Вучыць гуляючы

№ 14 (1401) 06.04.2019 - 14.04.2019 г

Ці пасуюць дарослыя праблемы дзіцячаму тэатру?
Тэатр як аматарская студыя — з’ява досыць распаўсюджаная і папулярная. Існуе процьма калектываў у Дамах культуры, прыватных гурткоў, масава сталі з’яўляцца тэатральныя аддзяленні ў дзіцячых школах мастацтваў. Ідэя выхавання малечы мастацтвам сама па сабе, бясспрэчна, цудоўная. Аднак чым больш аматарскіх спектакляў я гляджу, тым больш у мяне ўзнікае пытанняў. І першае з іх: ці не падмяняюць некаторыя педагогі праз сваё імкненне навучыць “як трэба” дзіцячую шчырасць на штучную “правільнасць”? Здаецца, на шляху да выніку ў некаторых губляецца мэта.

/i/content/pi/cult/739/16044/8.JPGКаб не хадзіць далёка па прыклады, звярнуся да V Мінскага Міжнароднага тэатральнага дзіцячага форуму “Крокі”, які завяршыў сваю працу на мінулым тыдні. Фэст сабраў прадстаўнікоў васьмі краін свету, сярод дзесяці рознамоўных калектываў тры прадстаўлялі Беларусь. За чатыры дні я паглядзела больш за дзясятак спектакляў, акцёрам якіх было ад сямі да 17 гадоў. Пасля кожнага ў пакоі журы вяліся гарачыя абмеркаванні пабачанага. Да таго ж, двойчы ладзіліся сустрэчы з рэжысёрамі і кіраўнікамі калектываў, падчас якіх адмыслоўцы шчыра дзякавалі педагогам за выхаванне дзяцей, аднак не абыходзілі і відавочныя метадалагічныя праблемы.

/i/content/pi/cult/739/16044/9.JPGЯ пакіну па-за гэтым матэрыялам хвалебныя словы, бо кожны з датычных рэжысёраў іх ужо багата пачуў, а ў пацверджанне дасягненняў звёз дадому дыпломы і ганаровыя граматы. Зараз хачу засяродзіцца на праблемах, без разумення і пераадолення якіх немагчыма рабіць крок наперад.

Шкала вымярэння: ёсць ці няма?

Памятаеце ходкую фразу пра тое, што прафесійным акцёрам цяжэй за ўсё выходзіць на сцэну з дзецьмі і жывёламі? І сапраўды,
перайграць іх натуральную арганічнасць амаль немагчыма. Хлопчыкі і дзяўчынкі маюць прыродную шчырасць рэакцый, адпаведную ўзросту пластычнасць, адкрытасць, і вельмі шкада, калі бачыш у спектаклі як гэтыя ўласцівасці ламаюцца ва ўгоду рэжысёрскай задумцы.

Прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Лідзія Манакова не аднойчы задавала пытанне, відавочна жартаўлівае, але здатнае вывесці на сур’ёзныя развагі:

— Часам узнікае сумнеў, ці ў курсе рэжысёр, што ён працуе з дзецьмі. Малыя павінны інтэлектуальна расці, развівацца, аналізаваць. Для мяне — галоўны менавіта выхаваўчы бок. Чаму мы бачым на сцэне, як акцёраў-аматараў ставяць у сітуацыю, дзе яны адчуваюць сябе ненатуральна? Можа не трэба ўскладаць на юныя плечы занадта складаныя задачы? Дзецям неабходна прайсці свой шлях і знайсці сябе, а не паўтараць неўласцівы ім малюнак, які, аднак, прыглянуўся рэжысёру. Кожная рэпетыцыя, у першую чаргу, павінна быць пошукам тых нябачных кнопак, якія ўключаць у выканаўцах арганіку.

Па меркаванні акцёра Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага,
педагога, рэжысёра Аляксандра Вергунова творчасць юных можна вымераць ступенню зацікаўленасці саміх удзельнікаў у тым, што яны паказваюць. Аляксандр Леанідавіч пагаджаўся са старшынёй журы спадарыняй Манаковай:

— На некаторых спектаклях мяне не пакідала адчуванне несупадзення, паталогіі. У мяне, як у гледача, узнікае сур’ёзны дысананс, калі дзіця пачынае са сцэны мяне настаўляць. Раптам на публіку абрынваецца цяжар праблем на разрыў аорты, але незразумела, адкуль узяліся такія эмоцыі, чаму яны зашкальваюць. Дзеці, якія яшчэ не прайшлі пэўныя жыццёвыя этапы, не перакруцілі ў сабе горыч страт і сонечнасць нечаканых радасцяў, не могуць мець эмацыянальных шчупальцаў, той акцёрскай мудрасці, якой патрабуе ад іх рэжысёр.

