Сквапны плаціць двойчы

№ 15 (1402) 13.04.2019 - 20.04.2019 г

Да стварэння аблічча Мінска прыклалі рукі і розум мноства людзей розных прафесій. Але некаторым у гэтай справе належыць выключная роля. Неаспрэчна, у іх ліку і знакаміты Аляксандр Кішчанка, чые мазаічныя пано сталі сапраўднай класікай манументальнага мастацтва. Не так даўно ў СМІ з’явілася паведамленне пра тое, што мазаікі, размешчаныя на тарцах 16-павярховых будынкаў у раёне станцыі метро “Усход”, неўзабаве будуць адрэстаўраваныя. І сапраўды, пільна ўглядзеўшыся ў гэтыя творы, можна заўважыць, што на іх сям-там абсыпаецца смальта, а дзе і цэлыя кавалкі пано. І калі не ўмяшацца, тыя шчэрбіны паступова “з’ядуць” вядомыя ўсім выявы. Чаму ж шэдэўрам, якія з’явіліся ўсяго гадоў 40 таму, так хутка спатрэбілася рэстаўрацыя? Як выявілася, тут тоіцца павучальная для нас гісторыя з нядаўняга мінулага.

/i/content/pi/cult/740/16067/10.JPGУсходняя брама Мінска

Напрыканцы 1970-х гадоў вуліца Каліноўскага фактычна была мяжою горада. Далей праспект пераходзіў у Маскоўскую шашу. Упрыгожаныя мазаікамі гмахі меліся выконваць ролю свайго кшталту параднай брамы Мінска на усходнім напрамку. Тэмы пано раскрывалі розныя іпастасі вобраза нашай сталіцы — “Горад культуры”, “Горад-будаўнік”, “Горад навукі”, “Горад-воін”.

Гэта сёння тыя мазаікі глядзяцца на сваім месцы як родныя, без іх праспект ужо і не ўявіць. Але паводле ўспамінаў удавы Аляксандра Кішчанкі Ніны Кухарэнка, аўтару давялося прыкласці немалыя высілкі, каб пераканаць адказных асоб у тым, што ягоная задума пасуе архітэктурнаму абліччу гэтай часткі праспекта, горадабудаўнічай сітуацыі ўвогуле — і, урэшце, не пярэчыць эстэтычным нормам, да якіх прызвычаілася грамада.

Аляксандр Міхайлавіч нібыта ў будучыню глядзеў. Як на маю думку, гэтыя дамы з мазаічнаю аздобаю сёння глядзяцца больш эфектна і сучасна, чым многія ўзоры найноўшай забудовы.

Вечнасць, залежная ад тэхналогій

Час, аднак, не шкадуе і “вечныя” творы мастацтва, да якіх з пэўнымі абмоўкамі можна аднесці мазаіку. Так, створанае Кішчанкам у 1973 годзе на фасадзе гатэля “Турыст” пано “Беларусь партызанская” ў “нулявыя” гады мела ўжо вельмі несамавіты выгляд. Паабсыпалася смальта, адваліліся цэлыя кавалкі.

Дарэчы, аўтар нешта падобнае і прадбачыў. Яшчэ ў 1980-я мне даводзілася чуць ад Аляксандра Кішчанкі ягоныя развагі на гэты конт. Паколькі па тым часе мазаіка на сцяне будынка была для Беларусі справай новаю, не хапала досведу і кваліфікаваных кадраў. Таму зыходна магла быць парушаная тэхналогія.

Мэтр як у ваду глядзеў. На шчасце, “Беларусь партызанская” была літаральна вернутая да жыцця ў 2015 годзе — хочацца верыць, цяпер ужо трывала.

Сёння клопату рэстаўратараў патрабуюць і згаданыя мазаікі на высотках. Пакуль што прынятае рашэнне аб рэстаўрацыі двух твораў з чатырох. Ужо праведзены тэндар на выкананне работ, які выйграла ААТ “Белрэстаўрацыя”. Паводле папярэдніх разлікаў, каштарыс складзе недзе каля трох мільёнаў рублёў.

Пра тое, якія канкрэтна структуры і асобы задзейнічаны ў падрыхтоўцы дакументацыі і выкананні работ, пра асаблівасці тэхналогіі і тэрміны рэалізацыі праекта мы паспрабавалі даведацца ў тых, хто мае да справы простае ці ўскоснае дачыненне.

Цэмент замест масцікі

— Людзям неабазнаным можа падацца, што тыя мазаікі і сёння вонкава выглядаюць нармальна, — кажа намеснік генеральнага дырэктара “Белрэстаўрацыі” Аляксандр Клімашонак. — А вось дасведчаныя спецыялісты адразу заўважаць: арматура, на якой яны ўмацаваныя, патрабуе спецыяльнай апрацоўкі.

Плануецца, што пашкоджаныя сегменты мазаік будуць знятыя з фасадаў. Адны часткі пано будуць адноўлены ў майстэрні метадам зваротнага набору — калі фрагмент пано набіраецца са смальты ў люстэркавым адбітку і потым, па замацаванні на сцяне, будзе ўспрымацца ў прамым адлюстраванні. Іншыя — наборам прамым — непасрэдна на аб’екце.

/i/content/pi/cult/740/16067/11.JPGКаму ж будзе даручана такая адказная праца, як аднаўленне шэдэўра? Старшыня секцыі манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў Васіль Зянько распавёў, што акурат цяпер сярод сяброў секцыі ідзе адбор мастакоў, якія маглі б удзельнічаць у рэстаўрацыйных работах. І гэтыя арганізацыйныя пытанні могуць заняць шмат часу. Справа ў тым, што акрамя кваліфікацыі і досведу, кандыдаты павінны прайсці медыцынскае абследаванне дзеля дазволу працаваць на вышыні. Зразумела, гэта тычыцца тых, каму давядзецца дзейнічаць метадам прамога набору, уціскаючы кавалкі смальты непасрэдна ў паверхню сцяны. А праца ў “люльцы”, спушчанай з даху 16-павярховага дома — гэта зусім не тое самае, што спакойная творчасць у майстэрні.

Васіль Зянько назваў і найбольш верагодную прычыну разбурэння пано. У свой час будаўнікі павінны былі запоўніць швы паміж сегментамі мазаік спецыяльнай масцікай. Але замест гэтага яны скарысталі звычайны цэмент. Сэканомілі. У выніку пры змене тэмпературнага рэжыму швы расшыраюцца і ціснуць на смальту, якая пачынае абсыпацца ці адвальвацца цэлымі кавалкамі.

Дарэчы, і Аляксандр Клімашонак таксама лічыць, што перадумовай разбурэння мазаік магло быць выкарыстанне на швах паміж сегментамі неадпаведнага тэхналогіі матэрыялу. І менавіта таму праведзеная яшчэ ў 1996 годзе першая рэстаўрацыя мазаік, якая больш нагадвала касметычны рамонт, істотных вынікаў не прынесла. Напаўненне швоў тады не было заменена, а значыць, і прычына разбурэння не ліквідаваная.

Камбінат не абмінеш

Мазаікі Кішчанкі рабіліся ў свой час на мінскім Мастацкім камбінаце. Зрэшты, тады праз яго праходзілі ўсе замовы на падобныя аб’екты — прынамсі, у межах Мінска. І гэта было апраўдана: там і кадры падабраліся дасведчаныя, і вытворчыя магчымасці адпаведныя.

— Дбаючы пра якасць выканання работ, было б цалкам лагічна, каб тая арганізацыя, якая мазаікі рабіла, іх бы і рэстаўравала, — лічыць дырэктар камбіната Тамара Макарышава. — Аднак цяпер усе дзяржаўныя замовы ідуць праз тэндар, і
выйграла яго “Белрэстаўрацыя”.

Зрэшты, мяркуючы па ўсім, без камбіната ў дадзеным выпадку ўсё адно не абыдуцца. Як паведаміла яго дырэктар, перамовы аб супрацоўніцтве ўжо вядуцца. І вельмі верагодна, што Мастацкі спрычыніцца да адной з мазаік на правах субпадрадчыка.

— Сёння атрымліваецца, што хто б ні выйграў тэндар на мастацкую аздобу ці рэстаўрацыю, усё адно дамову-падрад яны будуць заключаць з тымі, хто стала супрацоўнічае з намі, — кажа Тамара Макарышава. — Бо іншых прафесіяналаў папросту няма. Фактычна толькі выхаваныя камбінатам кадры здольныя здзейсніць кансультатыўную дапамогу, падрыхтаваць дакументацыю і выканаць тыя работы, якія патрабуюць высокай кваліфікацыі. А гэта, менавіта, такі выпадак.

Прывязка да Еўрагульняў

Па словах Аляксандра Клімашонка, гаварыць пра канкрэтныя тэрміны завяршэння работ пакуль рана — хаця б таму, што невядома, калі яны пачнуцца. Акурат гэтымі днямі дадзенае пытанне і вырашаецца. Дакументацыя ўжо гатовая, рэстаўратары чакаюць дазволу пачаць сваю справу, але ў гарадской улады ёсць сумнеў, ці ўдасца адрэстаўраваць мазаікі да пачатку Еўрапейскіх гульняў.

Калі б удалося, яны б сталі дадатковым упрыгожваннем свята кантынентальнага маштабу. Але калі ўпэўненасці, што атрымаецца зрабіць і хутка, і якасна, няма, дык, можа, варта грунтоўна, без паспешлівасці, заняцца гэтым праектам ужо пасля завяршэння Еўрыяды?

Аляксандр Фёдаравіч заўважыў, што ўсе рэстаўрацыйныя праекты, да якіх ён меў дачыненне, даводзілася карэктаваць на месцы. Можна меркаваць, так здарыцца і са згаданымі мазаікамі. І таму спешка тут можа быць не на карысць.

Ці варта эканоміць на драбязе?

Дзіўная атрымліваецца рэч. Стварэнне кожнай з мазаік на тарцах дамоў каштавала прыблізна столькі ж, колькі і сама пабудова такога 16-павярховага гмаху. Вырашылі сэканоміць. На драбязе. Замянілі адносна дарагую будаўнічую масціку на танны цэмент. У выніку — распачаўся працэс разбурэння мазаік. І вось, нашчадкам даводзіцца расплачвацца, прычым немалымі грашыма. Крута сэканомілі! Нездарма кажуць: сквапны плаціць двойчы…

З дзяцінства памятаю вершык: “Не было гвоздя, подкова пропала // Не было подковы, лошадь захромала. // Лошадь захромала, командир убит // Конница разбита — армия бежит”. І гэтак далей, па нарастаючай.

Хочацца спадзявацца, што пры рэстаўрацыі мазаік Аляксандра Кішчанкі на высотках праспекта Незалежнасці на драбязе эканоміць не будуць. Каб не атрымалася потым сабе ж даражэй.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"