Чытаць, каб зразумець сябра

№ 16 (1403) 20.04.2019 - 28.04.2019 г

18 красавіка ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь прайшла прэзентацыя перасоўнай выставы “Чытаем разам — спазнаем адзін аднаго”. На ёй экспануюцца кнігі сучасных аўтараў з дзяржаў Садружнасці. Гэты праект быў анансаваны на XXVI Мінскім міжнародным кніжным кірмашы. Да яго рэалізацыі спрычыніліся Савет па культурным супрацоўніцтве краін-удзельнікаў СНД, Выканаўчы камітэт СНД, Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/741/16083/7.jpgЭкспазіцыя складаецца з 56 кніг з Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана і нашай краіны. Беларусь прадстаўлена творамі Мікалая Чаргінца, Андрэя Федарэнкі, Уладзіміра Гніламёдава, Алены Паповай, Алеся Разанава, Алеся Марціновіча.

Слова на імпрэзе ўзялі міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, першы намеснік міністра культуры Наталля Карчэўская, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк.

Спадар Карлюкевіч адзначыў, наколькі важна захаваць лепшае з савецкага досведу ў галіне культуры. Што б ні казалі сёння пра той час, але шчыльнае культурнае ўзаемадзеянне народаў СССР было рэальнасцю. І калі ў адной з рэспублік з’яўляўся выдатны літаратурны твор, ён адразу ж станавіўся агульным здабыткам усіх народаў краіны. Намаганні, якія робяцца каб у межах Садружнасці аднавіць гэтую традыцыю, вартыя ўхвалы і падтрымкі.

Спадарыня Карчэўская згадала, наколькі важна спрыяць захаванню ў грамадзе звычкі да чытання і ўсведамлення патрэбы ў кнізе як чынніку паўнавартаснага жыцця.

Ігар Марзалюк адзначыў выключную ролю нацыянальнай літаратуры. Тым больш, менавіта праз літаратуру можна атрымаць найбольш праўдзівае ўяўленне пра менталітэт і маральна-культурныя прыярытэты таго ці іншага народа. Спадар Марзалюк, дарэчы, згадаў пра сваё адкрыццё творчасці прадстаўленых у экспазіцыі беларускіх аўтараў — Андрэя Федарэнкі і Алеся Разанава. Іх кнігі ён дагэтуль бярэ з сабою ў кожную вандроўку.

Прысутныя на імпрэзе беларускія пісьменнікі выказалі сваё меркаванне адносна культурнай інтэграцыі на абшарах Садружнасці і спадзяванне, што ідэя, закладзеная ў гэту акцыю, будзе мець развіццё і ў іншых праектах Прэзідэнцкай бібліятэкі.

У бліжэйшы час перасоўная выстава накіруецца ў сёлетнюю культурную сталіцу Садружнасці — Брэст. Да таго ж, яе ўжо запрасілі да сябе шэраг нацыянальных бібліятэк постсавецкіх краін.

Фота прадастаўлена Прэзідэнцкай бібліятэкай

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"