Спадар Вергуноў выступае за тое, каб педагогі не спяшаліся вучыць, а ў першую чаргу захоплівалі дзяцей гульнёй. Ён ведае пра што гаворыць: сам колькі гадоў працуе з няпростымі дзецьмі — тымі, якія мелі канфлікт з законам ці маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця.

— З першымі асабліва цяжка, бо іх жыццёваму досведу ўласцівы горкі прысмак. Я ўжо не здзіўляюся, калі заданне па маляванні афішы свайго будучага тэатра яны выконваюць адно чорнай фарбай, — распавёў Аляксандр Леанідавіч. — І сваёй задачай бачу “сцерці” з іх той чорны колер з дапамогай тэатральнага мастацтва. Я шчаслівы, калі напрыканцы заняткаў у іх палітры з’яўляюцца цёплыя фарбы. Каб падвесці да ролі, я іду падчас рэпетыцый за іх жаданнямі, а не патрабую: “выйдзі сюды”, “павярніся там”, “скажы гэтак”. Не трэба нагружаць дзяцей як прафесійных акцёраў. Я імкнуся, каб вучань сам да разумення сваёй ролі прыйшоў, каб вочкі загарэліся. Толькі ў такім выпадку ты пачуеш: “А можна я вось так паспрабую?”

Дапушчальна ўзростава

Педагог кафедры тэатральнай творчасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, актрыса тэатра і кіно Алена Акулёнак лічыць, што першае знаёмства з тэатральным мастацтвам павінна засяроджвацца не на асновах акцёрскага майстэрства, а на якаснай літаратуры.

— Малеча ўсмоктвае немаведама што вельмі хутка, таму для мяне вельмі важна, каб у тэатральнай студыі дзеці мелі магчымасць знаёміцца з добрымі тэкстамі. І тут паўстае пытанне пра выбар педагогамі літаратуры для інсцэніроўкі. Яна павінна быць узростава дапушчальнай! Навошта браць вельмі складаны матэрыял і патрабаваць ад маленькіх акцёраў таго яго пераўвасаблення, якое ім не характэрна? На мой погляд, тэатральны педагог павінен карыстацца медыцынскім прынцыпам “не нашкодзь”.

У адказ з боку кіраўнікоў аматарскіх калектываў неаднойчы гучала, што вучні не хочуць працаваць з дзіцячым матэрыялам. Маўляў, у студыю яны прыходзяць, каб выказаць на сцэне моцную эмоцыю, таму ім бліжэй жарсці сур’ёзных кніг, чым просценькія казкі. “Захочуць дзеці граць Шэкспіра — дык што, адмаўляць?” — дакаралі рэжысёры членаў журы.

У галоўнага рэжысёра Вялікага тэатра Беларусі Міхаіла Панджавідзе на такі запыт заўсёды ёсць “музычны” прыклад:

— Прыйдзе да мяне дзевяцігадовы скрыпач з нотамі Паганіні. Я магу яму дазволіць граць. Але я павінен усведамляць, што далей наша вучоба пойдзе па адным з адмоўных сцэнарыяў: дзіця ці руку пераіграе, ці пачне параўноўваць сябе з іншымі выканаўцамі і зразумее, што іграе дрэнна. А калі выйдзе з такім творам на конкурсную сцэну, то яшчэ і псіхалагічную траўму атрымае праз крытыку — і, заўважце, справядлівую!

Таму да выбару матэрыялу трэба ставіцца вельмі акуратна. Гэта не значыць, што дзіцячым калектывам на водкуп застаюцца адны казкі. Нават таго самага Шэкспіра можна апрацаваць так, каб юныя акцёры маглі ўзяць з яго нешта, датычнае іх. У гэтым плане мяне асабліва зачапіў спектакль славацкай тэатральнай студыі ATD “Смутак па Джону Ленану”. Пагадзіцеся, сучасным дзецям лідар групы The Beatles зусім не знаёмы. Аднак рэжысёр Петар Луптоўскі правёў вялікую папярэднюю працу. Ён распавядаў пра музыканта, пра падзеі таго часу, якія паўплывалі на напісанне песень, уключаў музыку.

Спачатку малыя “вяліся” на знаёмыя па тэлерэкламе мелодыі. Пасля загарэліся, пачалі прыносіць педагогу артыкулы з часопісаў і кнігі, шукаць адпаведнае эпосе адзенне, культавыя круглыя акуляры. Яны ўсе разам пісалі гісторыю, якая павінна была ажыццявіцца на сцэне. У выніку атрымаўся сумесна створаны шыкоўны спектакль. Дзеці шчыра распавядалі пра героя, які ім стаў сапраўды блізкім.

Загадчык літаратурна-драматургічнай часткі ТЮГа Жанна Лашкевіч прыгадала спектакль “Звер” па кнізе Уільяма Голдынга “Уладар мух”, які на “Крокі” ў мінулы раз прывозіў маскоўскі тэатр-студыя “Дзверы”:

— Гэта быў свайго роду шок, бо ніхто не чакаў пабачыць нешта падобнае ад дзіцячага тэатра. Я адчувала найвышэйшы градус перажывання публікі. Не верылася, што граюць дзеці — так арганічна выглядалі на сцэне хлопчыкі, якія шчыра ўвасаблялі сваіх равеснікаў, што апынуліся на востраве, так дакладна былі пастаўлены задачы.

