Іспанскі кампазітар — у гонар Вялікадня

№ 16 (1403) 20.04.2019 - 28.04.2019 г

У гэтую нядзелю католікі святкуюць светлы дзень Уваскрэсення Хрыстовага. 21 красавіка канал “Культура” Беларускага радыё падрыхтаваў для іх сапраўдны падарунак — святочны канцэрт з удзелам сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі, Акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі, а таксама іспанскай спявачкі Кансепсьён Мартас.

У нядзелю ў 12.30 радыёслухачы праграмы “Вялікая студыя” атрымаюць рэдкую магчымасць пазнаёміцца з творчасцю сучаснага іспанскага кампазітара, капельмайстра кафедральнага сабору ў Кордаве Клементэ Мата. Каталіцкі храм у гонар Успення Панны Марыі пабудаваны на месцы старажытнай хрысціянскай базілікі Сан-Вінсэнтэ ў цэнтры Андалузіі.

Клементэ Мата напісаў творы, якія гучаць падчас набажэнстваў у храме, а таксама выконваліся ў Ватыкане перад Папам Рымскім. Гэтыя творы і інтэрв’ю з маэстра пачуюць слухачы канала “Культура” ў святочную нядзелю.

Па матэрыялах Прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі