Мне пашчасціла ведаць спадарыню Мінянкову асабіста. Меў магчымасць спытаць пра яе поўную драматычных падзей біяграфію.
— Мая мама Эвяліна Іванаўна, выпускніца Слуцкай гімназіі, валодала пяццю мовамі, — пачала свой расповед суразмоўца. — Яна ўсё жыццё аддала настаўніцкай працы. Самае ранняе ўражанне ад свядомага ўспрымання свету: расхінаюцца дзверы і з’яўляецца ў нас гурт моладзі. Пачырванелыя ад марозу твары. Сярод іх — мама. Неўзабаве пачынаецца рэпетыцыя спектакля, які яна рыхтуе са сваімі вучнямі. На руках мяне песцяць Антык, Юзік, Геля...
На той час Светлагорск быў глухім мястэчкам на беразе Бярэзіны — Шацілкамі. Пасля прыходу савецкай улады пачалася ліквідацыя непісьменнасці. Вучацца і малыя, і сталыя. Школы няма. Заняткі праводзяцца ў хатах жыхароў. Каб пабудаваць школу, Эвяліна Іванаўна ладзіць платныя спектаклі, у якіх удзельнічаюць яе старэйшыя дзеці. Яна ўгаварыла кожнага жыхара зрабіць свой унёсак у гэтую справу — будматэрыяламі ці грашыма...
— Калі мне споўнілася 11 гадоў, мама сказала: “Будзеш вучыцца музыцы”, — працягвае спадарыня Маргарыта. — Бацька, галоўны ветэрынарны ўрач раёна, падтрымаў яе. І трэба ж так здарыцца, што ў наша мястэчка (а жылі мы ўжо ў Парычах, тагачасным райцэнтры) прыехаў настаўнік Уладзімір Аляксандравіч Більдзюкевіч! Невысокага росту, але стройны, падцягнуты, з гусарскімі вусікамі... Пагаворвалі, што да рэвалюцыі ён служыў нейкім земскім начальнікам. Ён літаральна “ўлюбіў” мяне ў Моцарта, Бетховена, Шапэна, Чайкоўскага. З таго часу я, як кажуць, захварэла музыкай.
Але праз тры месяцы настаўнік з’ехаў у Бабруйск. Дзяўчынка ніяк не магла змірыцца з тым, што яе навучанне на гэтым скончылася. Дапамог выпадак. У глушэчы Палесся, у хляве сельскай камуны імя Сталіна, бацька Маргарыты аднойчы заўважыў прадмет, які цьмяна нагадваў раяль. Купіў яго. Калгаснікі здзіўляліся: і навошта спатрэбілася доктару гэтая скрыня?
— Белая клавіятура ўся абадраная, можна было застраміць пальцы, — успамінала Маргарыта Сяргееўна. — Струн, малаточкаў, дэмпфераў няма. Ножак і педаляў — таксама. Толькі корпус і дэка. Калі адкрылі вечка раяля, усярэдзіне на сценцы вялікімі залатымі літарамі красаваўся вытанчаны надпіс: “Пушчыны”. Мне гэта ні пра што не казала, а мама ўвесь час захоплена дзівілася: “Гэта ж прозвішча вядомых дзекабрыстаў!”
Праяснілася ўсё значна пазней. А тады ў хату па запрашэнні бацькоў прыехаў дзядок-наладчык са Слуцка. Тры месяцы ён штосьці ляпіў, майстраваў... З’явіліся струны, і раяль ажыў. Загучалі мелодыі ўсіх папулярных у той час песень. А потым — і “Паланэз Агінскага”. Неўзабаве Маргарыта стала сама пісаць музыку. Менавіта ўласныя практыкаванні выканала падчас першага візіту ў Бабруйскую музычную школу. Ёй параілі абавязкова ехаць вучыцца ў Мінск.
Паступіла нечакана лёгка. А потым быў сон, які прымусіў яе глыбокай ноччу апынуцца на вакзале, каб сяк-так дабрацца цягніком да Бабруйска, а адтуль на грузавой спадарожнай машыне — да Парычаў.
Ці то на бабруйскім, ці то на мінскім вакзале ў яе з кішэні паліто выцягнулі грошы і ўсе дакументы. Дахаты не ішла, а бегла ў трывожным прадчуванні. Сустрэла знаёмага лекара. Погляд яго быў нейкім папераджальным... Ды і маці, звычайна ласкавая, стаяла ля ганка як адчужаная. “Мамачка, я паступіла!” — крыкнула Маргарыта. А ў адказ — гэтак жа адчужана: “Добра...” Ёй здалося, мама нават не зразумела, пра што гутарка. Убегла ў кватэру — і зразумела, што сон быў прарочым. Усё перагорнута. На падлозе адзежа, кнігі, паперы... Здагадалася, што яшчэ некалькі хвілін таму тут прайшоў вобшук. А мама ў нямоглай роспачы ўжо калаціла ў адрыне сякерай па сценах і крычала: “Ён чысты як крышталь, ён ні ў чым не вінаваты!”
