Яго голас у лёсе краіны

№ 14 (1401) 06.04.2019 - 14.04.2019 г

Ад рэдакцыі. У канцы мінулага года пайшоў з жыцця былы саліст нашага Вялікага тэатра Міхаіл Качаноўскі. Ён не меў высокіх званняў, а праблемы са здароўем вымусілі яго заўчасна завяршыць кар’еру. Многія ягоныя калегі і дагэтуль згадваюць, як добра ён спяваў, як цудоўна ўдаваліся яму характарныя персанажы. Дый пасля опернай сцэны яго неаднаразова запрашалі “ўзмацніць” разнастайныя аматарскія калектывы, асабліва для “паказальных выступленняў”. Пэўны час Міхаіл Пятровіч быў дырэктарам опернай студыі Акадэміі музыкі. Гэты артыкул напісаў не музычны паплечнік ці ўдзячны прыхільнік яго голасу (іх, паверце, хапала), а чалавек, які быў яму адным з самых блізкіх — малодшы з чатырох сыноў. Ва ўспамінах адлюстраваны пераважна іншы бок спевака — той, які звычайна схаваны ад публікі. Якім оперны саліст быў у побыце? Ці праўда, што таленавітым можна быць ва ўсім адразу, уключаючы такую ніву, як шматдзетная сям’я?

/i/content/pi/cult/739/16056/25.JPGНа жаль, я свядома пачаў ставіцца да свайго бацькі як да дзеяча культуры і мастацтва ўжо ў той час, калі ён моцна хварэў. Яго выразны бас нават у простай размове гучаў на ўсю кватэру, але ў маленстве я ўспрымаў тое як дадзенасць: маўляў, бацька — ён і па голасе бацька, адразу чуваць. А калі яму пашчасціла ўдзельнічаць у запісе гімна Рэспублікі Беларусь, гэта стала і часткай нашага патрыятычнага выхавання. Як толькі гімн гучаў па тэлевізары, тата адразу, нават за святочным навагоднім сталом, звяртаў увагу: тут ёсць і мой голас — услухайцеся. Гэта заўжды вымаўлялася з такім гонарам і радасцю, што на ўзроўні падсвядомасці фарміравала ў нас, яго сыноў, слушную думку: лёс краіны складаецца з галасоў кожнага.

З дзяцінства я ведаў, што мой тата гастраляваў па ўсёй Еўропе, багата выступаў у Германіі ды Іспаніі. Пабываў ён і ў Бразіліі. І толькі праз шмат гадоў пасля тых лацінаамерыканскіх гастроляў я пачуў пра жахлівую гісторыю, якая там здарылася: з гатэльнага нумару ў яго скралі пашпарт і ўсе грошы. Скончылася ўсё шчасліва, пазней ён і сам узгадваў той выпадак з гумарам. Але можна толькі ўявіць, які шок ён тады перажыў — а трэба ж было выходзіць на сцэну і як ні ў чым не бывала спяваць!

Завяршыўшы вакальную кар’еру, ён, вядома, быў засмучаны. Вельмі перажываў, хваляваўся. Але заставаўся нашым бацькам — і гэтая “пасада” была для яго не менш значнай, чым оперная сцэна. Ён быў таленавітым ва ўсім. І ў справе бацькоўства — таксама.

У малодшых класах я спрабаваў пісаць вершы. У школе ведалі пра маё захапленне і аднойчы папрасілі скласці верш да ўроку рускай літаратуры. А ў мяне штосьці ніяк не атрымлівалася: сачыняць “на заказ” заўжды цяжэй. І я звярнуўся да таты па дапамогу. Ён сеў насупраць, мы пачалі абмяркоўваць верш. Бацька літаральна сыпаў рыфмамі, яны знаходзіліся на кожную выказаную мной думку! Тлумачыў, што і як можна палепшыць, якія мастацкія прыёмы выкарыстаць. І ўсё з такой лёгкасцю, быццам не патрэбна яму ніякае натхненне, быццам ён усё жыццё толькі і рабіў, што размаўляў вершамі.

А яшчэ бацька добра маляваў. На жаль, я не заспеў той перыяд у яго жыцці, калі ён займаўся гэтым больш шчыльна. Але ў нас захоўваюцца даволі сур’ёзныя карціны — алеем на палотнах. Ягоная сястра Зінаіда распавядала, што ў школе ў яе былі праблемы з маляваннем. А Мішка, як яна ласкава яго называла, дапамагаў ёй з хатнімі заданнямі, каб адзнака атрымалася вышэйшай. Дый калі я сам захапіўся графіці, прыходзіў да яго — і ён падтрымліваў мяне ў гэтым.

