Арт, “Кантакт” і мы

№ 14 (1401) 06.04.2019 - 14.04.2019 г

Днямі ў Магілёве завяршыўся ХІV Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М.@rt.кантакт”. Спектаклі, годныя называцца на ім “падзеяй”, вылучаны. Што засталося “за дужкамі”? Галоўнае. А менавіта, вектары далейшага развіцця самога фестывалю і тэатра наогул — нацыянальнага і замежнага.

/i/content/pi/cult/739/16055/22.JPGЭтапы сталення

“М.@rt.кантакт” пасталеў. У лепшым сэнсе гэтага слова. Ён стаў мудрэйшым, калі можна гаварыць так пра фестываль. Змяніў падлеткавую “яршыстасць” на імкненне да “дарослай” дасканаласці. Але не страціў пры гэтым ні юначага задору, ні свежасці творчых ідэй. Што ж да арганізацыйнага боку, дык ён заўжды быў на вышыні, з гадамі толькі ўсё больш удасканальваючыся.

Між тым, пачынаўся фестываль усяго з шасці спектакляў. Колькасны рост прывёў да арганізацыйных змен: ва ўмовах “да пяці спектакляў на дзень” арганізатары былі вымушаны адмовіцца ад конкурсу, пакінуўшы хіба штодзённыя абмеркаванні з прафесіяналамі. Як сведчылі выказванні замежных гасцей на выніковым “круглым стале”, гэты крытычны складнік дапамагае не толькі пазбегнуць аднабаковасці ў ацэнках, але і лепей асэнсаваць найбольш перспектыўныя з’явы, нават пры іх нялепшым увасабленні.

Прыкметай сталення фестывалю трэба лічыць і змену яго стаўлення да свайго фармату. З кожным годам прыходзіла ўсё больш устойлівае разуменне таго, што творчая і глядацкая моладзь — як і ўсе мы — вельмі розная. Нельга яе ўспрымаць як нейкі маналіт. Форум узяў курс не на падзел розных узроставых і сацыяльных слаёў, а на іх яднанне, на дасягненне гармоніі паміж традыцыямі і сучаснасцю.

Нават павярхоўнага погляду на сёлетнюю праграму было дастаткова, каб пераканацца, што маладых творцаў усур’ёз цікавяць дарослыя, складаныя тэмы: сталінізму (магілёўскі “Жоўты пясочак”, “Коба” з Каўнаса), маральнага выбару (“Мая сям’я ў маім чамадане” з Ерэвана, “ЦэШо” з Кіева), станаўлення ці, наадварот, разбурэння асобы (“Урод” маскоўскага “Ведагонь-тэатра”, “Чалавек з Падольска” маскоўскага ж Тэатра.doc), пошуку сэнсу жыцця, нацыянальнай і асабістай ідэнтыфікацыі (“За крапівай бераг” з Брэста паводле жыцця і творчасці Сяргея Ясеніна, магілёўскі лялечны “Кандыд, альбо Аптымізм”), паразумення — ад сямейнага (гомельская “Каралева прыгажосці”, “Сібір” расійскага Тэатра (не)нарматыўнай пластыкі) да грамадскага і агульначалавечага (“Старонні” Вялікага тэатра лялек з Санкт-Пецярбурга). А побач з удумлівым паглыбленнем у складанасці жыцця, што патрабуе ад публікі такога ж напружанага роздуму, — прыняцце ці непрыняцце мастацкіх з’яў па прынцыпе “прыкольна!” ці “непрыкольна”.

Але самае важнае ў тым, што сталенне фестывалю зрабілася адлюстраваннем яшчэ і працэсаў умацавання ўласна нацыянальнага тэатра. Сёлета на “М.@rt.кантакце” не паўставала балючага пытання: ну, як там нашы? Бо не толькі сталічныя і магілёўскія спектаклі, але і пастаноўкі з іншых гарадоў прыцягвалі ўвагу і крытыкаў, і публікі.

