“Кожная роля — гэта пра сябе”

№ 15 (1402) 13.04.2019 - 20.04.2019 г

Наталля АЛАДКА — адна з вядучых майстроў коласаўскай сцэны таго пакалення, якое прыйшло ў тэатр у сярэдзіне 80-х гадоў і адразу даволі ўпэўнена пра сябе заявіла. Дзве пяцёркі ў ліку сёлетняга юбілею актрысы сталі прыемнай нагодай для сустрэчы.

/i/content/pi/cult/740/16068/12.jpg— Вы пачыналі з вобразаў лірычных гераінь. Ці было ў вас памкненне павярнуць іх іншым бокам, выцягнуць штосьці прыхаванае, паглыбіць іх?

— Калі ўпершыню чытаеш п’есу, то вобраз адразу ў тваёй свядомасці вымалёўваецца. Але пасля, асабліва цягам супрацы з рэжысёрам (а для мяне вельмі важна зразумець яго бачанне, і калі нашы думкі супадаюць, то з’яўляецца выдатная роля) ты пачынаеш разумець месца твайго вобраза ў спектаклі, што ён павінен адцяняць, каб гэта быў цэласны мастацкі твор, а не актрыса Аладка, якая існуе асобна.

— Ствараючы вобраз, вы назіраеце за людзьмі, якія ў нечым падобныя да вашага персанажа, альбо імкняцеся найперш ісці ад сябе, ад свайго жыццёвага досведу?

— І так, і гэтак. Калі роля складаная, драматычная, прапускаць яе толькі праз сябе вельмі небяспечна. Грань бывае вельмі тонкая: ідзеш быццам па лязе брытвы, і калі зробіш няправільны крок, можа скончыцца дрэнна. Я імкнуся ад такіх вобразаў дыстанцыявацца.

— У лірычных ролях, пэўна, было прасцей? Мабыць, там вы ўкладалі пачуцці, перажытыя асабіста?

— Безумоўна. Кожная роля — лірычная, характарная, камедыйная — гэта пра сябе, пра свой жыццёвы вопыт і свае ўнутраныя адчуванні. Выйдзе другая актрыса — і зробіць па-свойму, бо яна зусім на цябе непадобная, з іншымі псіхафізічнымі дадзенымі, і гэта будзе іншы спектакль. Станоўчы ці адмоўны персанаж — усё адно ў кожнай ролі ты знойдзеш тое, што цябе хвалюе.

— Гэта спрацоўвае, калі спектакль зроблены ў традыцыйнай форме. А калі ён эксперыментальны? Усё роўна ўкладаеце сваё?

— Канешне! Я вельмі любіла спектакль “Так знікае каханне” паводле Тадэвуша Кантара, які ставіў у нас Віталь Баркоўскі. Ён быў пластычны, без слоў. Прайшоў нядоўга — можа, паказаў дзесяць было, не больш. Я сама папрасіла Віталя Міхайлавіча зняць яго з рэпертуару, бо ён быў разлічаны на падрыхтаванага гледача. І калі стала чуць недарэчныя каментарыі ў свой адрас, зразумела: усё, тая публіка, якая хацела бачыць гэты эксперыментальны спектакль, вычарпалася, і яго трэба закрываць.

— Каго б вы маглі назваць сваім галоўным настаўнікам у прафесіі?

— Вылучыць кагосьці аднаго я не магу. З удзячнасцю ўспамінаю педагогаў па інстытуце — Аляксандру Клімаву, Андрэя Карсакоўскага, Ілью Кургана, маіх калег-акцёраў, рэжысёраў.

— А бацькоў вы можаце назваць сваімі настаўнікамі?

— Па жыцці — так. Бацькі і бабуля Ганна — гэта мая духоўная аснова. Такой жыццёвай мудрасці я на сваім шляху пакуль не сустракала. У нашай вёсцы ўсіх па параду накіроўвалі да яе: “Ганна ўсё скажа”. Яна пражыла складанае жыццё, але на яе вачах я ніколі не бачыла слёз, апрача апошніх дзён. Старэйшая сястра Ала скіравала мяне на адукацыю. Калі я прызналася ёй, што хачу быць актрысай, яна схапілася за галаву і адправіла мяне ў бібліятэку, каб я хоць па вярхах даведалася, хто такі Шчукін або Станіслаўскі.

