Мядзведзь і метафізіка

№ 13 (1400) 30.03.2019 - 05.04.2019 г

17 — 18 сакавіка Гродзенскі абласны драматычны тэатр прыязджаў з міні-гастролямі ў сталіцу і паказваў два свае спектаклі на сцэне Драматычнага тэатра Беларускай арміі. А некалькімі днямі раней гродзенцы справілі прэм’еру — “Калі мы, мёртвыя, абуджаемся” паводле аднайменнай п’есы Генрыха Ібсена ў пастаноўцы Саўлюса Варнаса.

/i/content/pi/cult/738/16027/13.JPGАпошняе слова назвы — абуджаемся — успрымалася сапраўдным сімвалам адраджэння тэатра са сваёй славутай гісторыяй. Здавалася б, зусім нядаўна гэты калектыў узрушваў культурную грамадскасць такімі спектаклямі, як “Палёт над гняздом зязюлі” або “Наш гарадок”. Але першы з іх быў пастаўлены ў 2010-м, другі — у 2013-м. Што ж далей? Не, прэм’ер за гэты час адбылося многа! Але ад тэатра, здольнага здзіўляць, заўжды чакаеш нейкага выхаду за межы засвоенай раней тэрыторыі, імкнення ўзняцца на новую прыступку, скарыць недасягальныя вяршыні.

Нарэшце гэта адбылося. Ініцыятыва запрасіць Саўлюса Варнаса сыходзіла ад дырэктара тэатра Ігара Гедзіча: у свой час яго так захапіла “Фрэкен Жулі”, пастаўленая гэтым рэжысёрам у Магілёве, што ён вырашыў рызыкнуць. Што ж да п’есы Ібсена, практычна ў нас невядомай, дык Варнас даўно марыў яе ўвасобіць. І зоркі сышліся.

Прэм’ерны спектакль, як і чакалася, адкрыў для гродзенцаў іншую эстэтыку: замест звыклых размоў на сцэне ўзнікла атмасфернасць, якая апошнім часам так цэніцца ў разнастайных праектах на памежжы розных відаў і жанраў мастацтва. Ды ўсё ж атмасфернасць, уласцівая Варнасу, — іншая. Яна не закалыхвае — абуджае. Бо скарачаючы да мінімуму тэкст, рэжысёр выводзіць на авансцэну думку. У кожнай сваёй пастаноўцы ён выступае свайго роду скульптарам, адсякаючы з літаратурнай ці драматургічнай глыбы кавалкі, каб зрабіць больш выразнай ідэю. І каб тая не заставалася “аголенай”, шчодра апранае яе ў неверагодныя, папраўдзе касмічныя ўбранні, дзе ўсё — таямніца, загадка і здагадка, няўлоўная асацыятыўная падказка.

Славуты скульптар (Аляксандр Шаўкаплясаў) прыязджае з маладой жонкай Маяй (Марыя Бутрымовіч) на адпачынак. Сустракае там сваю былую музу-натуршчыцу Ірэну (Аксана Плікус), якая, так і не стаўшы ягонай каханкай, збегла ад крыўды за непадзеленыя пачуцці. І разумее, што менавіта ў яе застаўся ключык ад яго скарбніцы натхнення.

Меладрама? Рэжысёр дае азначэнне “метафізіка кахання”. І выбудоўвае ўласную драматургію, дзе замест паслядоўнага сюжэтнага разгорту спачатку рассыпае перад намі асобныя кубікі-пазлы, і толькі потым дае падказкі, як скласці з іх агульную карцінку.

Але гэта толькі знешняя шкарлупіна спектакля. Хлопчык з караблікам у бязмоўнай “уверцюры”, ён жа з суцэльнай чарадой шчымліва белых караблікаў у другой дзеі і разам з дзяўчынкай у ціхім “эпілогу” — быццам лейтматыўныя адсылкі то да чэхаўскай паэтыкі з яе прывідамі нязбыўных мрояў, то да ўпэўненай рамантыкі Грына. А размова пра каханне аказваецца насамрэч адбіткам зусім іншага — этымалогіі творчасці з усімі яе радасцямі і пакутамі, ваганнямі-хістаннямі душы мастака.

