Звёны ў адным ланцугу

№ 14 (1401) 06.04.2019 - 14.04.2019 г

Рознымі культурнымі і забаўляльнымі праектамі ў духу савецкага рэтра сёння нікога ўжо не здзівіш. І атрымаўшы шыкоўны запрашальнік, стылізаваны пад пасведчанне Цэнтральнага выканкама БССР, я чакаў чагосьці падобнага. Аднак выстава “1919. Беларуская рэспубліка” ў Нацыянальным гістарычным музеі вылучалася найперш не атракцыйнасцю (хаця яе элементы таксама ёсць — куды ж сёння без іх?), а найперш канцэптуальным падыходам. Вельмі важная атрымалася выстава, хай сабе і невялічкая, бо ў цяперашніх плошчах музею надта не разгарнуцца.

/i/content/pi/cult/739/16043/7.JPGМы прызвычаіліся, што поглядаў на падзеі тых часоў раней магло быць два: савецкі і антысавецкі. Зразумела, яны ўтвараюць бінарную апазіцыю. Куратары выставы прапанавалі трэці, беларускі — са сваёй званіцы, з пазіцыі сённяшняга дня. І атрымалася, што з’явы, якія здаваліся антаганістычнымі, цалкам можна спалучыць. Таму і не здзіўляе мірнае суседства ў экспазіцыі БНР і ССРБ — бо яны разглядаюцца як звёны ў ланцугу станаўлення сённяшняй беларускай дзяржаўнасці.

Пагатоў, гэтыя з’явы маюць адны і тыя самыя вытокі: першы стэнд выставы прысвечаны “Нашай ніве”. Ды і агульны займеннік пад імі падведзены. Каток рэпрэсій быў не надта пераборлівы адносна поглядаў сваіх ахвяраў.

Выстава хай і сцісла, але ўсё ж адлюстроўвае кантэкст тых падзей — час, папраўдзе, вар’яцкі. Нібы намякаючы, што ў такіх варунках дараваць дзеячам беларускага руху пэўныя ідэйныя або тактычныя памылкі (хто што лічыць памылкай — гэта ўжо справа іншая) будзе цалкам па-хрысціянску. Тым болей, у цэнтры таго хаосу, нібы пункт раўнавагі — купалаўскія радкі, дзе класік называе Беларусь сваім сэрцам. І гэты вобраз візуалізаваны ў выглядзе інсталяцыі, якая стала цэнтральным аб’ектам выставы.

Капіляры ад таго сэрца вядуць да самых розных з’яваў, якія так ці інакш адстойвалі ідэю незалежнай Беларусі. “За яе ахвяравалі жыццём слуцкія паўстанцы, якія змагаліся з бальшавікамі. Але гэтым жа ідэалам кіраваліся і тыя, хто будаваў Беларускую рэспубліку на савецкай аснове” — гаворыцца ў эксплікацыі.

Відавочная экспазіцыйная ўдача — адлюстраванне тых падзей з дапамогай коміксаў, адмыслова створаных для гэтай выставы мастачкай Кацярынай Арлюк паводле сюжэтаў Аляксандра Зімніцкага і Канстанціна Касяка. Хочацца верыць, гэты праект будзе ўвасоблены не толькі ў сценах музея. І пры публікацыі на паперы ці анлайн да яго абавязкова дапасуюцца папулярнай мовай выкладзеныя каментарыі. Іх, дарэчы, і на выставе бракуе. Таму яе наведваць варта парэкамендаваць з добрым экскурсаводам: іначай не надта абазнаны ў гісторыі той эпохі чалавек можа шмат чаго не зразумець.

Тым болей, тая ж абмежаванасць экспазіцыйнай прасторы, якая стала галоўнай хібай выставы, вымушае распавядаць пра ўсё “галопом по Европам”. Уціснуць размаітыя з’явы тых часоў (ад Першай сусветнай да беларусізацыі, ад індустрыялізацыі да рэпрэсій) у якую сотню квадратных метраў папросту немагчыма. Хочацца верыць, у новай экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага той супярэчлівы перыяд удасца паказаць больш дэталізавана.

Зрэшты, і гэтая выстава пакідае цэласнае ўражанне — менавіта праз свой агульны погляд на тыя падзеі. Будзем спадзявацца, што такі погляд — ураўнаважаны і праўдзівы — стане магістральным і дапаможа пераадолець як замшэлы дагматызм, так і эмацыйныя крайнасці. На жаль, у нас на гэтыя хваробы і дасюль яшчэ шмат хто пакутуе.