Новыя птушкі маладой анімацыі

№ 15 (1402) 13.04.2019 - 20.04.2019 г

Сяргей Рагатка і Алена Зміцер (на здымку) — імёны для беларускага кіно зусім новыя. Але хочацца верыць, што ў нас будзе нагода іх запомніць. 9 красавіка на кінастудыі “Беларусьфільм” былі падведзеныя вынікі маладзёжнага конкурсу на сцэнарый паўнаметражанага анімацыйнага фільма. Найлепшай сярод 13 канкурсантаў была прызнаная праца Сяргея — прыгодніцка-казачны твор “Песня Сірын” на аснове стражытнаславянскай міфалогіі. Фэнтэзі са змрочным флёрам “Пенаты” Алены Зміцер і камедыйна-драматычная казка “Залаты яблык” Станіслава Сабалеўскага атрымалі заахвочвальныя прызы.

/i/content/pi/cult/740/16058/1.jpg— Сёння наша студыя не толькі працуе з мэтрамі, але імкнецца і прыцягваць моладзь, — падкрэсліў падчас узнагароджання лаўрэатаў конкурсу генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Уладзімір Карачэўскі.

— Я не магла прапусціць такую падзею, паколькі і мне самой калісьці пашчасціла стаць лаўрэатам конкурсу на лепшы сцэнарый маладзёжнага серыяла, — прызналася прысутная на цырымоніі першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Карчэўская. — Праўда, тады ён не быў рэалізаваны. Спадзяюся, што ўсе задумы пераможцаў гэтага конкурсу будуць увасоблены ў жыццё. На моладзь Міністэрства культуры ўскладае вялікую надзею.

У сваёй прамове Уладзімір Карачэўскі пералічыў тыя ініцыятывы, якія сёння ажыццяўляе “Беларусьфільм”, каб даць магчымасць маладому пакаленню сказаць сваё слова. Гэта ўдзел маладых акцёраў (у тым ліку і студэнтаў Акадэміі мастацтваў) у серыяле “Ілюзіі”, запуск альманаха дакументальнага кіно і, урэшце, маладзёжны сцэнарны конкурс, які дазволіў адкрыць новыя імёны.

Варта дадаць, што партнёрам апошняй ініцыятывы разам з Міністэрствам культуры выступіла кампанія “Белдзяржстрах”, якая забяспечыла лаўрэатаў грашовымі прызамі. Лепшых сярод 13 канкурсантаў, што трапілі ў шорт-ліст, выбіралі члены журы, у склад якога ўваходзілі рэжысёры, драматургі, літаратура- і кіназнаўцы, рэдактары…

Вядомы рэжысёр Алена Турава патлумачыла выбар галоўнага прызёра такім чынам:

— Персанажы выдатныя! Яны не растыражаваныя, і ў той жа час цікавыя. Гэта пантэон старажытнаславянскіх багоў. Чаму мы не можам выкарыстоўваць іх гэтаксама, як заходні кінасвет — старажытнагрэчаскіх? Памятаеце анімацыйную карціну пра Геркулеса? Нам варта імкнуцца зрабіць нешта падобнае, але ўжо на сваім матэрыяле.

/i/content/pi/cult/740/16058/2.JPGУ сцэнарыі Сяргея Рагаткі шмат казачных персанажаў, але галоўныя з іх — птушкі светабудовы: Сірын, Гамаюн, Алканост. А таксама там ёсць вядомыя паганскія багі: Пярун, Вялес, Паляндра. Ды яшчэ Купала і Кастрама.

Алена Турава літаральна прапітчынгавала будучы праект, распавёўшы пра магчымае візуальнае ўвасабленне герояў. І часткова раскрыла інтрыгу: гледачы патрапяць у міфічны свет разам з абаяльнымі сучаснікамі — арнітолагамі-пачаткоўцамі Мацвеем і Дзімкам. У аднаго з хлопчыкаў Сірын скрадзе мабільны тэлефон. У творы шмат гумару і нечаканых сюжэтных паваротаў. Усё гэта, на думку рэжысёра, павінна прыцягнуць увагу сучаснай публікі.

Алена Турава невыпадкова запалілася гумарной гісторыяй — яна з’яўляецца рэжысёрам будучай 65-хвіліннай стужкі. А вось мастака-пастаноўшчыка ў “Песні Сірын” пакуль няма. Да таго ж, студыя будзе імкнуцца знайсці партнёраў для здымак гэтага фільма ў бліжэйшым замежжы.

— Завяршаючы працу над мюзіклам “Зоркі сёмага неба”, магу з упэўненасцю сцвярджаць, што паўнаметражны фільм на студыі зрабіць цалкам магчыма, — падзялілася сваімі думкамі наконт патэнцыялу будучага праекта Алена Турава. — Раней мы разбівалі працу па серыях, аднак цяпер стала зразумелым, што правільна запускаць карціну цалкам. Канешне, удзел партнёраў мог бы значна дапамагчы нам у гэтым працэсе.

/i/content/pi/cult/740/16058/3.JPGЛаўрэат конкурсу Сяргей Рагатка падзяліўся сваім пунктам гледжання на вытворчасць будучай карціны:

— Мне падаецца, што можна было б паспрабаваць звязацца з нашымі IT-шнікамі. Няўжо ніхто з іх не робіць выдатную камп’ютарную графіку? Мог бы атрымацца цікавы праект.

Сяргей не выключае і стварэння серыяла на аснове сваёй гісторыі.

— Я ўзяў старажытнаславянскіх міфалагічных істотаў, а колькі яшчэ ёсць менавіта беларускіх! Той жа Жэўжык, Зюзя… Ды пра кожнага можна зрабіць асобную серыю. Тым больш, у нас ёсць цудоўныя этна-гурты — іх музыка выдатна пасавала б да будучых стужак.

Алена Зміцер, узнаўляючы творчы працэс над сваім сцэнарыем, прызналася, што натхнялася анімацыяй Міядзакі і “Боскай камедыяй” Дантэ. Ёй яшчэ трэба адшукаць свайго рэжысёра. Як і аўтару “Залатога яблыка”.

— Вашы працы не застануцца без увагі — яны патрапяць у сцэнарны партфель студыі, — запэўніў моладзь Уладзімір Карачэўскі.

Гэтаксама кіраўнік “Беларусьфільма” дадаў, што акрамя запуску “Песні Сірын”, які чакаецца ўжо напрыканцы гэтага года, у планах студыі сумесны анімацыйны фільм з польскім бокам пад рабочай назвай “Гісторыя пра зубра”. Не перапыняецца работа і над праектамі “Займальная азбука”, “Азбука небяспек”, “Тошка і яго сябры”…

Пра тое, што кінастудыя імкнецца абнавіць рэпертуар, сведчыла і яшчэ адна падзея падчас сустрэчы з журналістамі 9 красавіка. У гэты ж дзень быў дадзены старт здымкам сіткому “Ілюзіі” — тэлевізійнага серыяла пра прадпрымальных маладых тэатралаў. Госці студыі мелі магчымасць пабываць у здымачных павільёнах фільма. А кульмінацыяй візіту на пляцоўку стала сімвалічная цырымонія біцця талеркі з назвай стужкі аб штатыў камеры. Гэты кінематаграфічны рытуал быў даручаны рэжысёру карціны Івану Паўлаву.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"