Шпацыр пад наглядам GPS

№ 16 (1403) 20.04.2019 - 28.04.2019 г

“К” працягвае асвятляць развіццё культуры Аршанскага рэгіёна, які вылучаецца насычанасцю аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны і багаццем літаратурна-мастацкіх набыткаў. Ці стаў горад дзякуючы гэтаму ажыўленым турыстычным цэнтрам з адпаведнай інфраструктурай? Для станоўчага адказу фактуры малавата. Як выпраўляецца сітуацыя? На гэтае і іншыя пытанні адказвае начальнік аддзела культуры Аршанскага райвыканкама Сяргей ГАРБАЧОЎ.

/i/content/pi/cult/741/16085/8.JPG— Сяргей Дзмітрыевіч, сетка вашых устаноў культуры вызначаецца надзвычайнай разгалінаванасцю і шматпланавасцю. Як вы да гэтага ставіцеся? Ці збіраецеся штосьці мяняць у перспектыве?

 — Так, структура няпростая: пяць дзяржаўных устаноў культуры і іх 25 структурных падраздзяленняў, тры ДШМ з сеткай філіялаў, ЦБС з 36 бібліятэк, раённы дом рамёстваў, цэнтр народнай творчасці і рамёстваў у Копысі, раённы метадычны цэнтр, а яшчэ — дзіцячы парк, музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны. Дадзеная структура была сфарміраваная ў 2013 годзе і ахоплівае ўсе асноўныя кірункі нашай дзейнасці.

Але час не стаіць на месцы. Аналізую, да прыкладу, работу сельскіх устаноў і бачу пэўныя пралікі: разбалансаванасць ды страту ўзаемасувязі ў сістэме. Так што ў планах — аб’яднанне СДК, СК, клубаў-бібліятэк, аўтаклуба пад апекай райметадцэнтра народнай творчасці, які заўжды і адказваў за работу на сяле.

Неабходна і тое ўлічыць, што колькасць жыхароў невялічкіх вёсак змяншаецца. Не самае папулярнае пытанне аптымізацыі сеткі ўстаноў, выканання сацыяльных стандартаў і эканоміі бюджэтных сродкаў застаецца актуальным. Распрацоўваем ідэі стварэння сельскіх устаноў змяшанага тыпу або ўвогуле закрыцця найменш запатрабаваных з іх. Аднак не думайце, што вяскоўцы застануцца без увагі. Іх абслугоўваннем зоймуцца супрацоўнікі больш буйных устаноў за кошт павелічэння зоны абслугоўвання. Ну і магчымасці аўтаклуба, бібліёбуса і кінапепрасоўкі трэба ўлічваць.

— Дзяржава выдаткоўвае грошы на развіццё вытворчасці раёна, у тым ліку і на абнаўленне культурнай гаспадаркі. Якім канкрэтна ўстановам культуры ў бліжэйшы час чакаць рамонту?

— У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 506 і комплексам мер па рэалізацыі Праграмы развіцця Аршанскага раёна, у аддзеле культуры запланавана правядзенне капітальнага рамонту Бабініцкай сельскай бібліятэкі, Дома культуры ў гарпасёлку Болбасава і памяшканняў Палаца культуры Барані (уключаючы распрацоўку праектнай дакументацыі).

Бягучыя рамонты запланаваны ў 13 будынках устаноў культуры. Будуць аднаўляцца фасады, дах, сістэмы электразабеспячэння, водаправод, каналізацыя.

— Як падаецца, у горадзе не стае вулічнай рэкламы, якая б больш вынікова адлюстроўвала яго турыстычныя адметнасці. Што думаеце зрабіць на гэты конт?

— Лічу, што як раз рэкламы ў Оршы дастаткова. Няма ўказальнікаў для больш хуткага знаходжання нашых аб’ектаў, у тым ліку і музейных. Але ў дадзеным кірунку мы ўжо працуем разам з Нацыянальным гістарычным музеем. Распрацоўваецца праграма для мабільных тэлефонаў і планшэтаў з выкарыстаннем сістэмы каардынат GPS, якая будзе адлюстроўваць пешаходны маршрут па гістарычным цэнтры горада з уключэннем інфармацыі пра музеі-філіялы Оршы. У пачатковым пункце будзе ўсталяваны банер з неабходнай інфармацыяй.

— На пасяджэнні выніковай калегіі Міністэрства культуры краіны ў чарговы раз казалася пра сённяшнюю выключную важнасць пазабюджэтнай дзейнасці ў сферы культуры. Як працуеце ў гэтым кірунку вы? Ці можна сёння за кошт пазабюджэту аднавіць, скажам, камп’ютарны парк аграгарадоцкіх бібліятэк?

— І спрачацца не выпадае, што пазабюджэтка — асноўная крыніца і магчымасць для частковага паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы, для заахвочвання паспяховых работнікаў. На пазабюджэт ускладзена таксама кампенсацыя камунальных плацяжоў у бюджэт, выплата падаткаў, паслуг сувязі, забеспячэнне курсаў і камандзіровак спецыялістаў і многае іншае. Менавіта па гэтай прычыне няма магчымасці ў поўнай меры абнавіць камп’ютары ў аграгарадках. Аднак ёсць магчымасць забяспечыць абслугоўванне існуючых.

Ці вось такі прыклад. У першым квартале бягучага года мы закупілі за кошт пазабюджэту мастацкую літаратуру для ЦБС, правялі рамонт і абслугоўванне аргтэхнікі для ўсіх устаноў культуры, адрамантавалі ўнутраныя памяшканні прыбудовы ГЦК “Перамога”, капітальна адрамантавалі рухавік аўтаклуба, кампенсавалі ўсе транспартныя выдаткі.

Так што пазабюджэтныя захады застануцца для нас надзённымі, асабліва ў плане наладжвання забаўляльных і тэматычных мерапрыемстваў, шоу-праграм, пашырэння спектра платных паслуг.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"