“Я без ваганняў змяшчаю яго ў першы шэраг кампазітараў нашай эпохі... Гэта тычыцца не толькі кампазітарскай творчасці, але і ўсіх шматлікіх аспектаў музычнай дзейнасці геніяльнага творцы — скрыпача, дырыжора, піяніста... Сярод тых музыкантаў, якіх я ведаю, Энеску быў найбольш шматгранным, і ў сваіх чынах ён здолеў дасягнуць высокай дасканаласці. Яго чалавечая годнасць, яго сціпласць і маральная сіла выклікала ўва мне захапленне...”
Пабла Казальс
У гэтых словах бліскучага віяланчэліста дадзены дакладны партрэт класіка румынскай музыкі Джорджэ Энеску.
Ён быў адным з самых таленавітых музыкантаў XX стагоддзя. Асобай, неверагодна шматграннай. Валодаў унікальнай памяццю, пра якую хадзілі легенды. Будучы сусветна вядомым скрыпачом і дырыжорам (менавіта ён замяніў Артура Тасканіні на пасадзе кіраўніка сімфанічнага аркестра Нью-Ёрка), ён таксама бліскуча граў на раялі, а часам браў у рукі віяланчэль. Неяк у Парыжы адзін скрыпач угаварыў Энеску акампанаваць яму падчас канцэрта. Той не змог адмовіць і папрасіў вядомага піяніста і свайго блізкага сябра Альфрэда Корта перагортваць яму ноты. На наступны дзень адна парыжская газета з чыста французскім гумарам пракаментавала: “Цікавы канцэрт адбыўся ўчора. Той, хто павінен быў граць на скрыпцы, чамусьці граў на раялі; той, хто павінен быў граць на раялі — перагортваў ноты, а той, хто павінен быў перагортваць ноты — граў на скрыпцы...”
Першая скрыпка
Як скрыпач Энеску быў непараўнальны. Яго імклівы кар’ерны ўзлёт распачаўся ўжо ў сем гадоў, калі хлопчык паступіў у Венскую кансерваторыю па класе скрыпкі! А ў дзевяць — з падачы мясцовай газеты — ён быў названы “румынскім Моцартам”.
Сваё галоўнае музычнае ўражанне Энеску атрымаў у трохгадовым узросце. Яно і вызначыла ўсё яго далейшае жыццё. Першыя гады жыцця будучы кампазітар правёў на поўначы румынскага рэгіёна Малдова — у маленькай вёсачцы Лівень-Вырнаў Баташаньскага павета. І вось, аднойчы хлопчык пачуў ігру народных музыкаў. Ён быў настолькі зачараваны, што на наступны дзень нацягнуў на кавалак дрэва вяроўку (замест струны) і пачаў капіяваць рухі скрыпача. Ужо стаўшы сталым музыкантам, Энеску не раз прызнаваўся, што гэта не ён абраў скрыпку, а яна абрала яго.
Ігра Энеску — гэта сінтэз прыёмаў французскай скрыпічнай школы і традыцый румынскага народнага выканальніцтва, увабраных яшчэ ў дзяцінстве. У выніку атрымаўся непаўторны, арыгінальны стыль. Яго ігра была падобная да ўзрушанай гаворкі, насычанай багатымі эмацыйнымі адценнямі. Характарызуючы яе, знакаміты расійскі музыкант Давід Ойстрах пісаў: “У Энеску-скрыпача была адна важная асаблівасць — гэта выключная выразнасць артыкуляцыі смычка”. Маўленчая дэкламацыйная выразнасць была ўласцівая літаральна кожнай яго ноце.
Энеску быў творцам ва ўсім, нават у тэхніцы ігры. Многія з яго інавацый увайшлі ў сусветную скрыпічную практыку XX стагоддзя.
“Калі радзіма пакутуе…”
Хоць жыццё канцэртнага музыканта прымушала Энеску працяглы час знаходзіцца за межамі радзімы, яго ўклад у развіццё румынскай музычнай культуры дзівіць сваімі маштабамі: адкрыццё ў Бухарэсце пастаяннага опернага тэатра, заснаванне Таварыства румынскіх кампазітараў, стварэнне ў Ясах сімфанічнага аркестра, на базе якога затым паўстала філармонія. Яшчэ ў 1912 годзе ён запачаткаваў штогадовую прэмію для маладых румынскіх кампазітараў, прыцягваючы ўвагу публікі да іх творчасці.
Вядомы і запатрабаваны музыкант, якога ахвотна запрашалі найбуйнейшыя канцэртныя залы свету, ён шматкроць аб’язджаў з выступамі невялікія гарады і мястэчкі Румыніі, несучы іх жыхарам высокае мастацтва.