— Раніцай наступнага дня, — прыгадвала Маргарыта Сяргееўна, — у школе сабралі ўсіх вучняў, і дырэктар абвясціў: “Мінянкова — жонка ворага народа. Ёй не месца ў школе!” Цішыню падарваў толькі голас майго брата Юры: “Гэта няпраўда! Мой тата не вораг народа!” Маму выклікалі ў райкам партыі, хоць яна была беспартыйная, і прапанавалі неадкладна падаць заяву на скасаванне шлюбу. Сказалі, што калі яна адмовіцца ад таты, то звальняць з працы не будуць. Мама з абуранасцю адпрэчыла гэтую прапанову. Здзівіла мяне тады сяброўка Ларыса, з якой мы сядзелі за адной партай. Яна падышла да мяне не са словамі спагады, а з прапановай аддаць ёй раяль: маўляў, усё адно яго ў вас забяруць. Замест мяне адказала мама: “Сякерай пасяку, але не аддам! Гэта раяль маёй дачкі!”
Сям’і давялося пакінуць Парычы і пераехаць у сяло Пагарэлец Пухавіцкага раёна, што непадалёк ад Мар’інай Горкі. Павезлі з сабой і раяль. Менавіта ў ім на пачатку вайны брат Юра, які стаў партызанскім сувязным, захоўваў сабраныя ў месцах нядаўніх баёў гранаты-“лімонкі” і патроны. У хаце Мінянковых адбылася і нарада народных мсціўцаў.
— Агулам іх было чалавек 30 — 35, — успамінае Маргарыта Сяргееўна. — Папрасілі мяне пайграць на раялі. Загучалі такія просценькія, шчырыя песні: “Раскинулось море широко”, “Синий платочек”... Ніколі не забуду, як мае слухачы выціралі слёзы, разгублена ўсміхаліся. Канцэрт доўжыўся каля дзвюх гадзін.
Але былі і іншыя слухачы. Аднойчы ў вёсцы Пагарэлец раздаліся кулямётныя чэргі. Людзі беглі з крыкам: “Немцы!” Карнікі загадалі ўсім мужчынам з’явіцца да крамы. Там іх замкнулі на замок. Камусьці з афіцэраў здалося падазроным, што маці Маргарыты так добра ведае нямецкую мову: “Можа, яўрэйка ці жонка камісара?” Маргарыта прынесла яе пашпарт. Растлумачыла, што мама настаўніца, а сама яна — былая студэнтка кансерваторыі. Запрасіла нямецкіх афіцэраў паслухаць музыку. Тыя пагадзіліся. Маргарыта іграла вальсы Штраўса, а маці пераконвала немцаў, што прадстаўнікі нацыі, якая дала свету Бетховена, Баха, Гайдна, не павінны забіваць мірных людзей.
Немцы гэтым разам не кранулі жыхароў Пагарэльца. На развітанне афіцэр сказаў: “Вы сцвярджалі, што ў вёсцы няма камуністаў, а вось мы спалілі хату аднаго з іх. У яго выявіліся гранаты. Мы павінны былі і вас расстраляць. Але дзякуючы таму, што слухалі ў вас прыгожую музыку, пакідаем вам жыццё.” Карны атрад сышоў у бок суседняй вёскі Пясчанка. І неўзабаве кулямётныя чэргі данесліся адтуль.
А да Мінянковых усё часцей сталі заходзіць па духоўнае цяпло. З’явіўся з-за лініі фронту ад’ютант партызанскага камбрыга Іванова Саша Кандавураў. Ён вельмі добра спяваў, у яго быў прыгожы моцны тэнар. Неўзабаве хата неяк непрыкметна ператварылася ў шпіталь. Маргарыта з мамай выходжвалі параненых, хворых. Лячылі і музыкай. Ды і сама нядаўняя студэнтка кансерваторыі толькі раялю давярала свае патаемныя думкі і пачуцці. І тады яна іграла, забываючыся на іншых. Іграла для сябе і пра сябе. Успамінала самыя раннія гады дзяцінства. І сваю першую, амаль дзіцячую закаханасць у масквіча Шуру Папова.
