Раяль, які выратаваў ад смерці

№ 12 (1399) 23.03.2019 - 30.03.2019 г

Гісторыя гэтага музычнага інструмента не менш дзівосная, чым лёс чалавека. Гутарка пра раяль Пушчыных. Думаю, не толькі ў мяне многае ў Парычах асацыюецца са знакамітым рускім дваранскім родам, пра добрыя справы якога на нашай зямлі я распавёў не так даўно чытачам “К”. Здавалася, у рэвалюцыйнай віхуры часу набыткам Пушчыных было наканавана знікнуць. Але, як выявілася, іх цяга да хараства займела нечаканы працяг. Колішняя парычанка Маргарыта Сяргееўна Мінянкова адпрацавала амаль 50 гадоў музычным педагогам. Атрымала званне заслужанага работніка культуры Беларусі. І ўсё дзякуючы яму — раялю! Па яе словах, гэты інструмент не толькі дапамог ёй ажыццявіць мару, але аднойчы і выратаваў ад смерці.

/i/content/pi/cult/737/16014/23.JPGМне пашчасціла ведаць спадарыню Мінянкову асабіста. Меў магчымасць спытаць пра яе поўную драматычных падзей біяграфію.

— Мая мама Эвяліна Іванаўна, выпускніца Слуцкай гімназіі, валодала пяццю мовамі, — пачала свой расповед суразмоўца. — Яна ўсё жыццё аддала настаўніцкай працы. Самае ранняе ўражанне ад свядомага ўспрымання свету: расхінаюцца дзверы і з’яўляецца ў нас гурт моладзі. Пачырванелыя ад марозу твары. Сярод іх — мама. Неўзабаве пачынаецца рэпетыцыя спектакля, які яна рыхтуе са сваімі вучнямі. На руках мяне песцяць Антык, Юзік, Геля...

На той час Светлагорск быў глухім мястэчкам на беразе Бярэзіны — Шацілкамі. Пасля прыходу савецкай улады пачалася ліквідацыя непісьменнасці. Вучацца і малыя, і сталыя. Школы няма. Заняткі праводзяцца ў хатах жыхароў. Каб пабудаваць школу, Эвяліна Іванаўна ладзіць платныя спектаклі, у якіх удзельнічаюць яе старэйшыя дзеці. Яна ўгаварыла кожнага жыхара зрабіць свой унёсак у гэтую справу — будматэрыяламі ці грашыма...

— Калі мне споўнілася 11 гадоў, мама сказала: “Будзеш вучыцца музыцы”, — працягвае спадарыня Маргарыта. — Бацька, галоўны ветэрынарны ўрач раёна, падтрымаў яе. І трэба ж так здарыцца, што ў наша мястэчка (а жылі мы ўжо ў Парычах, тагачасным райцэнтры) прыехаў настаўнік Уладзімір Аляксандравіч Більдзюкевіч! Невысокага росту, але стройны, падцягнуты, з гусарскімі вусікамі... Пагаворвалі, што да рэвалюцыі ён служыў нейкім земскім начальнікам. Ён літаральна “ўлюбіў” мяне ў Моцарта, Бетховена, Шапэна, Чайкоўскага. З таго часу я, як кажуць, захварэла музыкай.

Але праз тры месяцы настаўнік з’ехаў у Бабруйск. Дзяўчынка ніяк не магла змірыцца з тым, што яе навучанне на гэтым скончылася. Дапамог выпадак. У глушэчы Палесся, у хляве сельскай камуны імя Сталіна, бацька Маргарыты аднойчы заўважыў прадмет, які цьмяна нагадваў раяль. Купіў яго. Калгаснікі здзіўляліся: і навошта спатрэбілася доктару гэтая скрыня?

— Белая клавіятура ўся абадраная, можна было застраміць пальцы, — успамінала Маргарыта Сяргееўна. — Струн, малаточкаў, дэмпфераў няма. Ножак і педаляў — таксама. Толькі корпус і дэка. Калі адкрылі вечка раяля, усярэдзіне на сценцы вялікімі залатымі літарамі красаваўся вытанчаны надпіс: “Пушчыны”. Мне гэта ні пра што не казала, а мама ўвесь час захоплена дзівілася: “Гэта ж прозвішча вядомых дзекабрыстаў!”

Праяснілася ўсё значна пазней. А тады ў хату па запрашэнні бацькоў прыехаў дзядок-наладчык са Слуцка. Тры месяцы ён штосьці ляпіў, майстраваў... З’явіліся струны, і раяль ажыў. Загучалі мелодыі ўсіх папулярных у той час песень. А потым — і “Паланэз Агінскага”. Неўзабаве Маргарыта стала сама пісаць музыку. Менавіта ўласныя практыкаванні выканала падчас першага візіту ў Бабруйскую музычную школу. Ёй параілі абавязкова ехаць вучыцца ў Мінск.

/i/content/pi/cult/737/16014/25.JPGПаступіла нечакана лёгка. А потым быў сон, які прымусіў яе глыбокай ноччу апынуцца на вакзале, каб сяк-так дабрацца цягніком да Бабруйска, а адтуль на грузавой спадарожнай машыне — да Парычаў.