У гады абедзвюх сусветных войнаў Энеску не выязджаў за межы краіны, кажучы: “Пакуль мая радзіма пакутуе, я не магу з ёй расстацца”. Праз сваё мастацтва ён імкнуўся несці суцяшэнне тым, хто патрапіў у бяду, граючы ў шпіталях, а таксама дапамагаючы артыстам, якія апынуліся ў нястачы.
Чалавек і лёс
Калі Энеску як выканаўцу і дырыжору нязменна аддавалі належную пашану, то яго кампазітарская творчасць заўсёды заставалася ў ценю — што наклала трагічны адбітак на ўсё яго жыццё. Спадчына кампазітара параўнальна невялікая — усяго 33 опусы. У гэтай сферы дзейнасці яго неверагодная памяць згуляла з ім злы жарт — многія сачыненні проста не былі запісаныя і выконваліся выключна па памяці.
Яго кампазітарскі стыль фарміраваўся ў гады навучання ў Парыжскай кансерваторыі пад уплывам такіх вялікіх майстроў, як Габрыэль Фарэ і Жуль Маснэ, у якіх ён меў шчасце вучыцца. Дэбют Энеску-кампазітара адбыўся ў 17-гадовым узросце, калі знакаміты Эдуарда Калон прадырыжаваў яго першы опус — “Румынскую паэму”. Светлае і па-юнацку рамантычнае сачыненне прынесла аўтару велізарны поспех у публікі, добрыя водгукі крытыкаў і калег-музыкантаў.
Ранні перыяд яго творчасці нясе на сабе яркі адбітак рамантызму. У гэты час вядучай лініяй становіцца тэма Радзімы. Карціны сельскага побыту, святочная весялосць з народнымі танцамі, пейзажныя замалёўкі — усё гэта з любоўю і майстэрствам увасоблена ў дзвюх “Румынскіх рапсодыях”, камерна-інструментальнай музыцы, фартэпіянных мініяцюрах.
Адбіткам нацыянальнага ў музыцы для Энеску перш за ўсё быў румынскі фальклор, які ён глыбока ведаў, шмат падарожнічаючы па розных кутках радзімы і вывучаючы народную культуру. Менавіта ў народным музычным мысленні ўгрунтаваныя асноўныя кампаненты стылю Энеску — мелодыка, рытм, асаблівасці ладавага складу, формаўтварэнне. “Яго выдатная творчасць усімі сваімі каранямі сыходзіць у народную музыку”, — гэтыя словы Дзмітрыя Шастаковіча выказваюць сутнасць светапогляду класіка румынскай музыкі.
Цікава, што ў той жа час Энеску нярэдка звяртаўся і да мастацкіх сродкаў выяўлення іншых эпох, уключаючы алюзіі на барочны стыль.
У сталым перыядзе творчасці выразна праяўляюцца ўплывы французскіх імпрэсіяністаў: Клода Дэбюсі, Марыса Равеля, а таксама Эрыка Саці. Характэрная празрыстасць і лёгкасць, тэмбравыя і гарманічная маляўнічасць, іншы тып тэматызму. У той самы час усё больш актыўна выяўляецца новая філасофская праблематыка кампазітарскай творчасці — “чалавек і лёс”.
Гэтай тэме прысвечаны яго Другая і Трэцяя сімфоніі, квартэты, сімфанічная паэма з хорам “Покліч мора”, лебядзіная песня Энеску — “Камерная сімфонія”. Аднак найбольш глыбока і шматгранна яна раскрытая ў яго адзінай оперы “Эдып”, якую кампазітар ствараў на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў і лічыў “справай усяго жыцця”.
У музычным прачытанні Энеску Эдып паўстае адважным і высакародным героем, тыранаборцам. Тут сцвярджаецца ідэя супраціву чалавека злым сілам і яго перамога над лёсам.
* * *
Несумненна, Джорджэ Энеску — гонар румынскай музычнай культуры, чый лёс у мастацтве шчыльна знітаваны з радзімай. У той самы час, значэнне яго творчасці выходзіць далёка за нацыянальныя межы. Таму ідэя ўспомніць класіка румынскай музыкі ўдалечыні ад яго радзімы, у цёплай атмасферы мастацкай галерэі імя таленавітага беларускага мастака паўстала нездарма. Вясна традыцыйна сімвалізуе адраджэнне і натхненне, а Мэрцішор — выдатная нагода акунуцца ў свет хараства, якое не ведае межаў.
Варвара ЦАРУК, лектар-музыказнаўца Беларускай дзяржаўнай філармоніі