Са звычайнымі школьнымі праблемамі — таксама: з чым ні звярнуся, заўжды дапамагаў. Не зважаў на тое, колькі часу ў яго гэта зойме, колькі старонак розных даведнікаў або слоўнікаў яму давядзецца прагартаць. Здаралася, я разумеў, што хутка мне дапамагчы ў яго ўжо не атрымаецца (ну не можа гуманітарый ведаць тую ж фізіку-хімію на ўзроўні спецыялістаў), але ўсё роўна да яго звяртаўся. Бо быў на 100, 200 адсоткаў упэўнены, што пасля ягоных тлумачэнняў усё зразумею і зраблю правільна.

/i/content/pi/cult/739/16056/24.JPGУвогуле, да кніг, прычым самых розных, ад навуковых да мастацкіх — у яго была асаблівая цяга. У свой час многія куплялі розныя выданні “для інтэр’еру”. Падбіралі іх па колеры і памеры — для прыгажосці і “статусу”. А ён збіраў бібліятэку таму, што ўсім гэтым цікавіўся, чытаў і перачытваў. З веласіпедных вандровак па горадзе часам вяртаўся з цэлымі стосамі кніг — новых і пашарпаных. Маці нават злавалася: няма ўжо куды іх падзець, уся кватэра застаўленая, а цэлы свет між тым пераходзіць на “лічбу” і інтэрнэт. Але ён больш давяраў традыцыйным папяровым носьбітам, якія можна памацаць, патрымаць у руках. І калі мы з братамі заседжваліся ўвечары за камп’ютарам, палохаў нас, каб хутчэй адправіць у ложкі, запалкавай скрыначкай, у якой быццам сядзіць вялізны страшэнны павук. Павука мы, зразумела, так ніколі і не ўбачылі, а вось да дысцыпліны — прывучыліся.

Дарэчы, у бібліятэцы бацькі былі не толькі кнігі, але і газетна-часопісныя публікацыі — сапраўдны архіў. Прычым не толькі пра музыку — пра ўсё, што магло яго зацікавіць. А цікавіла яго многае — ад медыцыны і літаратуры да нашых школьных грамат і дзіцячых малюнкаў.

Без справы ён сядзець не мог. Па завяршэнні спеўнай кар’еры браўся за любую работу. Памятаю, працаваў у Лядовым палацы, і мы з братам прыязджалі да яго пакатацца на каньках. Неяк уладкаваўся ахоўнікам на складзе за горадам, і мы ўдваіх праводзілі там выхадныя. Акрамя нас, больш нікога няма — адчуванне, быццам мы адны ва ўсім свеце, у цэлым космасе. Смажылі сасіскі на вогнішчы, размаўлялі, а ўвечары мама забірала мяне дадому.

Увогуле, ён заўсёды браў нас з сабою. У яго было асаблівае імкненне навучыць нас усяму таму, што ўмее сам. Паказваў — а потым мы працягвалі рабіць самі. Так я штогод пад яго пільным кантролем наладжваў веласіпед. Сваякам, сябрам, суседзям — бацька дапамагаў усім. Калі ж раптам даведваўся, што на дапамогу яго чамусьці не паклікалі, мог і пакрыўдзіцца, разнервавацца.

Няма чаго здзіўляцца, што менавіта ён узваліў на сябе грамадскія абавязкі “старэйшага па пад’ездзе”. З разнастайнымі просьбамі, за парадамі да яго працягвалі прыходзіць нават тады, калі ён ужо цяжка хварэў.

Усе пусткі вакол нашай шматпавярхоўкі ён засадзіў дрэўцамі і кустоўем. Бэз, глог, жасмін, абляпіха, вішня, сліва, акацыя, яблынькі-ранеткі, мальвы — ну проста батанічны сад! Літаральна да апошніх дзён, пакуль канчаткова не злёг, высаджваў штосьці новае і рупліва даглядаў: паліваў, падразаў, ваяваў з дворнікамі, якія часцяком імкнуліся скасіць-спілаваць або засыпаць саджанцы соллю ды пяском па самыя вярхі.

Характар у яго быў, як кажуць у такіх выпадках, яшчэ той — дастаткова складаны. Нікому асабліва не давяраў — заўжды правяраў. Ніколі не баяўся сказаць, што думае. І казаў гэта без аніякіх “рэверансаў”, абмовак — наўпрост “у лоб”. Каму ж гэта спадабаецца? Часам і мы на яго дзьмуліся — не без гэтага.

Аднойчы на пытанне, што галоўнае ў жыцці, адзін мудры чалавек адказаў: само жыццё. Напоўніцу сэнс гэтых словаў я ўцяміў тым страшным ранкам, калі пачуў голас маці: “Здаецца, тата памёр”. Брат імгненна ўскочыў з ложка, я ж застаўся ляжаць бы паралізаваны. Бо зразумеў, што ўжо ніяк не змагу дапамагчы. Не змагу запытацца пра нешта самае-самае важнае — а не пра хатнія заданні ў школе. І не змагу сказаць яму, як мы ўсе яго любім…

Аляксандр КАЧАНОЎСКІ,
вучань 11 “В” класа
сярэдняй школы
№ 24 г. Мінска