Думаць не балюча

№ 13 (1400) 30.03.2019 - 05.04.2019 г

1 красавіка — цудоўная нагода не толькі пажартаваць ды пасмяяцца, але і паразважаць. Пра што? Ды пра гумар, вядома! Куды рушыць сёння наша смехавая культура? І ці не збітыя самі арыенціры далейшага развіцця таго ж тэатральнага мастацтва “ў жартоўны бок”?

Гумар быў, ёсць і будзе. Гэта абсалютная заканамернасць жыцця. Чым далей, тым больш зразумела, што без яго не тое, што не пражыць — без яго немагчыма выжыць. Бо ён — чароўная палачка-выратавалачка. Зменлівая, часам капрызлівая (здаецца, усё зроблена па правілах, а смех, бы той хрэстаматыйна-абсурдысцкі Гадо, так і не з’яўляецца, хаця яго чакаюць). І цалкам рэальная — у адрозненне ад многіх псеўдарэальнасцей жыцця.

Ні для каго не сакрэт, што ўжо больш за два дзесяцігоддзі, як тэатральную публіку пацягнула “на салёненькае”. Саладзенькія “мыла-драмы” таксама карыстаюцца попытам, але іх і на тэлебачанні хапае. А вось слова “камедыя”, вынесенае ў жанравае азначэнне спектакля, прыцягвае ўвагу абсалютна ўсіх, за выключэннем хіба “злосных крытыкаў” — дый тое не заўсёды. Але як наконт творчых вяршынь у гэтай папраўдзе дужа складанай галіне мастацтва?

Паверце, няма нічога горшага, чым сумна пастаўленая камедыя. На дрэннай трагедыі дзесьці падсвядома ты разумееш, што ўсё роўна трэба суперажываць — хай не артыстам, дык іх героям. А дрэнна ўвасобленая камедыя наогул не мае ніякага сэнсу, бо глядач апрыёры ішоў за добрым настроем.

Сапраўды, камедый становіцца ўсё больш — і колькасць не заўсёды пераходзіць у якасць. Але ж ёсць і знаходкі! Пры такой колькасці камічнага пачалі змяняцца яго функцыі. Не, мэта насмяшыць, даць чалавеку магчымасць расслабіцца пасля працоўных будняў, і “культурна адпачыць” — гэта, вядома, застаецца. Не знікла і выкрывальная, сатырычная функцыя. Праўда, вастрыні становіцца менш: каму патрэбны залішнія “разборкі”? Дый хапае той вастрыні і без усялякіх жартаў — на поўным сур’ёзе. Новая функцыя, якая з’явілася ў гумару на сучаснай тэатральнай сцэне, — гэта мяккая, пазбаўленая ўціску падрыхтоўка да роздуму і магчымай трагедыі. Зараз патлумачу, што маецца на ўвазе.

Сутыкненне камічнага з трагічным існавала заўжды. Можна колькі заўгодна цытаваць “Нет повести печальнее на свете…”, але нельга не згадаць і таго, колькі ў “Рамэа і Джульеце” сакавітых сцэн вулічнага тэатра — з гумарам, у тым ліку, ніжэй за пояс. Дый законы кантрасту ніхто не адмяняў — невыпадкова тыя ж героі опер Вердзі часта паміраюць на фоне карнавалу, балю, вяселля, што робіць іх сыход яшчэ больш кранальным ды эмацыйна напружаным. Не знікаюць і такія жанры, як трагікамедыя, дзе смех скрозь слёзы, або фарс, у якім таксама ёсць адценне горычы. Дык што ж новага?

Новае ў тым, што гумар, знешнія праявы лёгкасці і прастаты пачынаюць працаваць на тое, каб прымусіць гледача задумацца. Ствараюць яму гэткую “падушку бяспекі”. Пераконваюць, што “думаць не балюча”. Як гэта адбываецца? Праз добры настрой гледача. Публіку імкнуцца не “пакараць за смех” (маўляў, “чаму смеяцеся? Над сабой смеяцеся!”), а праз шчырую ўсмешку, разняволенасць, нават некаторыя моманты заспакаення прывесці да паглыблення ў праблему, да разумення чагосьці вельмі важнага, значнага. Роздум становіцца вынікам адпачынку.

Метафарычны тэатр патрабуе ад гледача бесперапыннай напружанай працы. Разумны камедыйны складнік — наадварот, настройвае на адпачынак. І давёўшы гледача да такога стану, схіляе не проста да эмацыйнага ўсплёску, калі тая ж трагедыя спазнаецца выключна праз сэрца, а да цвярозага, менавіта інтэлектуальнага асэнсавання ўсяго, што адбываецца.

Такая сувязь задаволенасці і спакою з досведам спазнання, разумовага прарыву, творчага натхнення (а ўсё гэта патрэбна гледачам не менш, чым мастакам) раней ігнаравалася. Наадварот, увесь час мусіравалася супрацьлеглая дактрына: маўляў, усё добрае ўзнікае выключна праз боль, горкія лекі, душэўныя пакуты. А смех можа быць ці з’едліва павучальным, ці так — пустой забаўкай. Так што гумар як прыступка да інтэлектуальнага штурму — гэта тая новая тэндэнцыя ў тэатральным мастацтве, якую трэба ўзрошчваць ды песціць.

Гумар, як і прыгажосць, — вялікая сіла. І гэтак жа здольны выратаваць свет — пры ўмове, што свет таксама выратуе яго ад пошласці, глупства, адсутнасці густу.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"