11 снежня 1937 года ў Варшаве ўкраінская студэнцкая грамада ладзіла вечарыну ў гонар сваёй нацыянальнай паэткі Лесі Украінкі. Запрасілі на яе і Яўгенію. Спявачка выканала некалькі ўкраінскіх песень і, як пісаў часопіс “Шлях моладзі”, сваім звонкім голасам “здабыла сабе гучныя воплескі шматлікіх слухачоў”.
Запрашалі нашу спявачку ўкраінцы Варшавы і на іншыя імпрэзы. Напрыклад, 6 снежня 1938 года яна спявала песні на вечары ўкраінскай паэзіі. А пасля выканання песні “Салавейка” яе некалькі разоў выклікалі “на біс”. Заходнебеларуская прэса пісала, што “воплескам не было канца. І не дзіва: голас спявачкі прыгожы, тэхніка адпаведная, інтэрпрэтацыя высокакультурная, глыбокая, шчыра адчута, сцісла гарманізуецца з створанай кампазіцыяй. Выклікае вялікую ўвагу дыкцыя пясняркі. Чарняўская агулам выканала сваё заданне вельмі добра. Можна спадзявацца, што Чарняўская будзе вялікай спявачкай нашай Бацькаўшчыны”.
6 лютага 1937 года ў Варшаве ў зале імя Мечыслава Карловіча мясцовай філармоніі адбыўся беларускі канцэрт-вечарына. Невялікая зала, разлічаная толькі на 250 месцаў, змагла ўмясціць больш за 400 чалавек. Многім білетаў не хапіла.
Першай выступіла Яўгенія Чарняўская-Орса. Яна праспявала песні “Адна, і зноў адна”, “А за ліхімі ды марозамі” і “Маладую Беларусь” на музыку Канстанціна Галкоўскага.
А ўжо 4 сакавіка 1938 года маладую спявачку запрасіў у Вільню Рыгор Шырма, прапанаваўшы ёй выступіць разам з ягоным хорам. Канцэрт адбыўся ў гасціннай універсітэцкай зале Снядэцкіх. Яўгенія Чарняўская-Орса віленскай моладзі была зусім невядомая. Таму паглядзець на яе і паслухаць прыйшлі не толькі беларусы, але і палякі, яўрэі, рускія. І яна не расчаравала, паказаўшы сябе вельмі здольнай артысткай.
У першай частцы свайго выступлення Яўгенія Чарняўская-Орса выканала арыі Гендэля, Вердзі, Манюшкі, а потым спявала беларускія народныя песні ў апрацоўцы прафесара Галкоўскага. А на заканчэнне пад шматлікія апладысменты выканала “Маладую Беларусь” на словы Янкі Купалы.
Сярод публікі быў і Максім Танк. У сваіх “Лістках календара” ён потым пісаў: “У другой частцы канцэрта выступала маладая і вельмі сімпатычная спявачка А.Орса-Чарняўская (маецца на ўвазе Аўгіння — С.Ч.). Адкуль яе выкапаў дзядзька Рыгор? І не толькі выкапаў, а і ўзбагаціў яе рэпертуар беларускімі народнымі песнямі. Яна выканала некалькі новых песняў, і асабліва ўдала — “Паднімайся з нізін, сакаліна сям’я…” Спявачку праводзілі бурнымі апладысментамі, студэнты падарылі ёй прыгожы букет жывых кветак і сэрца кірмашнага “Казюка”.
Па гэтых запісах адчуваецца, што Максім Танк проста закахаўся ў беларускую прыгажуню. Часопіс “Калосьсе” ў першым нумары за 1938 год апублікаваў прысвечаны ёй верш:
Ёсць варажбітныя
травы
З папараццю
кучаравай, —
Быццам яны ўсё ліхое
Дзіўнымі чарамі гояць.
Ўецца зялёная сцежка.
Нейчая ў песнях усмешка
Бліснула ярка і сіня, —
Нават не ведаю імя.
Пазнаёміўшыся з Яўгеніяй бліжэй, Максім Танк шмат распавядаў ёй пра нашу літаратуру, пра паэзію, пра падрыхтоўку свайго зборніка вершаў “Пад мачтай”, на выданне якога ў яго не хапала фінансаў. Чарняўская-Орса вырашыла дапамагчы маладому таленту. Разам з сябрамі варшаўскага Асветнага таварыства беларусаў, яна, як цяпер бы казалі, запусціла кампанію краўдфандынгу. У выніку, удалося сабраць немалую суму — каля 200 злотых. І 20 чэрвеня 1938 года новы зборнік Максіма Танка выйшаў з друку.
Пасля заканчэння Варшаўскай кансерваторыі сляды беларускай спявачкі губляюцца. Магчыма, яна засталася ў Польшчы? А можа, выехала далёка на Захад? Альбо вярнулася на Радзіму? Пакуль адказу на гэтае пытанне няма. На вялікі жаль, імя Яўгеніі Чарняўскай-Орса не згадваецца ні ў адной беларускай энцыклапедыі.
Сяргей ЧЫГРЫН