Сваё слова

№ 31 (849) 02.08.2008 - 08.08.2008 г

“…А можна без інтэрв’ю?.. Вось літаральна зараз іду ўжо восьмае даваць… — пачула я ў тэлефоннай трубцы голас Віктара Манаева. — Не люблю ўсе гэтыя юбілейныя размовы. Наўрад ці каму цікава ў каторы раз слухаць “з чаго ўсё пачыналася” і “якая мая любімая страва…” Так мой намер душэўнай размовы з акцёрам застаўся ўсяго намерам. А можа, у гэтым ёсць свая рацыя? Гаварыць добрыя, цёплыя словы пра сябе юбіляру, бадай, не выпадае.

 /i/content/pi/cult/170/1602/Manaeu.jpg

Зрэшты, гледзячы на Віктара Манаева, называць яго юбілярам не паварочваецца язык: звычайна падобнае “найменне” прадугледжвае пэўную знешнюю стрыманасць, ужо прыкметную запаволенасць рухаў і ацэнак, адчуванне ўласнай важнасці і значнасці. У Манаева замест усяго гэтага юбілейнага “набору” — надзвычайная жыццёвая сціпласць. Здаецца, ён не спяшаецца сказаць, выкрыкнуць пагучней “сваё слова” ані ў жыцці, ані на сцэне: той, хто мае вушы, — пачуе. А між тым, словы, сказаныя ўнутрана праўдзіва, шчыра і без залішняга, нікому не патрэбнага павучальніцтва, вельмі часта становяцца не толькі пачутымі, але і лёсавызначальнымі.
Так, сам таго не ведаючы, Віктар Манаеў у свой час вызначыў... мой асабісты лёс.
На пачатку 90-ых гадоў я, правінцыйная дзяўчына, трымаючы ў руках дыплом аб заканчэнні школы, вырашала, куды пайсці вучыцца. Старанна “пераворвала” сталічныя ВНУ, і аднойчы вечарам, у перапынку паміж сваімі захадамі, каб неяк заняць вольны час, амаль выпадкова патрапіла ў Купалаўскі тэатр. Ішлі “Тутэйшыя”, дзе ў ролі Мікіты Зносака на сцэне быў Віктар Манаеў… І ўжо праз няпоўныя тры гадзіны я цвёрда ведала, што жыццё сваё хачу звязаць з тэатрам.
На некалькі гадоў “Тутэйшыя” сталі маім улюбёным спектаклем, і ў першую чаргу — дзякуючы акцёрскай харызме Віктара Манаева. Ён трымаў залу не толькі бліскучым і вывераным знешнім малюнкам ролі.
Непрыхаваная сатырычнасць у абмалёўцы героя надзвычайным чынам спалучалася з ягонай абаяльнасцю, у выніку чаго наша глядацкая іронія ў дачыненні да Зносака паступова афарбоўвалася і ноткамі шчымлівай кранальнай спагады да гэтага наіўнага чалавечка. З надзвычайнай відавочнасцю гэты “задні план” выявіўся для мяне на 10-гадовым юбілеі спектакля: не без здзіўлення адзначыла, наколькі хвалююча і балюча, пры цалкавітым захаванні знешняга малюнка спектакля, з-пад зацёртых палітычных дэкларацый праступіла трагедыя чалавека, які не наважваўся падавацца ў барацьбіты, а проста хацеў спакойна, мірна жыць…
Потым была “Ідылія” В.Дуніна-Марцінкевіча, дзе Манаеў сыграў ролю франкаманістага Яна Губача, які проста-такі купаўся ва ўласнай манернасці і пазёрстве. А сярод іншых роляў акцёра, дарагіх асабіста мне, — Гаральд у спектаклі “Гаральд і Мод”, дзе яго партнёркай была Стэфанія Станюта, — гісторыя пераадольвання маладым чалавекам свайго ўнутранага душэўнага цынізму і нелюбові да навакольнага свету. І зараз разумею, што не толькі гэтыя, але кожны з персанажаў Віктара Манаева, кожная яго роля ці то ў тэатры, ці то ў кіно, — гэта жаданне навучыць людзей любіць навакольны свет і ўсіх тых, хто яго насяляе. Умець шкадаваць, а значыць — прымаць жыццё без прэтэнзіі на “перастварэнне” людзей наноў.