Гэтае пачуццё магло б стаць лёсам: усё пачыналася так чыста, шчыра, натхнёна! Але мама пасля арышту бацькі загадала спыніць перапіску, каб не падвяргаць небяспецы сям’ю Паповых. Давялося-такі Маргарыце пад дыктоўку мамы напісаць гэты развітальны ліст. А ў адказ — радаснае прызнанне ў каханні. І якія прароцкія словы 17-гадовага юнака: “Я веру, перакананы, твой тата ні ў чым не вінаваты, а тое, што адбылося,— памылка гісторыі!” І яна атрымлівала па два лісты ў тыдзень, а потым і грошы, ад якіх не змагла адмовіцца. А ён, яе Шура, аказваецца, зарабляў іх сваёй донарскай крывёй... Гучаў пушчынскі раяль і пра гэта.
7 лістапада 1942 года партызаны правялі ў вёсцы Пагарэлец парад і мітынг у гонар 25-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Прыйшлі вяскоўцы і з навакольных вёсак. І гэта ў 20 кіламетрах ад вузлавой станцыі Мар’іна Горка, дзе знаходзіўся буйны фашысцкі гарнізон! Рэха дзёрзкай падзеі пракацілася па ўсім раёне і дапамагло народным мсціўцам папоўніць свае шэрагі.
Але ўжо 10 лістапада пачалася блакада вёскі. Мінянковы ўсёй сям’ёй сышлі ў партызанскі атрад. А калі праз тыдзень вярнуліся, то ўбачылі толькі сляды пажарышчаў. На папялішчы іх хаты штосьці выцягвала з гарачых яшчэ вуглёў суседка. Спрабавала дастаць струны згарэлага раяля — яны спатрэбіліся ёй, каб аплятаць гаршкі.
— Я глядзела на яе і плакала, — распавядала Маргарыта Сяргееўна. — Раяль загінуў. Цяпер вось разумею, што ён выканаў сваё прызначэнне: цешыў сэрцы і душы былых дзекабрыстаў Пушчыных і іх знакамітых сяброў, дапамог мне знайсці прафесійны шлях у музыцы, выратаваў людзей ад смерці сваёй музыкай, натхняў барацьбітоў з фашыстамі, пад жалобны марш Шапэна праводзіў у апошні шлях памерлага ў нашай хаце-шпіталі партызана... А тады ў нас ужо не было іншай хаты, акрамя як у атрадзе.
Маргарыта была сувязной партызан, потым на працягу двух гадоў — медсястрой у “лясным шпіталі”, а Эвяліна Іванаўна — начальнікам медсанслужбы атрада. Брат Юра таксама быў партызанам. Так выконвала свой абавязак перад Радзімай сям’я “ворага народа”. 11 медалёў і ордэн Вялікай Айчыннай вайны нагадвалі Маргарыце Сяргееўне пра яе маладосць.
Скончыўшы кансерваторыю, Мінянкова амаль паўстагоддзя працавала ў Рэспубліканскім музычным каледжы. Яе па праве лічаць стваральніцай своеасаблівай методыкі выкладання сальфеджыа і гармоніі. Сярод яе вучняў — такія знакамітасці, як Дзмітрый Смольскі і Сяргей Картэс, Ігар Лучанок і Эдуард Зарыцкі... Яна была аўтарам некалькіх навучальных дапаможнікаў. Напісала для ўнукаў ды праўнукаў успаміны і разважанні не толькі пра сябе, але і слаўны род Мінянковых, — як высветлілася, ён належаў да шляхецкага саслоўя. Зрэшты, гэта ўжо па-за межамі абранай мною сёння тэмы.
* * *
На гэтым і можна было б скончыць кранальную гісторыю пра легендарны раяль Пушчыных. Скажу толькі, што па просьбе Маргарыты Сяргееўны я ў свой час перадаў у падарунак нашай школе мастацтваў некалькі яе кніг па музыцы.
На жаль, саму знакамітую выкладчыцу не так даўно адпелі ў Свята-Елісавецінскім манастыры. Але ўпэўнены, што і яна вельмі ўзрадавалася б ідэі надання Светлагорскай школе мастацтваў імені Пушчыных.
25 мая споўніцца 150 гадоў з дня смерці Міхаіла Іванавіча Пушчына — дзекабрыста, ваяра, мецэната. Фундамент пабудаванай ім у Парычах царквы, як сцвярджаюць знаўцы, мог захавацца. Магчыма, і магілы Пушчыных таксама ўдасца адшукаць. Добра было б узнавіць іх не сімвалічна, як цяпер — пазначыўшы памятным камянём — а рэальна.
І помнік Міхаілу Іванавічу ды Марыі Якаўлеўне на плошчы ля Светлагорскай школы мастацтваў абавязкова патрэбны! Думаецца, годнае ўшанаванне памяці гэтых сусветна вядомых людзей.
Ізяслаў КАТЛЯРОЎ