Папялушка і яе чароўны сон

№ 15 (1402) 13.04.2019 - 20.04.2019 г

Толькі два тыдні таму, як адгрымела ў Музычным тэатры прэм’ера дзіцячага балета, як калектыў заклікае на чарговую прэм’еру. 13 і 14-га красавіка адбудуцца першыя паказы на гледача мюзікла па класічнай казцы “Чароўны сон Папялушкі” на музыку Гяльсят Шайдулавай з вершамі Міхаіла Шаброва.

/i/content/pi/cult/740/16062/7.JPGТворы расійскага кампазітара добра вядомыя прыхільнікам Музычнага тэатра. У бягучым рэпертуары ідуць яе балет “Клеапатра” і дзіцячы мюзікл “Прыгоды Кая і Герды (Снежная каралева)”. Цікава, што рэжысіраваць новы спектакль будзе дачка спадарыні Шайдулавай Настасся Сілаева. Для выпускніцы ГИТИСа мінская Папялушка з’яўляецца дыпломным праектам.

— У нас з мамай гэта не першы творчы тандэм. Я яшчэ спрабую сябе ў якасці кінарэжысёра. Да маёй апошняй карціны музыку напісала таксама яна. Што тычыцца “Чароўнага сна Папялушкі”, то ў Мінску адбудзецца першае сцэнічнае ўвасабленне гэтай музыкі. На падрыхтоўку спектакля нам было адведзена не так шмат часу: першыя рэпетыцыі пачаліся ў снежні. Шчыра кажучы, я хвалявалася, што буду працаваць з такімі прафесіяналамі, як артысты беларускага Музычнага, аднак рэпетыцыі праходзілі ў надзвычай прыязнай атмасферы, — распавяла пра творчую “кухню” спадарыня Сілаева.

Дыплом на “Чароўным сне” абараняе яшчэ адна выпускніца — на гэты раз айчыннай Акадэміі музыкі. Другой рухальнай сілай мюзікла выступіла харэограф-пастаноўшчык Ганна Пажарыцкая, якая заканчвае клас Наталлі Фурман. Мастацкі кіраўнік тэатра Адам Мурзіч прыкмеціў спадарыню Ганну на творчым праекце Музычнага “Залаты россып аперэты” і запрасіў паспрабаваць сябе ў паўнавартаснай пастаноўцы.

— Харэаграфія пабудавана на аснове класічнага танца. Праца была вельмі нялёгкай, але надзвычай цікавай. Некаторыя мае ідэі падхоплівала рэжысёр. Так у феі з’явілася танцуючая світа, якая суправаджае яе на працягу ўсяго дзеяння і падтрымлівае чарадзейства, — дадала спадарыня Пажарыцкая.

Па словах вакальнага кіраўніка Святланы Пятровай, мюзікл у першую чаргу прывабіць сваёй музычнай драматургіяй. Галоўныя партыі будуць выконваць маладыя акцёры Марыя Швядко, Наталля Чабёлка, Яўген Далідовіч, Дзмітрый Маціеўскі. Адам Мурзіч спадзяецца, што новы спектакль стане для тэатра брэндавым.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"