/i/content/pi/cult/740/16068/13.jpg— Наколькі я чуў, вы марылі сыграць Ефрасінню Полацкую?

— І ў школе, і ў інстытуце ў мяне ў асноўным было рускамоўнае асяроддзе. На раннім этапе мне было ўсё роўна, беларуска я ці руская. Для мяне Сусвет быў адзіны, большае значэнне мелі адносіны паміж людзьмі, а нацыянальнае ўва мне яшчэ не прабудзілася. Але пакрысе, пад уплывам той атмасферы, што існавала ў тэатры, пачало прыходзіць разуменне, хто я такая і адкуль мае гістарычныя карані. І я стала задумвацца: а якую ролю я б хацела сыграць? Узнік вобраз Ефрасінні Полацкай, і я пачала пісаць інсцэніроўку на аснове твораў Вольгі Іпатавай і Таісы Бондар. Паказала Мікалаю Пінігіну, і яго вырак быў такі: “Ты напісала хутчэй кінасцэнарый, чым п’есу. Для тэатральнага гледача трэба іншае — жарсці”. Але ж тады гэта будзе няпраўда, не той вобраз! Ездзіла нават у полацкі манастыр, са святаром раілася. Ён так сказаў: “Вы падыходзіце да гэтага вобраза са свецкіх пазіцый. А гэта ж Богам выбраны сасуд! Святых паказваць на сцэне нельга”. І я крыху адступілася.

Пазней Віталь Міхайлавіч узяў п’есу Аляксея Дударава пра Ефрасінню, мы пачалі рэпеціраваць. І сталі адчуваць: праца над гэтым матэрыялам адкрывае наш унутраны свет, але тое, што атрымліваецца — не для шырокага гледача. Нечакана з гэтай задумы нарадзілася ідэя іншай пастаноўкі — той самай “Так знікае каханне”.

Менавіта дзякуючы Ефрасінні Полацкай я пачала далучацца да беларускай духоўнай культуры. А потым былі Багдановіч, Колас, Купала. Першаму з іх прысвечана наша сумесная са Святланай Жукоўскай пастаноўка “Калісь глядзеў на сонца я…” Нядаўна зрабіла самастойную работу і паводле “Бандароўны”.

— Вы ў жыцці жанчына вельмі інтэлігентная, досыць сціплая, стрыманая. І раптам вам прапануюць ролю мадмуазэль Русэ — Пышкі ў мюзікле на музыку Уладзіміра Кандрусевіча “Дыліжанс”. Ці не хацелася адмовіцца?

— Я кажу: якая з мяне Пышка? Але рэжысёру ўдалося мяне запэўніць у маёй адпаведнасці. Лічу, спектакль атрымаўся. Хаця гэта была роля “на супраціўленне”, і мне было яе няпроста сыграць.

— А вось зусім іншая роля — Марыя са спектакля “Цень думкі нашай…” паводле Францішка Аляхновіча. Лічу, што вы прыўзнялі, моцна ўзбуйнілі свой вобраз, літаральна ўзрушылі глыбінёй пачуццяў гераіні. Як успрыняў глядач гэты спектакль па-за межамі роднага горада?

— У Вільні быў шыкоўны прыём, слёзы, апладысменты, нас доўга не адпускалі. Траціна залы засталася — мы ўжо разгрыміраваліся, а яны ўсё сядзелі. Да нас падыходзілі: “А можна з вамі пагутарыць?” І задавалі нам шмат пытанняў на ламанай рускай мове (там жа і літоўцы былі), пачынаючы з прыватнага і пераходзячы на глабальнае: пра культуру, побыт, нашу нацыянальную самасвядомасць. Гэтак жа было і ў Мінску на фэсце ТЭАРТ.

— У спектаклі “Самая жаданая” вы выступаеце дуэтам са старэйшынам коласаўскай сцэны, народным артыстам Беларусі Тадэвушам Кокштысам, які сёлета адзначыць сваё 85-годдзе. Ці не шакавала вас прапанова стаць — хаця б на сцэне — каханай мужчыны такога сталага веку?

