Прычаліць у Мінойтах да “Берага”…

№ 14 (1401) 06.04.2019 - 14.04.2019 г

Без камертона музычны інструмент прафесійна не наладзіш. Пагадзіцеся, што камертонам для нацыі з’яўляецца пісьменнік, які не церпіць фальшывых нот ні ў сваіх учынках, ні ў сваіх тэкстах. Народ з такой асобай звярае думкі, раўняецца і дае ёй званне “народны”. Пра гэта я казаў у мінулым аглядзе пошты. Заклікаў чытачоў — у першую чаргу, бібліятэкараў — назваць тых беларускіх літаратараў, якія паўплывалі на іх светапогляд. Першай адгукнулася кіраўнік Бешанковіцкай дзіцячай бібліятэкі Таццяна Курмель. Малайчына, Таццяна Міхайлаўна! І ў вашай кніжнай гаспадарцы ўсё ўзорна, і ў стасунках з нашай газетай таксама.

/i/content/pi/cult/739/16051/17.JPGДык вось, паводле Курмель, прыкладам для яе стаў у першую чаргу Васіль Быкаў. “Ягоная “акопная праўда”, — працягвае яна, — не дае супакоіцца душы, вучыць думаць, разважаць, мець свой пункт гледжання, а не чужы… Драматычная аснова ў Быкава настолькі магутная, што літаральна ўсе экранізацыі яго твораў атрымаліся якаснымі. Прынамсі, літаратура прыхоўвае ўсе рэжысёрскія агрэхі”. І яшчэ раз малайчына, Таццяна Міхайлаўна: вельмі слушна! Спадзяюся, што і іншыя допісы пра нашых літаратурных класікаў будуць гэтакімі ж аргументаванымі.

Наступную падборку навін я назваў бы так, як гэта зрабіла ў сваім допісе метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі Галіна Францкевіч — “Кнігі не маюць вакацый”. Інакш кажучы, гаворка вядзецца пра веснавыя школьныя канікулы ды пра Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі.

Найбольш цікавыя мерапрыемствы, піша Галіна Францкевіч, адбыліся ў Альхоўскай (бібліятэкар Юлія Заруба), Міхалішкаўскай (Вольга Багдановіч), Страчанскай (Ганна Трубіцкая) сельскіх бібліятэках. Пра падзеі ў Астравецкай дзіцячай бібліятэцы распавядае яе супрацоўніца Ганна Кераль. Да прыкладу, для дашкольнікаў ясляў-садка № 3 арганізавана экскурсія. Гасцей вельмі зацікавіла прэзентацыя мультыцэнтра, які працуе ў дзіцячым філіяле абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага.

Пра самага маленькага чытача піша супрацоўнік сельскай бібліятэкі аграгарадка Дастоева Іванаўскага раёна Людміла Каткавец. Гаворка пра шасцігадовага першакласніка Максіма Васільева. Хлапчук ужо цудоўна ведае, якое дачыненне да вёскі мае вялікі Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі.

Пра Тыдзень дзіцячай кнігі піша і метадыст Навагрудскай райбібліятэкі Вольга Жых: “Гарадская дзіцячая бібліятэка правяла сапраўдны бенефіс дзіцячай мастацкай кнігі. Сучасным дзецям такое феерычнае свята вельмі патрэбна!”

Метадыст сектара па рабоце сярод дзяцей Палаца мастацтваў Бабруйска Вольга Паўколас піша, што ў названай вышэй установе праведзена канцэртная праграма, прымеркаваная да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. Выступілі ўзорны харэаграфічны калектыў “Крынічка”, салісткі вакальнай студыі “Крашчэнда” Ганна Сікорская і Ксенія Аляксандрава, салістка падрыхтоўчай групы народнага камернага хору Ульяна Шурына, а таксама салістка Палаца мастацтваў Ірына Аўсяннікава.

Музейны пакой адкрыўся пры Шчучынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Вядучы метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай работы ўстановы Настасся Тарас распавядае, што падзея прымеркаваная да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Паколькі музейны пакой у пэўнай ступені адлюстроўвае эпоху СССР, арганізатары экспазіцыі перакананы: наведвальнікам будзе цікава ўбачыць тое, што натхняла нашых продкаў самаахвярна змагацца за Радзіму. У гэта цяжка паверыць, але тут налічваецца каля пяці тысяч экспанатаў! Ёсць асобны куток, які ўзнаўляе інтэр’ер пакоя 1940 — 1950-х. Унікальныя калекцыі гадзіннікаў, марак, манет. Попельніцы, бюсты правадыра рэвалюцыі, падручнікі па марксізме-ленінізме, узнагароды, памятныя знакі, школьная форма, якую насілі нашы бабулі і дзядулі…

Вербны кірмаш прайшоў у Лідзе. Ля гісторыка-мастацкага музея прадаваліся эксклюзіўныя вырабы майстроў Лідскага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Яшчэ адна інфармацыя з Лідчыны. Народнаму тэатру “Бераг” Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра споўнілася 20 гадоў. У рэпертуары калектыву — каля дзясятка спектакляў, у тым ліку і беларускіх аўтараў. Кіруе “Берагам” Святлана Чайко.

13 красавіка на плошчы Савецкай у Гродне адбудзецца рэгіянальнае свята-кірмаш рамесніцкіх вырабаў “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня”. Сувеніры з лазы, саломы, дрэва, яечнага шкарлупіння, кошыкі, карціны з атласных стужак, тканыя палавікі — кожнаму што-небудзь ды знойдзецца па душы.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"