Шаленства саксафонаў

№ 14 (1401) 06.04.2019 - 14.04.2019 г

Мода на джаз у Беларусі вяртаецца. Таму буйныя падзеі сыплюцца бы з рогу дастатку: “Джазавыя вечары ля Ратушы”, “Джазавыя сезоны” з сусветнымі зоркамі ў Белдзяржфілармоніі, планы з’яўлення новага пафаснага джаз-клуба, пачатак дзейнасці крэатыўнага праекта BlackWhiteJazz з канцэртамі замежных і беларускіх музыкантаў, пастаянныя джазавыя праграмы сіламі рупліўцаў у абласных гарадах, новыя фестывалі… У гэты шэраг пастаўлю і Першы рэспубліканскі сакс-форум, што бліскуча прайшоў у зале Белдзяржфілармоніі ў апошнюю суботу сакавіка.

/i/content/pi/cult/739/16049/15.jpgІніцыятарам і арганізатарам падзеі стаў знакаміты беларускі саксафаніст Павел Аракелян, які ў свой час іграў з групай Apple tea, потым іграў не толькі джаз і займаўся не толькі музыкай. Але джаз — гэта прызванне, і праз пэўны час усё вяртаецца на свае месцы. Павел лічыць, што попыт на такую музыку ёсць, і аматараў джаза ў Беларусі дастаткова — проста да пэўнага часу не было добрых арганізатараў. Што ж тычыцца фестываляў саксафаністаў, дык пасля даволі сціплай “Саксаманіі” ў 2003 годзе ў Мінску нічога падобнага больш не ладзілася. Хаця патрэба даўно наспела.

— На пачатку года чатыры саксафаністы ігралі дабрачынны джэм-сэйшн, — кажа Павел Аракелян. — Каласальнае задавальненне ад сумеснага выступлення падмацавалася адчуваннем, што ў нас з’явіліся музыканты з еўрапейскім мысленнем і настроем, якія лічаць адзін аднога не канкурэнтамі, а калегамі, аднадумцамі і гатовы разам рабіць свята музыкі. А нават гадоў дзесяць таму ў асяроддзі топавых музыкантаў адносіны былі не лепшымі, каб не сказаць болей. І тады я рашыўся. З менэджэрам культурных праектаў Марыяй Луцьянавай, пры дапамозе філармоніі і мецэнатаў мы здолелі правесці Першы сакс-форум. Вынік пераўзышоў нават мае чаканні. Амаль поўная зала захопленай публікі. Абсалютны поспех!

У цэнтры падзеі на гэты раз былі чатыры саксафаністы — сам Аракелян, Аляксандр Краўчук з Гродна, Аляксей Балотнікаў з Гомеля і запрошаны госць з Масквы Сяргей Бавулін, які ўваходзіць у лік лепшых саксафаністаў Расіі. Адметна, што і беларускія саксафаністы — не проста музыканты, але і тыя рупліўцы, якія ў сваіх гарадах ажыўляюць джазавы рух. Яны абодва бліскучыя музыканты, абодва выступалі і вучыліся ў розных краінах, але ў выніку вярнуліся ў свае родныя гарады, не прамяняўшы іх на сталіцу.

Сакс-форум стаўся сапраўдным шоу. Канцэрт пачаўся з паспяховага рэжысёрскага хода, калі наўпрост у сцішанай у чаканні зале раптам загучалі саксафоны, і музыканты рушылі з усіх бакоў да сцэны. Гэта адразу паказала, што не варта чакаць па-філарманічнаму спакойнай дзеі. Першы жа нумар на чатыры саксафоны з кампазіцыяй Соні Ролінса “Тэнаравае шаленства” быў прыняты на ўра, і так прайшоў увесь канцэрт. Сама пабудова праграмы з чатырма саксафонамі — з іх пераклічкамі, з фарматам батлаў, з імправізацыямі і морам жартаў была далёкая ад акадэмізму.

Уласна, адна з задумаў праграмы — каб на сцэне не было самотных саксафаністаў, каб яны ўвесь час узаемадзейнічалі. Сапраўдны фурор у слухачоў, канешне, выклікалі тыя эпізоды, калі чатыры саксафоны гучалі адначасова — гэта моцна і па дэцыбелах, і па эмоцыях, і нават па карцінцы. Чатыры вельмі розныя з выгляду маладыя мужчыны ў бадай экстатычным стане і з такімі экспрэсіўнымі інструментамі! Маскоўскі госць на фоне нашых абаяльных усмешлівых і разняволеных хлопцаў вызначаўся большай акадэмічнасцю, і гэта таксама дадавала фарбаў у канцэртную палітру.

Увогуле, на сцэне былі толькі лепшыя. Бо і акампануючы склад — гэта зоркі нашай музыкі. Па традыцыі джазавых канцэртаў, усе яны мелі магчымасць паказаць сваё майстэрства. Аляксандр Сапега — адзін з самых аўтарытэтных бубначоў у нашай краіне (між іншым, і арганізатар фестывалю “Барабанны біт”). Бас-гітарыстка Людміла Крукоўская — кіраўнік вядомага праекта BlackWhiteJazz, Дзмітрый Хаменка — віртуозны піяніст з вялікім джазавым досведам і шыкоўным прафесійным рэнамэ. Запоўненая зала філармоніі, якая на вялікую частку складалася з даўніх і сапраўдных аматараў джаза, усё ацэньвала належным захопленым чынам — апладысментамі, воклічамі і авацыямі.

Для канцэртнай праграмы былі абраныя вядомыя, але не “заезджаныя”, як кажуць, кампазіцыі. На “біс” прагучаў шлягер Джуліяна Эдэрлі Mercy, Mercy, Mercy — на гэты момант публіка ўжо танчыла! Самі ўдзельнікі канцэрта, падаецца, былі ўзрушаныя не менш. Сяргей Бавулін у Беларусі ўвогуле быў упершыню, і пра свае ўражанні ад усяго казаў толькі словамі з прыстаўкай “супер”. Прычым так ён характарызаваў і музыкантаў.

Аляксей Балотнікаў: “Шалёная энергетыка, эмоцыі зашкальваюць. Пабыць на сцэне ў такой кампаніі — гэта на ўсё жыццё запомніцца!” Аляксандр Краўчук: “Такіх музыкантаў-вар’ятаў, як мы, на свеце мала, але яны ёсць. І я атрымаў надзвычайнае задавальненне, што сёння мы здзейснілі гэта разам з маімі братамі і сястрой, я так гэта адчуваю”.

Цікава адзначыць, што амаль усе артысты гэтага вечара і самі арганізуюць канцэрты і фестывалі, самі спрабуюць знайсці для джаза сцэны і публіку. Як той казаў, “Спасение утопающих…”

Відавочна, што поспех першага сакс-форуму стане падставай для правядзення і другога, і трэцяга... Як кажуць арганізатары, у Беларусі з лёгкасцю можна знайсці не менш за тузін высакакласных саксафаністаў. Так што можна разлічваць, што ў нас на адзін традыцыйны джазавы фестываль стане болей.