Сакрэт поспеху ў многім залежыць ад выбару матэрыялу. Ён можа “трапіць” на выканаўцаў, а можа прыціснуць іх грузам праблем, якія немагчыма ўзняць у пэўным узросце.

/i/content/pi/cult/739/16044/10.JPG— Мяне вельмі здзівіў выбар адным з калектываў аповесці Вольгі Іпатавай “Прадыслава”, — дадае спадарыня Лашкевіч. — Тэкст 1990-х гадоў, які быў своечасовым тады, сёння выглядае надзвычай пафасна. У ім на кожны квадратны сантыметр па некалькі дзясяткаў праблем. Падлеткам трэба разабрацца ў зведзеных у адну кропку тэмах праваслаўя, гендара, радзімы, жанчыны, лёсу і гэтак далей. У выніку выкананне ператвараецца ў схему, тэкст фармалізуецца, а акцёры так імкнуцца даць незразумелую ім эмоцыю, што ў зале міжвольна ўзнікае бар’ер для ўспрымання. Магчыма, варта было б узяць нешта больш блізкае дзецям. Атрымалася ж у сталічнай школы-студыі “Арт-бум” таксама з нацыянальнага матэрыялу — з аповесці Уладзіміра Караткевіча “Вужыная каралева” — зрабіць надзвычай арганічную дзею.

Наперад! Аднак з аглядкай

Паказы форуму выклікалі ў мяне адчуванне, што многіх педагогаў падводзіць ціск шыльды “вучэбная ўстанова”. Магчыма, спрацоўвае неабходнасць растлумачыць бацькам такое няўлоўнае паняцце, як навучанне драматычнаму мастацтву. Міхаіл Панджавідзе на гэтую тэму прыводзіў шыкоўнае параўнанне:

— Як вучаць будучага музыканта? Сістэмна і пераемна. Змалку ён ходзіць у музычную школу, потым ідзе ў каледж ці кансерваторыю. Без штодзённых шматгадзінных заняткаў у дзяцінстве немагчыма стаць прафесіяналам высокага гатунку. Хочаш быць вакалістам? Ізноў доўгія рэпетыцыі і распрацаваная вучэбная стратэгія. З драматычным мастацтвам адбываецца ўсё інакш. На ўступных іспытах у ВНУ шукаюць раскаванага, скаардынаванага чалавека з добрай увагай і памяццю, неблагім маўленнем, прыемным голасам, цікавай знешнасцю, які можа арганічна рабіць тое, што ён робіць у жыцці.

Тады ці патрэбнае папярэдняя тэатральнае навучанне? Безумоўна! Толькі неабходна вызначыцца з мэтай навучання. Адны кіраўнікі аматарскіх студый развіваюць тыя ўласцівасці, што характэрныя для іх выхаванцаў, іншыя імкнуцца зрабіць так, каб было відавочна, што тут сур’ёзна падыходзяць да справы. І што ў выніку?

Напрыклад, у Салігорскай дзіцячай школе мастацтваў на дзяцей другога года навучання была пастаўлена філасофская п’еса “Наперад, кацяня!” Артыстам-пачаткоўцам з цяжкасцю даліся 60 хвілін суцэльных дыялогаў і маналогаў. Ці патрэбна было так ад пачатку ўсё ўскладняць? Сур’ёзнасць падыходу была завязана на самых маштабных на форуме дэкарацыях, якія празмерна загрувашчвалі сцэну, мудрагелістым грыме, які падаваўся залішнім пры натуралістычных — і рознастылёвых — касцюмах, што не дадавалі дзеянню стройнасці і дакладнасці. Мо замест знешніх эфектаў варта больш сканцэнтравацца на дзецях і ісці ад іх магчымасцяў?

А вось латышскія старшакласнікі ў мінімалістычных дэкарацыях за 30 хвілін распавялі пра розныя пакаленні сям’і, што збіраюцца за адным сталом. Дзеці паказвалі тое, што перш за ўсё зразумела і блізка ім, — і таму змаглі зачапіць залу і журы. У выніку менавіта Тэатр Юрмальскай дзяржаўнай гімназіі за спектакль “Час” атрымаў Гран-пры сёлетніх “Крокаў”.

Прафесіяналы ад тэатра прапаноўваюць усё ж адточваць з дзецьмі неабходныя рэфлексы: увагу, ацэнку, рытміку, пластыку, развіваць голас, дакладнае маўленне. Рыхтаваць фізічны складнік, не пераломліваючы натуру малечы. Навучанне акцёрскаму майстэрству спатрэбіцца пазней. З дзецьмі ж у тэатр трэба гуляць!

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"