Беларуская Троя

№ 31 (849) 02.08.2008 - 08.08.2008 г

Хто ў дзяцінстве не захапляўся кнігай ці прыгодніцкім фільмам пра гісторыю таемнай і легендарнай антычнай Троі, горада часоў Гамера? Месцазнаходжанне яе доўгі час не было вядома, а некаторыя і ўвогуле лічылі яе выключна фантазіяй старажытнагрэчаскага паэта. Адшукаць жа славуты горад удалося толькі напрыканцы ХІХ стагоддзя нямецкаму археолагу Г.Шліману.

 /i/content/pi/cult/170/1608/Troya1.jpg
У нашай краіне захавалася таксама даволі шмат згадак і легенд пра гарады, што зніклі пад зямлёй ці вадой, часам нават гавораць пра галасы і стогны адтуль. Але сапраўдны голас з мінуўшчыны, а дакладней — дакумент пра знаходжанне старажытнага горада быў знойдзены айчынным гісторыкам Сяргеем Рассадзіным на пачатку ХХІ стагоддзя.
Да 2001 года ніхто і не здагадваўся, што на тэрыторыі Светлагорскага раёна калісьці быў горад з мясцовым самакіраваннем, развітай прамысловасцю, гандлем. І размяшчаўся ён каля ракі Беразіна на дарозе паміж Бабруйскам і Рэчыцай. Першыя спробы знайсці невядомы дагэтуль горад адбыліся ў 2006 годзе пасля таго, як у Польскім галоўным гістарычным архіве ў Варшаве — месцы, дзе сабраны матэрыялы Нясвіжскага архіва Радзівілаў — доктарам гістарычных навук Сяргеем Рассадзіным выпадкова быў знойдзены каштоўны дакумент. Ім аказаўся прывілей на магдэбургскае права гораду Казімір з выявай ягонага герба. Прывілей  . перевод документов .быў дадзены каралевай Рэчы Паспалітай Цэцыліяй, жонкай Уладзіслава ІV Вазы, у чые ўладанні ўваходзіла і бабруйскае староства. А назву горад атрымаў ад імя заўчасна памерлага каралевіча, якому не было наканавана ўзысці на трон. Лёс Казіміра падзяліў і аднайменны беларускі горад, што праіснаваў толькі 12 гадоў — з 1643 па 1655 — на тэрыторыі сучаснага Краснаўскага сельскага савета Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці (на месцы цяперашняй вёскі Каралёўская Слабада-2) і быў разбураны войскам Івана Залатарэнкі, якое знаходзілася на службе ў маскоўскага цара Аляксея Раманава.
Ужо першы агляд мясцовасці выявіў, што на агародах жыхароў вёскі можна было заўважыць кавалкі старажытнай керамікі, шкла і кафлі XVII ст. У выніку ідэя правядзення маштабных раскопак была падтрымана мясцовымі ўладамі Светлагорска. Сёлетапры дапамозе студэнтаў-гісторыкаў з Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Івана Шамякіна яны праводзіліся ўжо трэці год запар. Па словах С.Рассадзіна, былі знойдзены чарговыя каштоўныя прадметы, што будуць экспанавацца ў Светлагорску літаральна праз месяц — у Дзень горада.
 /i/content/pi/cult/170/1608/Troya2.jpg

Знойдзеныя экспанаты сведчаць, што апрача рыбалоўства і гандлю, замацаваных у прывілеі на магдэбурскае права, у Казіміры існавалі іншыя гарадскія рамёствы. Пад час раскопак была зафіксавана кавальская вытворчасць, якасныя вырабы мясцовага шкла. Сярод шматлікіх знаходак археалагічных даследаванняў — нож з касцяной рукаяткаю, выраблены з металу, характэрнага для раёна Пірынеяў, фрагменты тытунёвых люлек, посуду сярэдзіны ХVII стагоддзя, кавалкі аконнай слюды, фаянсу, каваныя цвікі, наканечнікі стрэлаў арбалета і лука, завушніца, манеты ды іншае.
Таксама былі знойдзены часткі глінабітнай печы, кафлі з выявай грыфонаў, ільвоў, рэшткі асятра, што ў ХVII стагоддзі стаў здабычай мясцовых рыбакоў. Яшчэ належыць грунтоўна даследаваць выяву кацяняці, выразаную на костцы, — своеасаблівае пасланне з мінулага.
Забыты горад тоіць новыя адкрыцці, у тым ліку нематэрыяльныя: ужо вядомы некалькі дзесяткаў імёнаў жыхароў старажытнага населенага пункта. У свой час знаходзілася там і 10-ая драгунская харугва Вялікага княства Літоўскага, што складалася з венгерскіх і нямецкіх легіянераў на чале з капітанам Пітэрам Маенам, якому належаў шкляны кубак, рэшткі якога знайшлі летась.
 /i/content/pi/cult/170/1608/Troya3.jpg
Археалагічныя раскопкі Казіміра даюць навуцы “эталонны” матэрыял пра XVII стагоддзе, які не змяшаны з іншымі эпохамі.
Дзякуючы плённай сумеснай працы археолагаў і мясцовай улады робяцца захады па ўшанаванні гэтага горада: плануецца зрабіць выяву герба горада Казімір і ўсталяваць пры дарозе адпаведны паказальнік. Плануецца, што ў наступным годзе чарговыя даследаванні горада Казімір на правым беразе ракі Беразіны будуць прадоўжаны, а наша гісторыя папоўніцца новымі цікавымі звесткамі.
А літаральна праз некалькі дзён пад кіраўніцтвам Сяргея Рассадзіна адбудзецца другая фаза летніх раскопак — працяг даследавання гістарычнагаядра горада Светлагорска, якім у 1961 годзе стаў гарадскі пасёлак Шацілкі, чыя гісторыя налічвае некалькі стагоддзяў і хавае багаты археалагічны матэрыял. У прыватнасці, пад час мінулых раскопак былі знойдзены прадметы ХVI — XVII стагоддзяў, а таксама унікальныя экспанаты ажно V стагоддзя.

Канстанцін АНТАНОВІЧ
На здымках: герб горада Казімір; знаходкі з раскопак г. Казімір;
кафля з выявай грыфона; Казімір, сын караля Рэчы Паспалітай
Уладзіслава ІV Вазы. Фота з архіваў Сяргея РАССАДЗІНА