— Але і ў самой п’есе закладзена, што Мацье старэйшы за Раксану на 20 ці больш гадоў. Сэнс — у духоўнай сувязі паміж гэтымі героямі. Да іх нельга падыходзіць з меркамі абывацельскімі. Ён бачыць, што яна памірае, што ёй нецікава жыць, і прыдумляе гэтую гісторыю. Зрэшты, з кожным новым акцёрам, з якім мне даводзілася працаваць, узнікае такі тэатральна-творчы "шлюб". Ты павінен любіць сваю ролю, свайго партнёра, рэжысёра, мастака, усю пастановачную групу. Без гэтага ніяк.

— Вы разам са Святланай Жукоўскай былі ініцыятарам музычна-паэтычных вечароў, якія ладзяцца на камернай сцэне. Гэта даволі незвычайная форма для драматычнага тэатра — хоць, здаецца, яна тут няблага прыжылася. Што гэта вам асабіста дае? Ці ўплывае нейкім чынам на вашу папулярнасць у горадзе?

— Безумоўна. Дзякуй Богу, што ў мяне ёсць такі блізкі чалавек, як Святлана — мы нібы адно цэлае, хоць у многім адна да адной непадобныя. Калі ў тэатры табе бракуе прасторы, можна сябе спаліць знутры. Удзячная нашаму добраму сябру, які ў час нашага творчага прастою параіў: “Нельга ж так. Рабіце што-небудзь”. І мы зрабілі вечар рамансаў у культурна-гістарычным комплексе “Залатое кальцо горада Віцебска “Дзвіна”. У зале была цішыня. Пытаемся: “Вам не сумна?” — “Не, не, працягвайце, калі ласка”. А ў канцы — авацыі, слёзы. І мы зразумелі, у чым тут справа. Чалавек, слухаючы рамансы, аддаецца ўспамінам.

Кола гледачоў стала паступова пашырацца. Потым гэтая ініцыятыва перанеслася ў тэатр. Далучылі нашых маладых артыстаў, якія маюць вакальныя дадзеныя — Яўгена Лук’янава, Арцёма Блахіна. Цяпер ужо пытаюцца, калі наступная праграма. Хочацца зрабіць вечар беларускага раманса, але пакуль не атрымліваецца: не хапае ідэі, на якую ўсё было б нанізана.

— Апошнім часам вы актыўна здымаецеся ў кіно. Мабыць, метад работы кінарэжысёра з акцёрам там сёння вельмі адрозніваецца ў параўнанні з тэатрам?

— Тэатр — гэта рэпетыцыі, гэта тваё скрупулёзнае ўжыванне ў ролю. У кіно — тэкст, матор, здымкі… Усё, знята. На рэпетыцыі часу няма. Таму ты самастойна працуеш, рэжысёр толькі кажа: “Села тут, села там, павярнула галаву сюды”. Кіно — гэта найперш мантаж. Як цябе зманціруюць, так і атрымаецца роля. Праглядаеш фільм і думаеш: “Ах, які класны дубль быў, і чаму яго ў фільме няма?” Але гаспадар, які ўсё вырашае, — гэта рэжысёр, а сёння нават прадзюсар.

— Як склалася жыццё вашых дзяцей? Ці паўплывала неяк на іх ваша апантанасць тэатрам?

— Дзецям артыстаў з дзяцінства перадаецца гэтая хвароба. Яны тут растуць і ўсмоктваюць усё. Многія, вядома, разумеюць, што гэта цяжкая прафесія і абіраюць іншую. Мой сын Саша скончыў факультэт міжнародных зносін БДУ, а пасля з’ехаў у ЗША, займаецца творчасцю, піша п’есы, празаічныя творы, актыўна займаецца музыкай, у яго ёсць свой гурт. Куды ўсё гэта выльецца ў канчатковым выніку, я не ведаю. Дачка Надзея — таксама творчы чалавек, але выбрала яна спецыяльнасць “Эканоміка і фінансы”, вучыцца ў Чэхіі.

— Якая роля была ў вашым жыцці лёсавызначальная?

— Яна яшчэ не сыграна. Я толькі да яе іду. Бог дасць, гэта здарыцца. А ўсе папярэднія ролі, безумоўна, тым ці іншым чынам на мяне паўплывалі.

Юрый ІВАНОЎСКІ