Пра Дзякавічы — з удзячнасцю

№ 13 (1400) 30.03.2019 - 05.04.2019 г

Вядомыя з тэлевізара твары ў гэты населены пункт не завітваюць. Будзем спадзявацца — пакуль. Але і без залётных зорак першай велічыні яго культура жыве паўнакроўным творча-працоўным жыццём. Ільвіная доля ўвагі тут надаецца менавіта беларускаму — у бібліятэчнай справе, краязнаўстве, абрадах, песнях, танцах. У сферы клопатаў работнікаў культуры — і стары, і малы. Таму і не сумуюць, як я зразумеў, у гэтым аграгарадку людзі. І артыкул мой сённяшні акурат пра тых, хто не дае ім сумаваць.

/i/content/pi/cult/738/16032/18.JPG“Дрэс-код” для бібліятэчных імпрэз

Тутэйшыя сельскія бібліятэка і дом культуры суседнічаюць у адным будынку. І тое, што істотная ўвага тут надаецца краязнаўству, адразу кідаецца ў вочы. Адной так званай сялянскай хаты для Дзякавічаў аказалася недастаткова — іх тут дзве! На першым паверсе размяшчаецца асобны Пакой сялянскага побыту, а на другім, дзе знаходзіцца бібліятэка, адно з памяшканняў аддадзена пад міні-музей, прысвечаны гісторыі вёскі і мясцоваму фальклору. Мала таго — па словах бібліятэкара Алены Чэркас, артэфактаў назапашана столькі, што музейчык гэты плануецца пашырыць!

Алена Міхайлаўна ўлілася ў дзякавiцкую культуру ў 2005 годзе — і адразу трапіла на пасаду дырэктара СДК. Дарэчы, менавіта яна адкрывала той музейны пакой на першым паверсе.

— Ніводнага дня не пашкадавала, што прыйшла ў гэтую галіну, — кажа спадарыня Чэркас. — Да таго часу я працавала ў дзіцячым садку і школе, займалася з дзецьмі народнай творчасцю, ладзіла з імі тыя ж калядкі. Таму многае, чым давялося займацца ў клубе, ужо было мне знаёмым.

Але праца ў Доме культуры — шмат у чым вечаровая. А паколькі Алене Міхайлаўне трэба было гадаваць уласных дзяцей-дашкольнікаў, яна адмовілася ад дырэктарства і заняла вольную вакансію бібліятэкара. Але творчыя сувязі з СДК не абарвала і прымае ўдзел у яго шматлікіх мерапрыемствах.

— І гэта пры тым, што аграгарадок наш пусцее, — канстатуе мая суразмоўца, — бо моладзь з’язджае. За адзін толькі 2016 год яго пакінула 52 жыхары, часам цэлымі сем’ямі. А на сённяшні дзень тут засталося, пэўна, чалавек 360. Усё гэта, вядома, адбіваецца і на бібліятэцы. І вельмі шкада, што маладое пакаленне не хоча чытаць. Шукаем любыя сродкі, каб змяніць гэтую сітуацыю.

Адзiн з іх — стварэнне аматарскага дзіцячага аб’яднання “Фалькларыст”, якое збіраецца два разы на месяц. На першых сустрэчах спадарыня Чэркас адкрывала падлеткам свет літаратуры, перш за ўсё, беларускай, распавядала пра навінкі. Такім чынам і сфарміраваўся “атрад” з 14 навучэнцаў мясцовай школы, якія цяпер удзельнічаюць ва ўсіх iмпрэзах і іншых добрых справах, якія праводзяцца бібліятэкай (для іх існуе і свой “дрэс-код” — нацыянальнае адзенне). Гэта і абрады, і сустрэчы са старажыламі Дзякавічаў. Дарэчы, да тых з іх, каму ўжо цяжка дайсці да бібліятэкі, Алена Міхайлаўна выпраўляецца сама — з торбай, набітай літаратурай.

