Дзякуй, “правінцыя”!

№ 15 (1402) 13.04.2019 - 20.04.2019 г

“Маргарыта” калінінградская супраць “Маргарыты” маскоўскай
У нататцы “Вялікі блеф маленькага тэатра” (“К” № 12) аўтар са здзіўленнем і сумам дзяліўся сваімі ўражаннямі ад спектакля “Майстар і Маргарыта” нейкага маскоўскага “эксперыментальнага” тэатра. Тэатр апынуўся з разраду “мы к вам заехали на час”. А “эксперымент” звёўся адно да праверкі, як доўга зможа вытрымаць гэтае “відовішча” далікатны мінскі глядач. Звышзадача была відавочная — “сарваць банк”. І бяда ў тым, што падобныя неспадзяванкі ў апошні час сталі справай нярэдкай. Часам нашым аматарам тэатра нават сталі прыходзіць у галаву “крамольныя” думкі: няўжо вялікі рускі тэатр застаўся ў мінулым?

Але неўзабаве пасля нядобрай памяці таго спектакля адбыліся ў Мінску гастролі Калінінградскага абласнога драматычнага тэатра. Калінінград, вядома, не “глыбінка”, але ад сталіцы расійскай ён усё ж далекавата. Тым цікавей было іх параўнаць...

Спектакль “Лорд Фаўнтлярой”, створаны ў дыхтоўнай класічнай манеры, быў абраны для адкрыцця гастроляў невыпадкова: ён з’яўляецца лаўрэатам Расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі “Арлекін”. Наіўная мудрасць, добры гумар — і, галоўнае, шчырае памкненне акцёраў парадаваць гледача — адразу знайшлі водгук у зале. Міжволі кідаўся ў вочы кантраст: уважлівыя ўсмешлівыя твары публікі — для калінінградцаў, і сарамліва-напружаныя — для нядаўніх “сталічных зорак” (сорам, натуральна, за іх).

Папрацаваў калінінградскі тэатр грунтоўна: за дзевяць дзён было паказана 18 спектакляў — вельмі розных паводле жанру. Сярод іх былі “рамантычная” і “пікантная” камедыі, “фантасмагорыя”, вадэвіль, “фантазія”, інтэрактыўная казка для дзяцей.

Асабліва цікава было супаставіць дзве пастаноўкі “Майстра і Маргарыты”. Тут калінінградцы таксама выйшлі наперад з вялікім адрывам, хоць і ў іх не абышлося без хібаў. Аднак гэта былі “рабочыя” хібы, непазбежныя для ўсіх, хто заняты справай. Наогул жа, патрэбна вялікая смеласць, каб укласці ў тры гадзіны ўсю шматзначнасць булгакаўскага рамана...

Досыць удалай атрымалася кампазіцыя спектакля, у якой лагічна перапляліся дзве асноўныя сюжэтныя лініі: Майстар — Маргарыта і Іешуа — Пракуратар. “Кампанія Воланд” і яе выхадкі выглядалі пацешна, хоць часам адчувалася зацягнутасць (напрыклад, у эпізодзе перанясення Сцёпы Ліхадзеева ў Ялту). Пэўна, не варта марнаваць на дробязі лішнія хвіліны каштоўнага сцэнічнага часу.

На добрым узроўні была і ігра акцёраў. Магу выказаць істотную заўвагу толькі па вобразе Іешуа. Мабыць, перад пракуратарам павінна было паўстаць не вартае жалю стварэнне ў лахманах, а Той, Хто валодае ісцінай — хай сабе і ў абліччы вандроўнага прапаведніка. Аднак жа і сам вобраз — з ліку тых, да якіх страшна падступіцца...

Прадуманай была і сцэнаграфія спектакля. Лаканічных дэкарацый у выглядзе высокіх чорных фіранак, з-за якіх з’яўляўся чарговы персанаж або патрэбны па ходзе дзеяння прадмет, аказалася цалкам дастаткова. Паспяхова выкарыстоўваўся відэашэраг. Так, дзеянне ў Маскве ці ў Ершалаiме адбывалася на адпаведным фоне — што надавала спектаклю пэўны гістарычны каларыт. Атрымалася нават арыгінальна адлюстраваць “палёт Маргарыты” — хаця ў гэтым эпізодзе не варта было абмяжоўвацца гнеўным вокрыкам цудоўнай вядзьмаркі ў адрас ненавіснага ёй крытыка. Рашэнне напрошвалася само сабой: калі б працягнуць эпізод разгромам, які яна ўчыніла ў “гняздзе” літаратурнай бюракратыі, гэта значна дадало б спектаклю відовішчнасці. Светлавое афармленне таксама цалкам адпавядала сцэнічным задачам і сучасным патрабаванням.

Калінінградская версія знакамітага рамана разлічаная на гледача, які добра знаёмы з літаратурным першакрыніцай. Можна было б запярэчыць, што на такі спектакль толькі спрактыкаваны глядач і
пойдзе. Але ж не, не толькі! У зале могуць быць, напрыклад, старэйшыя школьнікі, якім яшчэ наканавана вывучаць булгакаўскі раман па школьнай праграме. І разабрацца ў калізіях спектакля будзе ім зусім няпроста. Аднак перанясенне на тэатральную сцэну твору такога маштабу — усё ж, задача вельмі складаная. І калінінградцы справіліся з ёй годна. Цалкам заканамерна, што па сканчэнні спектакля, які завяршаў і ўсю гастрольную праграму, гледачы ўдзячна апладзіравалі яго стваральнікам.

Што ж, жыве яшчэ расійскі тэатр — дзякуй, “правінцыя”. І хай павучыцца ў яе “сталіца”...

Алена ЧЫЖЭЎСКАЯ,
член Саюза пісьменнікаў
Беларусі