Ці то на бабруйскім, ці то на мінскім вакзале ў яе з кішэні паліто выцягнулі грошы і ўсе дакументы. Дахаты не ішла, а бегла ў трывожным прадчуванні. Сустрэла знаёмага лекара. Погляд яго быў нейкім папераджальным... Ды і маці, звычайна ласкавая, стаяла ля ганка як адчужаная. “Мамачка, я паступіла!” — крыкнула Маргарыта. А ў адказ — гэтак жа адчужана: “Добра...” Ёй здалося, мама нават не зразумела, пра што гутарка. Убегла ў кватэру — і зразумела, што сон быў прарочым. Усё перагорнута. На падлозе адзежа, кнігі, паперы... Здагадалася, што яшчэ некалькі хвілін таму тут прайшоў вобшук. А мама ў нямоглай роспачы ўжо калаціла ў адрыне сякерай па сценах і крычала: “Ён чысты як крышталь, ён ні ў чым не вінаваты!”

— Раніцай наступнага дня, — прыгадвала Маргарыта Сяргееўна, — у школе сабралі ўсіх вучняў, і дырэктар абвясціў: “Мінянкова — жонка ворага народа. Ёй не месца ў школе!” Цішыню падарваў толькі голас майго брата Юры: “Гэта няпраўда! Мой тата не вораг народа!” Маму выклікалі ў райкам партыі, хоць яна была беспартыйная, і прапанавалі неадкладна падаць заяву на скасаванне шлюбу. Сказалі, што калі яна адмовіцца ад таты, то звальняць з працы не будуць. Мама з абуранасцю адпрэчыла гэтую прапанову. Здзівіла мяне тады сяброўка Ларыса, з якой мы сядзелі за адной партай. Яна падышла да мяне не са словамі спагады, а з прапановай аддаць ёй раяль: маўляў, усё адно яго ў вас забяруць. Замест мяне адказала мама: “Сякерай пасяку, але не аддам! Гэта раяль маёй дачкі!”

Сям’і давялося пакінуць Парычы і пераехаць у сяло Пагарэлец Пухавіцкага раёна, што непадалёк ад Мар’інай Горкі. Павезлі з сабой і раяль. Менавіта ў ім на пачатку вайны брат Юра, які стаў партызанскім сувязным, захоўваў сабраныя ў месцах нядаўніх баёў гранаты-“лімонкі” і патроны. У хаце Мінянковых адбылася і нарада народных мсціўцаў.

— Агулам іх было чалавек 30 — 35, — успамінае Маргарыта Сяргееўна. — Папрасілі мяне пайграць на раялі. Загучалі такія просценькія, шчырыя песні: “Раскинулось море широко”, “Синий платочек”... Ніколі не забуду, як мае слухачы выціралі слёзы, разгублена ўсміхаліся. Канцэрт доўжыўся каля дзвюх гадзін.

Але былі і іншыя слухачы. Аднойчы ў вёсцы Пагарэлец раздаліся кулямётныя чэргі. Людзі беглі з крыкам: “Немцы!” Карнікі загадалі ўсім мужчынам з’явіцца да крамы. Там іх замкнулі на замок. Камусьці з афіцэраў здалося падазроным, што маці Маргарыты так добра ведае нямецкую мову: “Можа, яўрэйка ці жонка камісара?” Маргарыта прынесла яе пашпарт. Растлумачыла, што мама настаўніца, а сама яна — былая студэнтка кансерваторыі. Запрасіла нямецкіх афіцэраў паслухаць музыку. Тыя пагадзіліся. Маргарыта іграла вальсы Штраўса, а маці пераконвала немцаў, што прадстаўнікі нацыі, якая дала свету Бетховена, Баха, Гайдна, не павінны забіваць мірных людзей.

Немцы гэтым разам не кранулі жыхароў Пагарэльца. На развітанне афіцэр сказаў: “Вы сцвярджалі, што ў вёсцы няма камуністаў, а вось мы спалілі хату аднаго з іх. У яго выявіліся гранаты. Мы павінны былі і вас расстраляць. Але дзякуючы таму, што слухалі ў вас прыгожую музыку, пакідаем вам жыццё.” Карны атрад сышоў у бок суседняй вёскі Пясчанка. І неўзабаве кулямётныя чэргі данесліся адтуль.

А да Мінянковых усё часцей сталі заходзіць па духоўнае цяпло. З’явіўся з-за лініі фронту ад’ютант партызанскага камбрыга Іванова Саша Кандавураў. Ён вельмі добра спяваў, у яго быў прыгожы моцны тэнар. Неўзабаве хата неяк непрыкметна ператварылася ў шпіталь. Маргарыта з мамай выходжвалі параненых, хворых. Лячылі і музыкай. Ды і сама нядаўняя студэнтка кансерваторыі толькі раялю давярала свае патаемныя думкі і пачуцці. І тады яна іграла, забываючыся на іншых. Іграла для сябе і пра сябе. Успамінала самыя раннія гады дзяцінства. І сваю першую, амаль дзіцячую закаханасць у масквіча Шуру Папова.