— Калі ў аграгарадок сёння прыязджаюць унукі і ўнучкі нашых бабуль і дзядуль, яны таксама зазіраюць і ў бібліятэку, — працягвае яе кіраўнік. — Заходзяць у міні-музей, разглядаюць фотаздымкі, гартаюць тэчкі з краязнаўчымі матэрыяламі. А яшчэ становяцца дзейнымі асобамі нашых імпрэзаў!

Бібліятэкар пагаджаецца з тым, што інтэрнэт здолеў шмат у чым замяніць папяровую кнігу. Але душу ён не замяняе, перакананая Алена Чэркас. І такія ўстановы, як тая, што яна ўзначальвае, называе своеасаблівымі храмамі культуры. І вось у гэтую іх асаблівую атмасферу яна і яе паслядоўнікі імкнуцца прывабіць “дзяцей камп’ютараў” — праз тыя ж iмпрэзы. Спадзеючыся, што хтосьці ўсё ж падхопіць гаючы вірус — любоў да кнігі, якую можна памацаць рукамі, адчуць непаўторны пах фарбы. Вынікі ёсць. Скажам, некаторыя падлеткі сур’ёзна пачынаюць цікавіцца гісторыяй роднага краю і наогул Беларусі.

І такая актыўнасць не застаецца незаўважанай тымі, хто беларускасць гэтую нясе па жыцці — нават за мяжой! Неяк Алена Міхайлаўна — вядома, праз Сеціва — наладзіла кантакты з Надзеяй Кудасавай-Запруднік, якая даўно жыве ў Амерыцы. І тая, даведаўшыся пра тое, што бібліятэка надае прыярытэт усяму, што звязана з беларускім словам, прафінансавала набыццё для ўстановы калонак і ноўтбука, падаравала нацыянальны строй.

А іншым падарункам для Дзякавічаў у першы Год малой радзімы сталі кнігі земляка — пісьменніка Уладзіміра Гаўрыловіча, творчая сустрэча з якім адбылася ў бібліятэцы ў мінулым студзені.

Мары спраўджваюцца?

Сельскі дом культуры на розныя творчыя суполкі багаты. Тут і дарослыя гурткі бытавога танца, фальклорны, драматычны, клубы “Каму за 50”, “Новы погляд”, “Веселые ребята”, і дзіцячыя — гурткі танцавальны, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фальклорны, драматычны, клуб “Палешукi”. Аднак ці ёсць каму туды хадзіць?

— Ёсць. Але трэба ўмець працаваць з людзьмі, — адказвае дырэктар СДК Галіна Васіленка. — Калі яны прыйдуць і ім будзе нецікава, больш іх сюды не зацягнеш. Але, як вы самі бачыце, да нас ідуць — і дзеці, і дарослыя. Значыць і аб’яднанні ў нас добрыя.

Жыццё ў Доме культуры цячэ не ад свята да свята. Насычанае яно і ў звычайныя будні, калі ўстанова напаўняецца тымі, хто знаходзіць час даць волю сваім творчым схільнасцям і жаданням. Людзі і проста сюды прыходзяць — правесці час у гульнявым пакоі, паслухаць лекцыі на актуальныя тэмы. Адзначае дырэктар і тое, што шмат мерапрыемстваў ладзіцца сумеснымі намаганнямі СДК, бібліятэкі і школы.

Што тычыцца праславутай залежнасці моладзі ад інтэрнэту, Галіна Васільеўна тут заўважае наступнае:

— Дзеці з задавальненнем бягуць да нас на рэпетыцыі, а потым “сядзяць” у сваім тэлефоне. Адно другому не перашкаджае. Калі з імі рэгулярна займацца, яны не расслабляюцца, цікавасць не спадае. І дыскатэкі для іх стараемся пачынаць крыху раней, каб яны да дзесяці гадзін вечара паспелі натанцавацца.

У Дзякавічах, як і паўсюль, ёсць дзеці актыўныя, адкрытыя да культуры. Яны, сцвярджае спадарыня Васіленка, і з’яўляюцца тымі магнітамі, якія прыцягваюць у СДК сваіх сяброў, менш ахвотных да творчасці. А там, глядзіш, і гэтым спадабаецца. І таленты новыя ў іх прачынаюцца.

