З жыцця мастацкага і тагасветнага

№ 15 (1402) 13.04.2019 - 20.04.2019 г

Прэм’ера спектакля “З жыцця выкапняў” у Новым драматычным тэатры сабрала ўсю эліту айчыннай тэатральнай крытыкі. Многія ішлі не столькі на ўвасабленне п’есы сучаснага амерыканскага драматурга і сцэнарыста Фрэдэрыка Стропеля, колькі на рэжысуру Дзмітрыя Багаслаўскага. Ці спраўдзіліся надзеі?

/i/content/pi/cult/740/16069/14.JPGФота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Багаслаўскі добра ведае тэатральную спецыфіку з усіх яе бакоў, бо з’яўляецца не толькі запатрабаваным рэжысёрам, але і акцёрам Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. А найперш — адным з самых вядомых драматургаў, чые творы ўвасабляюцца не адно ў Беларусі. Вось і рэжысёрскі зварот да п’есы Стропеля, складзенай з асобных навел, у пэўнай меры перагукаецца з пабудовай яго “Кропак на часавай восі”, пастаўленых Таццянай Траяновіч у Бабруйску. Тая п’еса Багаслаўскага, напісаная паводле асобных фотаздымкаў з прыдуманымі гісторыямі, прынесла тамтэйшаму тэатру імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Нацыянальную прэмію.

У цяперашняй прэм’еры Дзмітрый, з уласцівым яму “сімфанічным” мысленнем паслядоўнага развіцця пачатковага зерня-імпульсу, змяняе прапанаваную аўтарам паслядоўнасць навел. Замест сюітнага прынцыпу, заснаванага на простым кантрасце, ён імкнецца зрабіць лагічны ланцужок, з якога немагчыма выкінуць ніводнае са звёнаў. І, як гэта ў яго часцяком бывае, ідзе “насуперак” аўтарскай задуме.

П’еса меркавалася як працоўнае свята для ветэранаў сцэны, бо героі — ва ўзросце ажно да 95 гадоў. Ці як бенефіс, дзе хтосьці з навелы ў навелу будзе змяняць абліччы і амплуа, сутыкаючыся з усё новымі сцэнічнымі партнёрамі. А ў Багаслаўскага іграе пераважна моладзь. І ўвесь спектакль становіцца не столькі размовай пра старасць і яе праблемы, колькі адсочваннем самога працэсу набліжэння смерці — ва ўсім яго дыяпазоне ад камічнага да трагічнага. Парушаючы зададзеную паслядоўнасць і адмаўляючыся ад адной навелы (дарэчы, самай смешнай, пра секс-прыстасаванні, якія даводзяць “закадравага” каханка да смерці), рэжысёр збірае ў першую дзею гісторыі, дзе ўзрост герояў не так важны. Усё гэта магло адбыцца і з маладымі людзьмі, якіх мы і бачым на сцэне. Другая ж дзея, быццам узроставае люстэрка, акцэнтуе менавіта старасць.

З простых побытавых замалёвак рэжысёр імкнецца збудаваць філасофскі аповед, насычаны сімволікай. І аповед гэты не пра старасць, не пра жыццё і смерць, нават не пра каханне ва ўсёй размаітасці яго абліччаў, а пра паразуменне між людзьмі — нават такімі супрацьлеглымі, як былыя нацыст і вязень. Не цураецца Багаслаўскі і элементаў тэатра абсурду — на мяжы з містыкай. Гісторыя пра тое, як спрытны гандлёвы агент, уключыўшы сваё абаянне (і, падобна на тое, яшчэ і гіпноз), завалодвае ўсёй маёмасцю сямейнай пары, ператвараецца ў фантастычны аповед пра надыход смерці — у абліччы каміваяжора. А ў якасці маўклівага лейтперсанажа, які не проста з’яўляецца ва ўсіх навелах, але і кантактуе з героямі, часам дапамагае ім, пра штосьці папярэджвае, выступае… Бурундук (Арсеній Гардзіенка), выкананы як роставая лялька — джэнтльмен у крыштальна бялюткім касцюме з галавой-маскай жывёліны.

На сімволіку працуюць сцэнаграфія, відэа, касцюмы (мастак-пастаноўшчык — Лідзія Малашэнка). Сцэнічны антураж быццам “ажывае”, становіцца яшчэ адной дзейнай асобай, у чым бачыцца ўсё больш распаўсюджанае ў мастацтве ўздзеянне эстэтыкі тэатра лялек. Чырвоная канапа-трансформер “з сакрэтам” у залежнасці ад сітуацыі лёгка ператвараецца ў два крэслы, шафу, стол, труну, мармуровы помнік на магіле. Разнастайныя рэквізітныя дробязі — ад апушчаных штанкетаў да кававага кубачка — вытрыманыя ў адзіным сімвалічна-стылёвым кірунку: яны аздобленыя святлодыёдамі, святло якіх “мадулюе” ад узнёсласці да інфернальнасці. На відэа раз-пораз з’яўляюцца палосы, як пры перашкодах у тэлетрансляцыі ці інтэрнет-гульнях. А чорныя строі з атрутна-зялёнымі ўстаўкамі ўтвараюць цэлую “модную калекцыю”, годную паказу на подыуме.

Лепшай навелай, безумоўна, становіцца “Жыццё цудоўнае!”, дзе знойдзены выдатны рэжысёрскі ход — гульня ў пінг-понг “у рапідзе”. Вылучаюцца два бліскучыя дуэты-дыялогі Андрэя Бібікава (Казімір, Самуіл) і Сяргея Тоўсцікава (Білі, Пол), пераўвасабленне Арцёма Пінчука, які звычайна паўставаў гэткім святам-салютам, у “гальштучнага чалавека” (Сцюарт) ці фігуру д’ябла (Альфрэд).

Ды ўсё ж спектакль атрымаўся даволі няроўным. Побач з дасканалымі па рэжысуры і акцёрскім увасабленні мініяцюрамі ўзнікаюць і “недакручана”-недаробленыя, без цікавых рэжысёрскіх ходаў і добрых акцёрскіх работ. Асабліва балюча глядзець, як зусім маладыя артысты пачынаюць нягегла “камікаваць”, парадыйна малюючы старых. Больш сталыя лягчэй пераадольваюць бар’ер, бо выводзяць на першы план не столькі знешнія прыкметы, колькі стан душы.

Але пры гэтым у спектаклі ўдалося сумясціць мастацкасць з касавасцю. Ці ж не гэта на сёння галоўнае?

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"