Як падлічыць прафесійную паспяховасць і запатрабаванасць акцёра? Па колькасці сыграных ім роляў ці па колькасці вобразаў, што “запалі” ў душу гледачоў? Сілюся ўзгадаць хоць адну з “прахадных” роляў Манаева і — не магу, бо кожная з яго акцёрскіх работ — стрэл “у дзесятку”. А вось з колькасцю… Сапраўды, Манаеў — адзін з тых акцёраў, чыйго выхаду на сцэну гледачы чакаюць як пэўнай зарукі поспеху спектакля. Ён гэта ведае, і спаўна дорыць гледачам спраўджанне іх чаканняў. У невялічкай ролі Жабрака ў “Сымоне-музыку” ён на працягу дзесяці-пятнаццаці хвілін так “раскручвае” залу, што гледачы забываюцца нават пра галоўнага героя… Скажаце, акцёр цягне коўдру на сябе? Ды не, усяго толькі — дэманструе нам той амаль страчаны сёння ўзровень акцёрскай прафесіі, дзе нязмушанасць, знешняя прастата і зразумеласць сцэнічнага існавання спалучаюцца з глыбінным, амаль біялагічным, адчуваннем энергетыкі спектакля. Дзякуючы чаму мы, гледачы, аказваемся на хвалях гэтай стыхіі і адчуваем, як яны нясуць нас у нязведаным яшчэ кірунку, да новых берагоў…
Адуванчык у “Радавых”, той самы, за ролю якога Віктар Манаеў у свой час атрымаў прэмію Ленінскага камсамола, — хранічна няўдачлівы ў сваёй жыццёвай вяртлявасці Мікіта Зносак — манерна-экзальтаваны Ян Губач з “Ідыліі”— хваткі “філосаф” Жабрак — бесцырымонны і самаўлюбёны прыстаў Кручкоў… Кожны з гэтых персанажаў надзвычай пазнавальны, у іх можна ўбачыць не толькі свайго суседа, але нават і самога сябе. І кожны з ягоных герояў здольны раскрыць беларускі характар нашмат глыбей, чым цэлы гурт сучасных сцэнічных князёў-паноў. Не сумняваюся, што даследаванне эвалюцыі нацыянальнага героя ў ролях Віктара Манаева магло б стаць для кагосьці з маладых тэатразнаўцаў цікавай тэмай для дысертацыі. А яшчэ — глыбокай крыніцай не толькі прафесійных вышукаў, але і жыццёвых назіранняў.
І ўсё ж, пры гэткай сваёй прафесійнай сціпласці і ненавязлівасці, Манаеў у творчасці — надзвычай азартны. Не спяшаючыся ператварацца ў “мэтра”, ён з дзіцячай непасрэднасцю і адчуваннем уласнай, своеасаблівай ненасытнасці бярэцца за самыя розныя тэатральныя праекты. У антрэпрызных спектаклях Мікалая Пінігіна “на Манаева” ходзяць, каб паглядзець “Арт” ды “Як пасварыўся Іван Іванавіч з Іванам Нікіфаравічам” з яго ўдзелам. А яшчэ Віктар Манаеў арганізоўвае літаратурна-паэтычныя праграмы — проста для таго, каб людзі мелі магчымасць паслухаць добрую паэзію, спрычыніцца да высокай літаратуры. Гэта нібыта яго ўнутраная патрэба — адкрыць сваім гледачам, людзям, якія яму вераць, штосьці важнае і надчасовае.
“…Ну што я буду расказваць пра свае ролі — яны ўсе навідавоку. Што хацеў у іх сказаць — тое сказаў. Я вось часцей думаю пра тое, чаго не сыграў: Дзядзьку Ваню, Мармеладава… Так, зараз на сцэне выступаю ўсё больш у камедыйных ролях — выйшаў, пазабавіў народ… А я часам хачу, каб людзі ў зале і паплакалі. Лічу, што гэта добра: слёзы, выкліканыя не агрэсіяй, а болем, суперажываннем да іншага чалавека, няхай гэта ўсяго толькі сцэнічны персанаж, патрэбны — яны ачышчальныя…”

Таццяна КОМАНАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА