Дзівосы біенале

№ 15 (1402) 13.04.2019 - 20.04.2019 г

Гэтым разам выбар беларускага ўдзельніка біенале ў Венецыі, здавалася б, павінен быў задаволіць усіх. Ніякай нагоды для скандалу! Па-першае, абраны мастак, які заслужыў бездакорную рэпутацыю ў сферы contemporary art — Канстанцін Селіханаў. Па-другое, фінансавыя і тэхнічныя пытанні бадай упершыню ў кароткай гісторыі нашага ўдзелу вырашаюцца складна. Зрэшты, ёсць-такі адна праблемка. Як распавяла куратар праекта Вольга Рыбчынская, памяшканне, у якім размесціцца павільён, нярэдка церпіць ад звыклай для Венецыі “высокай вады”. Але, думаецца, гэтым усе клопаты “абраных” не вычарпаюцца. Недарэмна ж Канстанцін на нядаўняй прэс-канферэнцыі прызнаўся, што з трыма калегамі ён ужо перастаў вітацца. Нешта мне падказвае: гэты лік яшчэ павялічыцца. Не ўмее наш народ радавацца чужому поспеху!

/i/content/pi/cult/740/16065/opt.jpegЯшчэ ў тыя часы, калі ў Венецыю не лёталі лаўкосты, і таму яна здавалася далёкай і прывіднай, гэты горад пачаў успрымацца нашымі масткамі як сапраўдная Мека. Тое, да чаго ўсімі сіламі трэба імкнуцца. Магчымасць прагрымець на ўвесь свет — або, прынамсі, адчуць сябе часткай вялікага арт-працэсу.

Здавалася б, суворыя рэаліі ўжо ўнеслі ў тыя ўяўленні свае карэктывы. Практыка паказала, што ўдзел у Венецыянскай біенале для беларускага аўтара — гэта зусім не шчаслівая пуцёўка ў міжнароднае арт-жыццё. Прыкладам, адзін з папярэдніх удзельнікаў (прычым бадай самы паспяховы), наколькі я чуў, сёння працуе барыстам, а не чытае лекцыі ў Оксфардзе. І яно зразумела: зважаючы на той стан, у якім хранічна знаходзіцца айчынны арт-рынак і сістэма арт-інстытуцый, разлічваць на нешта іншае было б дужа наіўна.

Таму для мастака праект на біенале — гэта ўсяго толькі магчымасць выявіць тое, што ёсць у цябе за душой, у добрым месцы і ў добры час. І магчымасць, трэба адзначыць, сёння неэксклюзіўная. Бо калі раней цікавым задумам было зацесна ў наяўных у Беларусі арт-прасторах, сёння, пасля з’яўлення ўсіх гэтых лофтаў, сітуацыя карэнным чынам змянілася. Не так і часта даводзіцца патрапіць на выставу, якая сапраўды здзіўляе.

Затое, чалавека старонняга здзівіць могуць катэгарычныя выказванні, якія асобныя нашыя творцы дазваляюць сабе ў адрас калег па цэху. Зразумела, ніхто не прызнаецца ў зайздрасці ды асабістых амбіцыях. Наадварот, усім ім за дзяржаву крыўдна. Адшукваюцца і належныя дачэпкі — прыкладам, тая акалічнасць, што склад журы, згодна з умовамі конкурсу, не агалошваецца. Зрэшты, інсайдарам ён вядомы бадай пайменна, прычым гэта людзі і сапраўды паважаныя. І таму закіды ў “закрытасці” і “нетранспарэнтнасці” падаюцца крыху надуманымі.

Але гэта не самае галоўнае, што тут можа дзівіць. Як распавёў на прэс-канферэнцыі дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Сяргей Крыштаповіч (ён жа і старшыня журы адбору), першы конкурс на стварэнне беларускага павільёну сёлета наогул не адбыўся: пададзена было вельмі мала заявак, і ніводная з іх у яблычак не трапляла. Здавалася б, парадокс — зважаючы на вышэйапісанае ажыятажнае стаўленне да біенале арт-супольнасці. Спярша не заяўляюцца, а потым крыўдзяцца.

І ўвогуле — кожны пакрыўджаны мог бы абраць неблагую, на мой погляд, стратэгію. Падаць свой геніяльны праект на конкурс, а калі ён атрымае адлуп ад “некампетэнтнага” журы, рэалізаваць яго на адной са шматлікіх сёння мінскіх пляцовак. А калі агаломшаныя ад канцэнтрацыі мастацкай думкі і энергіі гледачы не будуць ведаць, плакаць ім або скакаць, можна ўехаць у залу на белым кані ды з пафасным смуткам прамовіць: глядзіце, вось што магло б прадстаўляць Беларусь у Венецыі!

Аднак ніхто з прынцыповых крытыкаў чамусьці гэтак не робіць. Няўжо таму, што і праектаў у іх няма?