Што тычыцца апошняй, нельга не адзначыць вялікую працу, зробленую арганізатарамі: падрабязныя анатацыі, інтэрв’ю са стваральнікамі, іншыя інфармацыйна-папулярызатарскія матэрыялы, творчыя сустрэчы. Усё гэта рабілася не за дзень да форуму, а цягам некалькіх месяцаў. І дало свой плён!

/i/content/pi/cult/739/16055/23.JPGКульт мастацтва і маскульт

Для тых, хто трапляе на форум упершыню, адкрыццём бывае сама размаітасць яго праграмы, што ўтрымлівае ледзь не ўсе тэатральныя кірункі сучаснасці. Але гэта здаўна стала адметнасцю фестывалю, які імкнецца наладзіць узаемапаразуменне і “ўнутры” тэатральнай эстэтыкі.

— Вельмі радасна, што прадстаўлены розныя накірункі тэатра: псіхалагічны, тэатр аб’екту, сведкавы, канцэптуальнай рэжысуры, нават спектакль-канцэрт, — лічыць маладая тэатразнаўца Ксенія Дубоўская. — Асабліва прыемна, што была і новая драма. Такая багатая палітра пашырае далягляды фестывалю і адлюстроўвае сучасны стан тэатра ў свеце.

Дадам, што постмадэрнісцкае памкненне да пераасэнсавання трыдыцыйных рэчаў ды ідэя сінтэзу ўсяго і ўся прывялі да парушэння збудаванай у мінулым стагоддзі сцяны паміж высокім акадэмічным мастацтвам і масавай культурай. Сёння гэтыя сферы часта імкнуцца насустрач адна адной, але сутыкненне бывае як стваральным (украінскі музычны праект “ЦэШо”, дзе праз забаўляльнасць уздымаліся сур’ёзныя грамадскія праблемы, а кліпавасць працавала на асацыятыўнае мысленне), так і разбуральным (“Каштанка” з Пскова, дзе цалкам агучаны чэхаўскі тэкст ніяк не стасаваўся з гісторыяй вулічнай спявачкі, якая стала эстраднай зоркай ды вярнулася “ў родны двор”: маўляў, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся).

А кароль не голы!

Пераасэнсаванне ўяўленняў, ведаў і, здавалася б, устойлівага падзелу на “добра” і “дрэнна” было ўласцівае ледзь не кожнаму спектаклю форуму, толькі дзесьці гэта было зроблена цалкам пераканаўча, а дзесьці — не зусім.

Разам сышліся адразу два розныя “Вішнёвыя сады”. Польскі — містычна-настальгічны, дзе сад — не рэальнасць, а сімвал успамінаў пра страчанае. Санкт-Пецярбургскі, у пастаноўцы Льва Эрэнбурга — шмат у чым “фізіялагічны”, дзе ўсе героі — з той ці іншай фізічнай або душэўнай заганай, і дзейнічаюць яны на ўзроўні інстынктаў. “Тарцюф” тэатра “Майстэрня” ў версіі Рыгора Казлова парадаваў маладым, прыгожым, здольным добра музіцыраваць галоўным героем.

Сацыяльнай вастрынёй, памножанай на яркае мастацкае рашэнне, вылучаўся “Голы кароль” Даўгаўпілскага тэатра. Да аднайменнай п’есы Шварца была далучана казка Гаўфа, на першы план выйшла цікавае візуальнае рашэнне, канцэптуальныя і надзвычай стыльныя сцэнічныя строі, багацце пластыкі, дзе фантазіям і знаходкам балетмайстра Ірыны Савельевай няма мяжы. Хапала і ўласна рэжысёрскіх прыдумак. Чароўны гаршчэчак, які ведае, што ў каго варыцца на кухні, паляцеў па зале дронам. Паездка ў карэце і ўмыванне караля ператварыліся ў тэатр ценяў, а паказ высокай моды — у багацце балетных падтрымак. Яны нібы працягвалі эстэтык шматлікіх елізар’еўскіх пастановак, дзе магутную мужчынскую фігуру цэнтральнага героя “абвівае” гнуткая жаночая.