Гэтае пачуццё магло б стаць лёсам: усё пачыналася так чыста, шчыра, натхнёна! Але мама пасля арышту бацькі загадала спыніць перапіску, каб не падвяргаць небяспецы сям’ю Паповых. Давялося-такі Маргарыце пад дыктоўку мамы напісаць гэты развітальны ліст. А ў адказ — радаснае прызнанне ў каханні. І якія прароцкія словы 17-гадовага юнака: “Я веру, перакананы, твой тата ні ў чым не вінаваты, а тое, што адбылося,— памылка гісторыі!” І яна атрымлівала па два лісты ў тыдзень, а потым і грошы, ад якіх не змагла адмовіцца. А ён, яе Шура, аказваецца, зарабляў іх сваёй донарскай крывёй... Гучаў пушчынскі раяль і пра гэта.

7 лістапада 1942 года партызаны правялі ў вёсцы Пагарэлец парад і мітынг у гонар 25-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Прыйшлі вяскоўцы і з навакольных вёсак. І гэта ў 20 кіламетрах ад вузлавой станцыі Мар’іна Горка, дзе знаходзіўся буйны фашысцкі гарнізон! Рэха дзёрзкай падзеі пракацілася па ўсім раёне і дапамагло народным мсціўцам папоўніць свае шэрагі.

Але ўжо 10 лістапада пачалася блакада вёскі. Мінянковы ўсёй сям’ёй сышлі ў партызанскі атрад. А калі праз тыдзень вярнуліся, то ўбачылі толькі сляды пажарышчаў. На папялішчы іх хаты штосьці выцягвала з гарачых яшчэ вуглёў суседка. Спрабавала дастаць струны згарэлага раяля — яны спатрэбіліся ёй, каб аплятаць гаршкі.

— Я глядзела на яе і плакала, — распавядала Маргарыта Сяргееўна. — Раяль загінуў. Цяпер вось разумею, што ён выканаў сваё прызначэнне: цешыў сэрцы і душы былых дзекабрыстаў Пушчыных і іх знакамітых сяброў, дапамог мне знайсці прафесійны шлях у музыцы, выратаваў людзей ад смерці сваёй музыкай, натхняў барацьбітоў з фашыстамі, пад жалобны марш Шапэна праводзіў у апошні шлях памерлага ў нашай хаце-шпіталі партызана... А тады ў нас ужо не было іншай хаты, акрамя як у атрадзе.

Маргарыта была сувязной партызан, потым на працягу двух гадоў — медсястрой у “лясным шпіталі”, а Эвяліна Іванаўна — начальнікам медсанслужбы атрада. Брат Юра таксама быў партызанам. Так выконвала свой абавязак перад Радзімай сям’я “ворага народа”. 11 медалёў і ордэн Вялікай Айчыннай вайны нагадвалі Маргарыце Сяргееўне пра яе маладосць.

Скончыўшы кансерваторыю, Мінянкова амаль паўстагоддзя працавала ў Рэспубліканскім музычным каледжы. Яе па праве лічаць стваральніцай своеасаблівай методыкі выкладання сальфеджыа і гармоніі. Сярод яе вучняў — такія знакамітасці, як Дзмітрый Смольскі і Сяргей Картэс, Ігар Лучанок і Эдуард Зарыцкі... Яна была аўтарам некалькіх навучальных дапаможнікаў. Напісала для ўнукаў ды праўнукаў успаміны і разважанні не толькі пра сябе, але і слаўны род Мінянковых,  — як высветлілася, ён належаў да шляхецкага саслоўя. Зрэшты, гэта ўжо па-за межамі абранай мною сёння тэмы.

* * *

На гэтым і можна было б скончыць кранальную гісторыю пра легендарны раяль Пушчыных. Скажу толькі, што па просьбе Маргарыты Сяргееўны я ў свой час перадаў у падарунак нашай школе мастацтваў некалькі яе кніг па музыцы.

На жаль, саму знакамітую выкладчыцу не так даўно адпелі ў Свята-Елісавецінскім манастыры. Але ўпэўнены, што і яна вельмі ўзрадавалася б ідэі надання Светлагорскай школе мастацтваў імені Пушчыных.

25 мая споўніцца 150 гадоў з дня смерці Міхаіла Іванавіча Пушчына — дзекабрыста, ваяра, мецэната. Фундамент пабудаванай ім у Парычах царквы, як сцвярджаюць знаўцы, мог захавацца. Магчыма, і магілы Пушчыных таксама ўдасца адшукаць. Добра было б узнавіць іх не сімвалічна, як цяпер — пазначыўшы памятным камянём — а рэальна.

І помнік Міхаілу Іванавічу ды Марыі Якаўлеўне на плошчы ля Светлагорскай школы мастацтваў абавязкова патрэбны! Думаецца, годнае ўшанаванне памяці гэтых сусветна вядомых людзей.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