Кафка, Бог і Дзівакоў

№ 14 (1401) 06.04.2019 - 14.04.2019 г

За апошні год — два Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр ператварыўся ў калектыў, на прэм’еры якога не толькі ідуць, але і едуць. У яго рэпертуары ўдала міксуюцца камедыі і “кухонныя баявікі”, сучасная беларуская драматургія і адмысловыя прачытанні антычных твораў. А нядаўна афіша тэатра папоўнілася “Павятовым лекарам” Франца Кафкі. На гомельскай сцэне ён загучаў па-беларуску ў перакладзе і драматургічнай інтэрпрэтацыі Ірыны Герасімовіч і Давіда Патоцкага, а адметную сцэнічную форму адно з лепшых (па меркаванні самога Кафкі дык дакладна) апавяданняў пісьменніка набыла дзякуючы рэжысёру Юрыю Дзівакову і мастачцы Таццяне Дзіваковай.

/i/content/pi/cult/739/16047/14.jpgКалі вы ў разгубленасці спыняецеся перад тэкстам “Павятовага лекара”, то спадзявацца на тое, што пасля спектакля Дзівакова гэтае адчуванне знікне, будзе наіўным. Рэжысёру ўвогуле не ўласціва імкненне да адназначнасці і спрашчэння матэрыялу, а “Павятовы лекар”, у якім Юрый як заўжды прапануе сэнсавае, візуальнае і вербальнае багацце, не цураючыся звароту да ўжо выкарыстаных раней прыёмаў, пакуль здаецца адной з самых складаных яго пастановак. У спектаклі разгортваецца цэлы веер вобразаў і асацыяцый: да апавядання Кафкі далучаюцца-падключаюцца іншыя яго тэксты, відэа (відэамастак Яўген Чарняўскі), фрагменты вакальных твораў. І ў выніку ўзнікае сетка сувязяў, прасачыць і дакладна расшыфраваць якія ў той жа ступені цікава, як і складана.

“Павятовага лекара” можна глядзець па-рознаму. Можна проста ўспрымаць дзеянне, атрымліваць асалоду ад эстэтызму, уласцівага сумесным пастаноўкам Дзіваковых — а ён праяўляецца нават у такіх дробных дэталях, як звон крышталёвай жырандолі. Можна выбудоўваць ва ўбачаным сувязі-асацыяцыі і гадаць, ці маюць адносіны рашэнне касцюма Лекара, яго пластыка і ўвядзенне фігур дзвюх фурый, падобных сваім грымам да ўдзельнікаў гурта Kiss, да анімацыйнай стужкі Кодзі Ямамура “Павятовы лекар”. Можна расчытваць спектакль праз прызму біяграфіі Кафкі, бо падказку (ці не?) для гэтага ў адным з інтэрв’ю дае рэжысёр.

Любая з прапанаваных “рамак”, безумоўна, будзе спрашчаць успрыманне — калі не перашкаджаць яму. Але, напрыклад, тэма адносін бацькі і сына, якая прасочваецца ў спектаклі Дзівакова, вельмі добра накладаецца на асобныя факты з біяграфіі Кафкі. Яна ўзнікае ў самым пачатку спектакля, калі гучыць арыя Gelido in Ogni Vena з “Фарнака” Вівальдзі ў выкананні Ружы (Вікторыя Паланцэвіч), падтрымліваецца ўвядзеннем фрагмента кафкаўскага “Ліста да бацькі”, які чытае Лекар (Зміцер Попчанка), вобразамі конюха, бацькі хворага хлопчыка і дэманічных коней — усіх са скажонымі, скрываўленымі тварамі-пысамі.

Дзве фурыі (Валерыя Лагута і Ліза Астрахава), якія быццам ажыўляюць страхі і ўтоеныя жаданні героя, Лекара (ці самога Франца?), аніміруюць гэтых пачварных істот. Багата прадстаўлены ў спектаклі вобразы, звязаныя з сексуальнай сферай — яшчэ адной далікатнай і не менш балючай за стасункі з бацькам тэмай у жыцці Кафкі. Гэта і Ружа ў белай сукенцы і вэлюме, што расцвіце чырвонай плямай, рыфмуючыся з чырванню на нагах дзяўчыны, і рана-“ружа” на баку хворага хлопчыка, і кветкі страчанай цнатлівасці... Знаўцы біяграфіі пісьменніка і прыхільнікі дзядулі Фрэйда — які, дарэчы, з’яўляецца ў іншым гомельскім спектаклі Дзівакова — могуць радасна паціраць далоні.