У такім атачэнні выдатных харэаграфічных сцэн, на фоне двух напаўаголеных атлантаў, фігуры якіх сталі адным з візуальных лейтматываў спектакля, змянілася ўспрыманне фіналу вядомай казкі. Да таго ж, рэжысёр (і адначасова дырэктар тэатра) Алег Шапашнікаў сумясціў двух розных каралёў: бацьку Прынцэсы і яе жаніха, які ў Шварца і аказваецца голым, — у адну ролю. Прычым ва ўласным выкананні, што сведчыць пра яго творчую смеласць. У выніку, прынцэса разам з прыдворнымі смяецца над сваім голым бацькам, якога падмануў Свінапас. Але Кароль не ўцякае, а працягвае сваё ганарлівае шэсце. Тым больш, што са сваім атлетычным целаскладам ён выглядае ажыўленай старажытнагрэчаскай статуяй.

Як высветлілася на абмеркаванні, гледачы павінны былі зразумець, што пад прыгажосцю можа хавацца зло. Але ўзнікалі зусім іншыя думкі: што Кароль, падмануты атачэннем і жорстка абсмеяны роднай дачкой, папросту займаецца не сваёй справай. Быць бы яму мадэллю — цаны б яму не было!

Набор прыёмаў і асоба: хто каго?

Спектаклі форуму акрэслілі і наступную тэндэнцыю: рэжысёры сталі больш “давяраць” артыстам. Якім бы мудрагелістым ні было сцэнічнае рашэнне, у ім буйным планам застаюцца акцёры. Крытыкі ў адзін голас вылучалі трупу Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, задзейнічаную адразу ў дзвюх фестывальных працах — у спектаклі гэтага тэатра “Паляванне на сябе” і незалежным праекце “ГэтаМы”. Адзначалі майстэрства Ганны Анчышкінай з Гомеля (“Каралева прыгажосці”), купалаўцаў Віктара Манаева і Паўла Харланчука-Южакова (“Рэвізор”).

У цэнтры дыскусій была рэжысура маладога, але ўжо знакамітага ў Еўропе ўкраінца Стаса Жыркова — тым больш, што ў праграму патрапілі адразу тры яго спектаклі: згаданыя вышэй “Паляванне…”, “ГэтаМы” і “Яна яго кахала” Адэскага музычна-драматычнага тэатра паводле п’есы “С училища” нашага Андрэя Іванова. Побытавую, здавалася б, гісторыю “пэтэвушніцы” і выкладчыка філасофіі Стас не зводзіць да драмы сацыяльнай і духоўнай няроўнасці, а ўздімае да міфалагічнага ўзроўню: у казцы пра Прынцэсу і Рыцара дзяўчына аказваецца Драконам, якога трэба забіць. Увесь антураж спектакля — стол, два крэслы і дзве чорныя сцяны-
панелі з падсвятленнем. Гэтак жа, як у “ГэтаМы”: сем крэслаў і лыжак. А думак — на ўсё жыццё.

Сучасныя рэжысёрскія метады засвоілі сёння многія, калі не ўсе. Але валоданне “тэхналогіяй” — не гарант поспеху. Пры цяперашняй інфармацыйнай насычанасці, калі той ці іншы прыём можа быць падхоплены імгненна, як ніколі ўзрастае роля асобы. А творчая індывідуальнасць выяўляецца не наборам дэталяў, пазычаных ці прыдуманых самастойна, але ў арыгінальнай і добра данесенай думцы.

Сёлета на фестывалі было як ніколі многа “кантактаў” — ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Сумесныя праекты злучалі творцаў розных краін (да раней згаданых дадам “Дванаццатую ноч” Тэлаўскага тэатра ў Грузіі, пастаўленую нашым Міхаілам Лашыцкім). Былі іншагароднія гледачы, замежныя госці, кіраўнікі некалькіх тэатраў нашай краіны. Яны наведвалі не толькі спектаклі, але і іх абмеркаванні, бралі ўдзел у дыскусіях, абменьваліся прапановамі.

Што ні кажыце, асоба любога ўзроўню патрабуе пастаяннага самаўдасканалення. “М.@rt.кантакт” дае для гэтага ўсе магчымасці — і тым рухае нацыянальную культуру да новых даляглядаў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"