы і Еўропе.

Спектакль пярэсціць шматлікімі “прыколамі”, якія ўжо сталі рэжысёрскай фішкай Настассі Грыненка. Маруся (Дар’я Барташ) выклікае памагатых па смартфоне — бы тэлефануе ў фірму бытавых паслуг. Яга (галасістая, вакальна адораная Ганна Барташэвіч) не зёлкі ў лесе збірае, а робіць самагон. А ў вольны час — займаецца фітнесам. У навушніках. Варажба ператвараецца ў сеанс масажу, казачны алень з залатымі рагамі паўстае светлавой навагодняй выявай — каркас з лямпачкамі, вось і ўвесь “цуд”. Цар (Юрый Шаланкоў) даядае за Фядотам (Андрэй Гладкі) кашку. Царэўна (Кацярына Раманнікава) душыць Пасла-людаеда (Дзяніс Маісейчык), бы тэмпераментны Атэла. Генерал (нечаканы ў камічнай ролі Дзяніс Паршын, якога мы прызвычаіліся бачыць героем-каханкам) цытуе паэзію Пушкіна, вядзе роздум пад фанфары, а ягоны конь — усяго толькі драўляная цацка-каталка, што нагадвае танк з веласіпедным рулём. З’яўляюцца на сцэне і музычныя інструменты: героі граюць на балалайцы, гармоніку, нават на патэльні і шаблі.

Але парадыйныя эпізоды і агульны фарсавы пасыл, які прысутнічаў у тэксце, выяўляе фундаментальныя болевыя кропкі сучаснага жыцця. Пераасэнсаваны цэнтральныя персанажы. Цар — усяго толькі капрызнае дзіця. Маруся — тыповая “галава сям’і”, увесь час занятая хатнімі клопатамі. Фядот — ніякі не супергерой, а мамчын сынок, якога даводзіцца карміць з лыжачкі, а даверыць яму можна хіба паліваць непатрабавальны ў доглядзе фікус. Такія рысы характару перададзены нават сцэнічным строем: быццам камуфляж дэсантніка, але колеры нагадваюць дзіцячую піжамку. Падобная эклектыка, якая выдае ўнутраныя пярэчанні дзейных асоб, уласцівая і іншым касцюмам, прыдуманым мастачкай Вікторыяй Ця-Сен.

Галоўны элемент сцэнаграфіі Андрэя Меранкова — частка плота, якая пры павароце сцэнічнага кола становіцца царскім тронам “на ўзвышшы”. Шлагбаумы ператвараюцца ў ліхтары. Ліхтары, уздымаючыся, становяцца падобнымі да цукерак-ледзяшоў. А вось заднік з выявамі купалаў-цыбулінак ды зубчастыя муры ўспрымаюцца, на жаль, надакучлівым дэкаратыўным дадаткам. Надта працяглым здаецца і ўступ з яго прыёмам тэатра ў тэатры: вандроўныя артысты зблыталі платформу, не селі ў свой цягнік — і разыгрываюць спектакль наўпрост на вуліцы.

У заўжды стыльнай і вынаходлівай харэаграфіі Дзмітрыя Якубовіча вылучаюцца “танцы седзячы” (на чамаданах), адметныя танга, пластычнае рашэнне загадкавага Таго-Чаго-Не-Можа-Быць (Максім Дубоўскі). Спектакль бадай упершыню злучае драматычную трупу тэатра і яго пластычна-харэаграфічны калектыў, які звычайна рыхтуе ўласныя балетныя праекты.

З’яўленне “Фядота” — крок Маладзёжнага тэатра не толькі да новага для яго жанру, але і да моладзі. Праўда, тая пакуль не запаланіла залу: на прэм’еры пераважала звычайная ў гэтых сценах сталая публіка, якая быццам баялася, асабліва спачатку, рэагаваць на нязвыклыя для яе жарты і рытмы. Пэўны час спатрэбіцца і артыстам, каб пачуваць сябе вольна не толькі на паэтычнай, але і на музычнай хвалі. Больш востра падкрэсліваць рытмавыя збіўкі, акцэнтаваць штрыхі.

А найперш прыстасавацца да гарнітуры — каб замест крыклівай вампукі ды гарлапанства мы чулі шчырую гаворку і спеў (ці хаця б напаўгаворку-напаўспеў, даравальны драматычным акцёрам). Бо пакуль што ці не адзіная Лізавета Ільеўская ў сціплай ролі аднаго з Блазнаў выбіваецца сярод іншых натуральнасцю маўлення без фарсіравання гуку. Дарэчы, такое знаходжанне агульнага тону, а таксама і больш іранічна-спакойнае — а не парадыйна-патэтычнае — данясенне тэксту дапаможа пазбегнуць крыўдных безгустоўных момантаў, якія часам у спектаклі здараліся.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"