Аднак і без заглыблення ў жыццё Кафкі ды псіхааналіз спектаклю не бракуе тэматычнай шматпластавасці і красамоўнасці візуальнай часткі. Напрыклад, дастаткова проста ўбачыць, што мужчынскае ў “Павятовым лекары” Дзівакова выступае агрэсіўным, агідным, а жаночае, прадстаўленае ў двуадзіным вобразе Ружы-Сястры і скульптурнай выяве Мадонны (ці не цэнтральным візуальным вобразе), — пакутлівым, ахвярным. І гэтыя супрацьлегласці, мужчынскае і жаночае, нібы злучаюцца ў фінале ў фігуры Лекара як непадзельныя часткі быцця, як жыццё і смерць — тэма, якая таксама выразна гучыць у пастаноўцы. Дый ужо сама сцэнічная прастора, зацягнутая чорным, з выявай Мадонны ў цэнтры — стварае ўражанне таго месца, дзе таямніца жыцця роўная таямніцы смерці. Іх еднасць і колазварот быццам увасабляе аголены Лекар і дзіця, якое ў пакутах пасля пахавання хворага хлопчыка “нараджае” герой Змітра Попчанкі, а потым немаўля хавае пад сукенку і робіцца “цяжарнай” Ружа. Белы ж строй дзяўчыны і вэлюм, апрануты ўжо на Лекара, ператвараюцца з вясельных атрыбутаў у пахавальныя саваны.

Смерць і нараджэнне ў гэтай прасторы (і ў гэтым свеце) — аднолькавыя нагоды для святкавання. Першая, магчыма, нават у большай ступені. Менавіта ў яе гонар гучаць калядны гімн і “Ода да радасці”. У адносінах жа да жыцця — блукання ў белай завеі — можна толькі ўслед за Лекарам выкрыкнуць расчараванае птушынае Betrogen! Betrogen! Жыццё — гэта падман. Асабліва жыццё без веры.

Яе страту, аддаленасць чалавека ад Бога, які памёр у апавяданні Кафкі, бы хворы хлопчык, аддаўшы сваё месца “веры ў лекара”, што бубніць пра беднасць і шчырае выкананне абавязку, хціва прыхопліваючы пры гэтым пад пахі дзвюх свінак — аплату за візіт, у спектаклі Дзівакова можна назіраць літаральна. Зміцер Попчанка ў пэўны момант запавальвае свечкі, але ўсталяваны яны на самым краі авансцэны, а не перад выявай Мадонны, на своеасаблівым алтары-ўзвышэнні, з-пад якога, бы дэманічныя істоты з пекла, з’яўляюцца і куды сыходзяць героі, зліваючыся ў нейкае хтанічнае насланне. І ў гэтым рэлігійным кантэксце вобразы спектакля раскрываюць свае новыя значэнні: сухія кветкі становяцца сімвалам страчанай веры, Gelido in Ogni Vena — плачам Айца па Сыне, які быў аддадзены ім на пакуты, а стасункі бацька-дзіця з біяграфічнага пласту пераходзяць у сакральны. Менавіта
падобнымі момантамі, калі вобразы — здавалася б, такія ясныя — перакручваюцца ці не ў свае супрацьлегласці, і цікавыя спектаклі Дзівакова.

Знаўца творчасці Кафкі і яго біёграф Клод Давід пісаў пра “Павятовага лекара” і некаторыя іншыя апавяданні пісьменніка: “Гэтым тэкстам часта прыпісвалі алегарычнае значэнне… На самой справе, гэта не алегорыі, а тэксты, якія найбольш простым і пазбаўленым вынаходніцтваў чынам гавораць тое, што яны хочуць сказаць. У іх шукаюць таямніцу, але складанасць якраз у адсутнасці таямніцы.” У спектаклі “Павятовы лекар” шмат Кафкі і шмат Дзівакова. Ці ёсць у ім таямніца і ці можна яе разгадаць? Пэўнасці не будзе ніколі. Але ў гэтай неадназначнасці маецца свая прывабнасць. Бо ёсць спектакль Дзівакова, а ёсць спектакль, які на аснове ўбачанага на сцэне складаецца ў галаве гледача. І ў кожнага ён будзе свой.

Кацярына ЯРОМІНА

Фота Дзіны ДАНІЛОВІЧ