“І найдалейшая з планет сяла суседняга бліжэй”

№ 15 (1402) 13.04.2019 - 20.04.2019 г

Кожны, хто рушыць Бресцкай шашой, мінаючы Дзяржынск, не можа не заўважыць “небадрач” са скошаным дахам, які гаспадарыць па-над ландшафтам. Гэта Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў. Няма дня, каб не прыязджалі туды шматлікія карыстальнікі, сярод якіх нямала і замежных. Тут захоўваюцца фільмы мае і маіх калег-кінематаграфістаў: мы іх ахвотна передаем руплівым архівістам. Архіў утрымлівае матэрыялы па ўсіх галінах і напрамках жыцця нашай краіны: палітычнага, гаспадарчага, мастацкага, спартыўнага… Новы раздзел адкрыўся з пачаткам эры засваення космасу.

/i/content/pi/cult/740/16079/27.JPGШмат хто памятае, як пасля палёту першага касманаўта хлопчыкаў называлі Юрыямі, а рэстараны, піянерлагеры, гатэлі — спрэс “Космасамі”, “Спадарожнікамі”, “Планетамі”.

І хаця Юрый Гагарын быў паходжаннем з Расіі, у згаданым архіве ёсць матэрыялы і пра яго.

У маім фільме “Восем міліметраў. Паралельнае кіно” (“Майстэрня Уладзіміра Бокуна”, праект АНТ “Зваротны адлік”) — 15 секунд аматарскай 8-мм каляровай стужкі з каментарыем. У той дзень Гагарын спусціўся з тэрыторыі закрытага ваеннага санаторыя ў звычайны, цывільны, каб пагуляць у валейбол. Так і з’явіліся гэтыя ўнікальныя кадры.

У 1979 годзе, ужо пасля таго, калі Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак пабывалі ў космасе, неяк прагульваліся мы з Уладзімірам Васільевічам па алеях Зорнага гарадка. Насустрач ішоў незнаёмы мне чалавек, прывітаўся. І калі мы размінуліся, мой суразмоўца ціха прамовіў: “Гэта наш зямляк-беларус, які цяпер, дарэчы, рыхтуецца да палёту. Калі ён паляціць, Беларусь зойме трэцяе месца ў свеце па колькасці народжаных у ёй касманаўтаў!” Кавалёнак меў на ўвазе, што наперадзе — толькі Расія і ЗША.

Так праз гады і здарылася, хаця паляцеў не той, на каго ён тады ўказваў.

Цяпер, калі Беларусь распрацоўвае сваю касмічную праграму, калі яна ўдзельнічае ў міжнародных касмічных праектах, мы лічым вялікім гонарам, што шлях да зор праклалі і нашы землякі: Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак, Алег Навіцкі.

Нядзіўна, што матэрыялы, прысвечаныя гэтай “тройцы”, з’яўляюцца вельмі каштоўнай, а часам і абсалютна эксклюзіўнай маёмасцю БГАКФФД.

Пётр Ільіч Клімук з вёскі Камароўка, што на Брэстчыне, — першы беларускі касманаўт, вучоны, генерал-палкоўнік авіяцыі, доктар тэхнічных навук. У 1965 годзе яго, 23-гадовага лётчыка, залічылі ў атрад скаральнікаў зорнага неба. Ён прайшоў цяжкі курс палётнай і навуковай падрыхтоўкі. У якасці камандзіра экіпажу ажыццявіў тры касмічныя палёты.

Першы адбыўся ў снежні 1973 года на караблі “Саюз-13”, на якім ён восем дзён займаўся астрафізічнымі назіраннямі і даследваннямі. Другі пачаўся ў траўні 1975-га і доўжыўся ажно 63 сутак.

Цікава, што абодва разы Клімук быў дублёрам асноўнага, зацверджанага камісіяй касманаўта. Але праз пэўныя чыста выпадковыя або медыцынскія абставіны прызначаную кандыдатуру ў апошні момант адхілялі ад палёту — і на арбіту выпраўляўся беларус. Такія вось выкрунтасы лёсу.

Адзін чалавек, які меў дачыненне да космасу, неяк мне распавёў: “Пётр увогуле “шчасліўца”: калі на навагоднім балі разыгрываецца бутэлька шампанскага, выйграе яе абавязкова Клімук!”

У чэрвені 1978-га ён узначаліў міжнародны экіпаж на караблі “Саюз-30”, а яго напарнікам стаў маёр Войска Польскага Міраслаў Гермашэўскі. Да касмічнага “стажу” Пятра Ільіча дадаўся яшчэ тыдзень.

