І гонар, і фінансавы складнік

№ 16 (1403) 20.04.2019 - 28.04.2019 г

17 красавіка ў прэс-цэнтры Дома прэсы ішла гаворка пра Нацыянальную літаратурную прэмію — 2018. У сустрэчы з журналістамі бралі ўдзел начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі РБ Алена Паўлава, дырэктар падначаленага Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, старшыня журы конкурсу Іван Саверчанка, дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Аляксандр Бадак, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах.

Спадарыня Паўлава паведаміла, што сваю працу ўжо на наступным тыдні распачне група экспертаў, якая складаецца са спецыялістаў міністэрстваў культуры і інфармацыі, “Белкнігі”, выдавецтваў, шэрагу літаратурна-мастацкіх выданняў. Ёй належыць вылучыць з масіву прадстаўленых на конкурс кніг тыя, што вартыя разгляду журы. Пераможцы па ўсіх намінацыях Нацыянальнай літаратурнай прэміі будуць вядомыя напачатку жніўня. А ўручэнне ўзнагарод традыцыйна пройдзе падчас Дня беларускага пісьменства.

Спецыяліст адзначыла рост цікавасці да прэміі ў прафесійным літаратурным асяродку. Калі ў папярэднія гады колькасць кніг, прадстаўленых на суд журы, вагалася ад 36 да 53, дык сёлета на конкурс пададзена 75 выданняў. І ўжо зразумела, што іх лічба істотна не зменіцца: адсеяная будзе вельмі невялікая колькасць кніг.

У спісе тых, ад каго паступалі заяўкі на ўдзел у конкурсе — не толькі Саюз пісьменнікаў і яго абласныя аддзяленні, але і музейная ўстанова, ветэранская арганізацыя, уладныя структуры. Дзесяць аўтараў падалі заяўкі самастойна.

Іван Саверчанка мяркуе, што літаратарам цікавы не толькі фінансавы складнік прэміі — пры тым, што 100 базавых нікому не былі б лішнімі. Галоўнае — ганаровы статус, дзякуючы якому прасцей выйсці на чытацкую аўдыторыю як на радзіме, так і ў замежжы.

Прыблізна 60 працэнтаў пададзеных на конкурс кніг напісаныя па-беларуску. Спадар Саверчанка лічыць такую сітуацыю нармальнай, беручы да ўвагі заканадаўча зацверджаны ў нашай краіне статус дзвюх моў. Аднак праблемай з’яўляецца філалагічная культура.

Алена Стэльмах засяродзілася на ролі прэсы ў справе папулярызацыі нацыянальнай літаратуры. Невыпадкова многія з тых, хто прадставіў кнігі на конкурс, дапаўнялі заяўку рэцэнзіямі на свае творы ў перыядычным друку.

Аляксандр Бадак адзначыў, што яго прыемна здзівіла колькасць прадстаўленай на конкурс публіцыстыкі. На ягоную думку, гэты жанр — здавалася б, прызабыты — перажывае сёння ў Беларусі свайго роду “рэнесанс”. А ў Год малой радзімы можна адзначыць і прыкметны рост краязнаўчай літаратуры.

Таксама спадар Аляксандр азначыў станоўчыя тэндэнцыі ў беларускай паэзіі. Аднак, на ягоную думку, у літаратурным працэсе, на жаль, пакуль не прадстаўлены належным чынам літаратурныя агенты — тая прафесія, якой належыць рабіць кнігу запатрабаваным на інфармацыйным рынку таварам. Як пісаў класік, “не продаётся вдохновенье, но можно рукопись продать”.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"