У культуры дырэктар СДК — пяць гадоў. Але вопыт камунікацыі з людзьмі ў яе вялікі, яна ведае, як і чым іх можна завабіць.

— Працаваць у культуры — гэта маё, — дзеліцца Галіна Васільеўна. — Я ж па натуры сваёй балбатуха, люблю мець зносіны, нешта прыдумляць. Нават, бывае, ноччу прачнешся і даеш сабе заданне на заўтра — не забыць тое і тое зрабіць.

Асаблівую ўвагу ў Дзякавічах надаюць людзям пажылым. Метад працы просты і эфектыўны. Работнікі Дома культуры бяруць гармонік, апранаюцца ў касцюмы, купляюць што-небудзь да гарбаты — і выпраўляюцца ў адведзіны ў тую хату, жыхарам якой самім у СДК выбрацца праблематычна. І гаспадарам прыемна, і ў работнікаў СДК сэрца весялей грукатаць пачынае. Ездзяць такія “агітбрыгады” і па раёне — з выступамі па вёсках. Тым самым і зарабляючы. Яшчэ адна крыніца заробку — правядзенне дзён нараджэння ў Доме культуры.

— Зала ў вас выдатная, — заўважаю я. — Піяніна б яшчэ на сцэну паставіць...

— Не шкодзіла б, вядома, — пагаджаецца спадарыня Васіленка. — Але хто на ім граць будзе? З транспартам, калі кудысьці трэба выехаць з канцэртам, пытанне вырашаем, апаратура ў нас новая, ноўтбук нядаўна займелі. Праўда, інтэрнэту няма, але ён ёсць у бібліятэцы.

— Пра што марыце?

— Пра тое, каб залы былі поўныя народу. Часам выступаеш у якой-небудзь вёсцы, а гледачоў усяго 20 — 30. Хочацца, каб іх прынамсі ўдвая болей было...

Вышываць няма для каго

Таццяне Макарэвіч сёлета споўніцца 79. У 24 гады яна аўдавела. Гадавала трох дачок, дзве з іх сёння жывуць у Расіі, трэцяя — у Любані. Даіла ў калгасе кароў, даглядала за цялятамі, працавала тэхнічкай у сельсавеце, на цагляным заводзе, а на пенсію сыходзіла з “пасады” рознарабочага...

Любоў да вышыўкі роўняддзю і крыжыкам прышчапілі ёй бабуля з мамай. Выхоўваючы дачок і працуючы, захапленню свайму яна аддавалася хіба познімі вечарамі. Сёе-тое выстаўлялася ў Жыткавічах, нешта бачылі ў Гомелі.

А выйшаўшы ў 55 на пенсію, сышла Таццяна Іванаўна і з “вялікай вышыўкі”. Для каго ёй было гэта рабіць? Родныя раз’ехаліся, і дарыць работы (што раней яна вельмі любіла рабіць) ужо не было каму. Але каб стаць бізнэсвумен ад вышыўкі — спадарыня Макарэвіч і думаць пра гэта ніколі не думала.

Падыскутаваўшы з ёю “на прызбе” пра музычныя густы (ансамбль “Бяседа”, Ярмоленка, Галкін ёй даспадобы, а вось Баскаў — не, бо “пазёрства зашмат, рот да вушэй”), пераходзім да абмеркавання культуры Дзякавічаў.

Каментарый Таццяны МАКАРЭВІЧ:

— Як музыка дзе зайграе, здаецца, што ногі мае самі гатовыя былі б у скокі кінуцца. Ды цяжка ўжо. Але вы не думайце, быццам я тут у сябе ў хаце невылазна сяджу і не ведаю, што ў нашым “клубе” адбываецца. Калі сама чаго не ўбачу ды не пачую, дык зойдуць людзі, раскажуць, што ў ім новага: якія канцэрты прайшлі, якія — наперадзе, як гурткі пажываюць. А калі яны добра працуюць — значыць, і дзеткі марна па вуліцы не боўтаюцца, пры справе яны.
Падабаецца ім — і дзякуй Богу!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"