Пра сваё жыццё на арбіце Пётр Клімук напісаў кнігу “Зоры побач”. Але сёе-тое засталося “па-за кадрам”. Пра гэта ён, смеючыся, расказаў перад нашай кінакамерай, за гарбатай у свайго суседа Кавалёнка — тады, напрыканцы 70-х, касманаўты яшчэ жылі ў Зорным гарадку, і іх кватэры месціліся адна над другой. Пётр Ільіч меркаваў, што менавіта я, кіношнік-прафесіянал, які тады працаваў над стужкай “Хлопец з вёскі Белае”, зразумею камічна-касмічны кінаказус, які здарыўся на арбіце:

— Я ўключаю французскую вузкастужкавую кінакамеру “Балье” (нагадаю, што ніякага “відэа”, а тым больш, “лічбы” ў 70-я не існавала: толькі кінастужка — У.А.), здымаю, як мы з Гермашэўскім заплываем на станцыю “Салют” і абдымаемся з Кавалёнкам і Іванчэнкавым. І тут высвятляецца: камера мая, аказваецца, не працавала — зламалася нешта! Перезняць немагчыма: пераходны адсек ужо загерметызаваны, а кадры нашага прыбыцця патрэбныя для гісторыі. Давялося інсцэніраваць і наш “уплыў” на станцыю, і абдымкі пры сустрэчы. Адрамантавалі камеру і знялі той эпізод праз тыдзень, калі мы развітваліся з “жыхарамі” станцыі і ўжо зноў разгерметызавалі пераходны адсек у свой карабель “Саюз-30”. Ну сапраўды як у кіно!

Фота Клімука за сталом у суседа-беларуса і яго аўтограф на вялікім здымку з даціроўкай “14.04.79 г.”, які ён мне прэзентаваў, рыхтую для перадачы ў архіў.

“Адной зоркі я паўтараю імя” — так называецца дакументальны фільм Уладзіміра Бокуна, прысвечаны першаму беларускаму касманаўту. Стужка была высока ацэненая ў 1981 годзе на Усесаюзным фестывалі тэлевізійных фільмаў у Ерэване.

Уладзімір Кавалёнак нарадзіўся 3 сакавіка 1942 года. Аб месцы яго нараджэння гаворыць сама назва першага прысвечанага яму фільма — “Хлопец з вёскі Белае”. Стужка стала прызёрам Усесаюзнага фестываля тэлефільмаў, які адбыўся ў Баку ў 1979-м.

Белае — некалі глухая вёска ў Крупскім раёне, у ёй ён адвучыўся сем класаў. А дзесяцігодку трэба было сканчаць у Зачысці, што кіламетрах у сямі ад дома. Тры гады кожны дзень у любую непагадзь — туды і назад. Валодзя падлічыў, што юнаком ён пехатою прайшоў столькі, колькі ад яго хаты да Байканура.

У фільме касманаўт распавядае пра другі свой палёт — у 1978-м, на “Саюзе-29”, які доўжыўся 140 сутак. Амаль пяць месяцаў — рэкордны тэрмін для канца 70-х!

Напарнікам яго быў Аляксандр Іванчэнкаў. Яны прынялі дзве інтэрнацыянальныя экспедыцыі: польска-савецкую на “Саюзе-30” (Міраслаў Гермашэўскі, Пётр Клімук) і нямецка-савецкую на “Саюзе-31” (Зігмунд Йен, Валерый Быкоўскі). У мяне ёсць адно з дзесяці фота, якія Кавалёнак браў у космас і некалі падараваў мне. На зваротным баку — паштовыя пячаткі ўсіх трох экспедыцый. Калі я ў лістападзе 2010-га паказаў Валодзю той даўнішні фотаздымак, ён пажаліўся, што сам такога не мае: усё даўно ўжо некаму параздаваў.

Сёння Кавалёнак — двойчы Герой Савецкага Саюза, прафесар, генерал-палкоўнік авіяцыі. А пачынаў ён з ваенна-авіяцыйнага вучылішча. Лётаў на вялікім транспартным самалёце дальняй авіяцыі, з 1965-га знаходзіўся ў рэзерве атрада касманаўтаў, у які ўвайшоў праз два гады і пачаў адпаведную падрыхтоўку. Дарэчы, яго будучая жонка Ніна Васільеўна была інжынерам аднаго са складаных трэнажораў-цэнтрыфуг — там і пазнаёміліся.

Стаж на арбіце ў яго адлічваецца з кастрычніка 1977 года. Тады ён адправіўся ў космас на караблі “Саюз-25”. Але яго першы палёт, калі карабель павінен быў менавіта 7 лістапада састыкавацца са станцыяй, аказаўся няўдалым: стыкоўка не адбылася. І ў гэтым абвінавацілі Кавалёнка.

Пра тое, што там насамрэч адбылося, і чаму ніякай віны яго ў гэтым не было, касманаўт распавёў толькі праз тры з паловай дзесяцігоддзі — у 2011-м, у маім трэцім пра яго фільме “Беларускі космас. Сакрэтная тэма”, зробленым для “Зваротнага адліку”.

А “Хлопец з вёскі Белае” ўключае эпізод, як на станцыі “Салют-6” на некалькі дзён — выпадкова ці па нечыёй задуме? — сышліся абодва касманаўты-беларусы і “сусед-замежнік”: паляк Гермашэўскі. Ці не бліскучы паварот “жыццёвага сюжэту”?