Тэма суадносін творчасці і жыцця, рэальнасці і яе пераламлення ў фантазіях ды летуценнях, непамернай платы мастака за сваіх “дзяцей”-стварэнняў узнікала ў Варнаса і раней, асабліва ярка — у магілёўскім “Скарыне”. Тут яна яднаецца з яшчэ адной скразной для рэжысёра праблематыкай — унутранай свабоды, самастойнага выбару, душэўных і духоўных памкненняў. Невыпадкова ў фінале аднекуль з каласнікоў падаюць долу ланцугі, сімвалізуючы вызваленне герояў, што прыходзіць разам са смерцю. Але тая асацыюецца з нябёсамі, што не злятаюць на зямлю аблачынкай, а абрыньваюцца снежнай лавінай, быццам замяшанай на жарсці і бязмоўі.

У спектаклях Варнаса не бывае выпадковых дробязяў: кожная цягне за сабой доўгі шлейф сэнсаў, адчуванняў-прадчуванняў. Гэта веласіпедны тандэм скульптара з жонкай як увасабленне механічнасці і руху на месцы. Заўзятая рубка бервяна сякерай як мастацкі аналаг сексуальнай сцэны. “Слёзы” ледзяша, які спачатку даволі пагрозліва назіраў за дзеяннем.

А над усім — кранальны белы Мядзведзь (Мікалай Вілімовіч) у выглядзе — язык не паварочваецца вымавіць! — вялізнай роставай лялькі. Такія персанажы звычайна насяляюць ранішнікі, распаўсюджваюць рэкламу і ў любым з варыянтаў маюць жартоўны, а то і адкрыта парадыйны характар. А тут — поўная супрацьлегласць. Мядзведзь (не плюшавы “мі-мішка”, якіх дораць закаханым, а жывы ўладар Поўначы, дзе жыве вечнасць) становіцца сімвалам духоўнай чысціні, любові, спагады. І не толькі ўтрымлівае ў сабе лепшыя якасці, але і быццам дзеліцца імі з навакольнымі. У яго, нябачнага для герояў, яны шукаюць паразумення, прытулку, заспакаення. Мядзведзь рупліва даглядае за ўсімі, дорыць кветкі, закалыхвае на руках, спачувае. У гэтым гаспадары снежна-ледзянога каралеўства — бяздонне пяшчоты і цяпла. А візуалізаваны паядынак з медзвяжатнікам Ульфкеймам (Аляксандр Калагрыў), калі страшная быццам бы звярына адваёўвае-такі ў паляўнічага футра і прытуляе да сэрца тую шкуру некалі забітай Мядзведзіхі, уносіць у дзеянне элементы прыгодніцкага драйву і меладрамы.

Мастак Таццяна Сакалоўская з самых простых рэчаў стварае сапраўдныя дзівосы. Азораныя тэатральным святлом (а Саўлюс Варнас у гэтай справе не мае сабе роўных, нават калі працуе з састарэлым абсталяваннем), усе дэталі ажываюць і займаюць сваё месца ў агульнай канцэпцыі. Новыя, не рэалізаваныя раней магчымасці расцвітаюць у акцёраў.

Цікава, калі тое “абуджэнне” праробіць шлях ад Гродна да сталіцы? Бо паказаныя ў Мінску гастрольныя спектаклі “На ўсялякага мудраца хапае прастаты” ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Генадзя Мушперта і “Вельмі простая гісторыя” ў версіі Аксаны Машынковай (гэтая актрыса апошнім часам паспяхова рэалізуе сябе не толькі ў рэжысуры, але і ў прыватным выкладанні) — гэта ўсё ж агульны зрэз традыцыйнага тэатральнага працэсу. А хочацца бачыць і гродзенскія зрухі ў пошуках сінтэтычнага тэатра “без межаў”, які прагна шукае адказы на вечныя пытанні — што ёсць каханне і ў чым сутнасць мастацтва.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"