— Пакідаем на станцыі глядзець за прыборамі Сашу Іванчэнкава, а самі ўтрох “падплываем” да ілюмінатара, — успамінаў перад нашай кінакамерай Кавалёнак. — Вось ляцім над Польшчай — радзімай Міраслава… Вось прамінаем Брэстчыну — родныя мясціны Пятра… Вось бачым нітачку шашы на ўсход, пралятаем над Мінскам, неўзабаве Крупкі — і недзе там мая вёсачка Белае, мая радзіма.

Перагортваю свой фотаальбом “Космас”, трапляю на фота бабулі Уладзіміра Улляны і ўзгадваю яе разважанні перад нашай кінакамерай. Паставілі мы яе за тэлевізарам — тады адзіным у вёсцы. А перад ім сядзелі суседзі Кавалёнкаў, школьныя настаўнікі Валодзі, яго брат, маці і бабуля. І ў гэты раз выпуск тэленавін пачаўся паведамленнямі з арбіты, за якімі штовечар сачылі землякі — як жа, іх сусед і родзіч лётае!

Гэтым разам дыктар каротка паведаміла:

— Сёння ў касманаўтаў Кавалёнка і Іванчэнкава — дзень лазні.

І перайшла на іншыя тэмы. Абмяркоўваць землякам не было чаго. Але бабуля, якая сядзела найбліжэй да тэлевізара — а, значыць, і да кінакамеры — задумалася, стала няспешна разважаць:

— Дзень лазні… Дзе ж яны там, цікава, бяруць ваду?

І пасля доўгай паўзы ўрэшце вырашыла: “Мусіць, з дажджу”.

Фільм гэты здымалі мы ў вёсцы Белае і ў той час, калі Кавалёнак знаходзіўся ў космасе, і ўжо тады, калі пасля палёту ён прыехаў да родных і землякоў. Затым у Зорным гарадку, у закрытым санаторыі паблізу Сочы і на возеры Рыца. Фотаздымкі рабочых момантаў, калі выпадзе ўрэшце вольны час, падрыхтую для перадачы ў БГАКФФД.

Такім чынам, Кавалёнак пабываў у космасе тройчы. Калі прыплюсуем трэці палёт на караблі “Саюз Т-04”, то агульны ягоны “налёт” — 216 сутак.

А паміж гэтымі фільмамі была ў 2010-м і яшчэ адна мая стужка пра яго: “Камандзір з вёскі Белае” (вытворчасць “Белвідэацэнтра”). Гэта пра тыя часы, калі Уладзімір Васільевіч узначальваў Ваенна-інжынерную Акадэмію імя Жукоўскага.

І варта нагадаць: усе пералічаныя тут фільмы знаходзяцца ў сховішчах архіва ў Дзяржынску. Іх часта і ахвотна заказваюць тыя карыстальнікі, якіх цікавіць касмічная тэма.

Натхнёныя палётам у космас першага беларуса, кампазітар Ігар Лучанок і паэт Анатоль Вялюгін склалі песню з такімі радкамі:

А ты глядзіш у белы свет —

Гарачы бляск тваіх

вачэй —

І найдалейшая з планет

Сяла суседняга бліжэй.

Песню, прысвечаную Клімуку, у суправаджэнні вялікага аркестра Дзяржтэлерадыё БССР запісала заслужаная артыстка БССР Тамара Раеўская. Той жа кампазітар склаў песню і пра палёт Кавалёнка:

Падае нам удача руку:

У сінім небе лунае,

плыве аблачынка,

Як хусцінка,

Што, мыючы, маці

ўпусціла ў раку.

Нагадваю: архіў у Дзяржынску — не толькі “кінафота…” Другое “ф” у абрэвіятуры азначае, што ён яшчэ і “фона”.

На жаль, пра трэцяга нашага касманаўта-земляка, Героя Расійскай федэрацыі Алега Навіцкага фільмаў пакуль не знялі.

Усіх трох касманаўтаў можна было ўбачыць разам толькі летам 2017-га на ваенным аэрадроме ў Мачулішчах, калі там урачыста закладвалі алею славутых землякоў, якія скаралі неба. Кожны з гэтай троіцы пасадзіў сваё “імянное” дрэва.

Я прысутнічаў на мерапрыемстве, і мы з аператарам здымалі тую ўрачыстую падзею.

Нагода для напісання нарыса — не толькі Дзень касманаўтыкі, але і намер узбагаціць архіў па гэтай тэме. Пасля пераборкі ўласных фотаальбомаў планую пераслаць у БГАКФФД некалькі эксклюзіўных фотаздымкаў.

Яны — нібы рэчавыя доказы, што захавалі імгненні з жыцця асоб, якія ў ліку першых пераадолелі зямное прыцягненне.

Дакументы архіва з пакалення ў пакаленне будуць перадаваць памяць пра тых, чые імёны навечна ўпісаны ў гісторыю сусветнай касманаўтыкі.

У тым ліку — трох беларусаў, якія пабывалі “там”.

Уладзімір АРЛОЎ,
кінарэжысёр